Як юныя мастакі малююць гэты свет

09:32 / 10.06.2020

Пералівы фарбаў, гульня адценняў, яркія вобразы і маляўнічыя пейзажы – у Астравецкай дзіцячай школе мастацтваў упершыню прайшоў адкрыты дзіцяча-юнацкі мастацкі конкурс «Намалюй гэты свет!». Выстава конкурсных малюнкаў працуе на першым паверсе ў фае школы.

01.jpg


Аб правядзенні мастацкага конкурсу яго арганізатары аб’явілі яшчэ ў канцы мінулага года. І неўзабаве ў Астравец пачалі прыходзіць работы з розных куткоў краіны: Наваполацка, Брэста, Пухавіч, Ракава, Івянца, Шчучына і іншых рэгіёнаў Беларусі.

– Многія калегі з іншых школ праводзяць конкурсы па вакалу, харэаграфіі, гранні на музычных інструментах, а мы вырашылі звярнуць увагу на мастацтва, – расказала дырэктар школы Марына Арлоўская. – Адгукнуліся многія – гэта можна ўбачыць і па выставе. Аднак, на жаль, пандэмія каронавірусу ўсё ж унесла карэктывы: павінны былі яшчэ паўдзельнічаць юныя мастакі з Польшчы і Літвы. Спадзяёмся, у наступны раз іх малюнкі абавязкова будуць прысутнічаць у нашай зале.

Дзяўчынка пад парасонам, квітнеючыя сады, беларускія спартсмены, вячэрні горад, вясеннія праталіны, хатнія гадаванцы – удзельнікі па-рознаму перадалі на паперы прыгажосць навакольнага свету.

06.jpg


07.jpg

– Мэтай гэтага конкурсу было не толькі вызначэнне лепшых работ, але і магчымасць паказаць нашым вучням, як малююць іншыя дзеці: якую тэхніку і фарбы выкарыстоўваюць, як незвычайна адлюстроўваюць простыя рэчы, – адзначыла настаўнік мастацкага класа Вікторыя Варановіч. – Магчыма, для некага гэта стане стымулам да работы над сабой, а хтосьці знойдзе ва ўбачаным натхненне для ўвасаблення задуманых ідэй.

Дарэчы, у конкурсе ўдзельнічалі не толькі вучні мастацкіх школ, але і агульнаадукацыйных навучальных устаноў і дзіцячых садкоў. Адпаведна было вызначана некалькі ўзроставых катэгорый: 4-6, 7-9, 10-13 і 14-17 гадоў. Усяго на званне лепшых прэтэндавалі 51 малюнкаў. Акрамя астравецкіх настаўнікаў творчасць юных мастакоў ацэньвалі член праўлення абласной арганізацыі Беларускага саюза мастакоў, выкладчык Гродзенскага дзяржаўнага каледжа мастацтва Сяргей Асапрылка і педагог-мастак, кіраўнік студыі «Вясёлка» Эдуард Мацюшонак – журы адзначыла добры ўзровень малюнкаў.

А вось і імёны лепшых аўтараў. У намінацыі «Станкавая кампазіцыя» пераможцамі ў сваіх узроставых катэгорыях сталі Ксенія Шлыковіч і Сафія Ендза з Гудагайскай СШ, Антон Скерла, Аліса Шчучкіна, Вікторыя Радчык, Аляксандра Ярылавец, Яна Алексеявец і Дар’я Парневіч з Астравецкай ДШМ.

02.jpg

Работы Ксеніі Шлыковіч і Сафіі Ендза


03.jpg

Работа Дар’і Парневіч


Дыпломы лаўрэата ІІ ступені атрымалі Ульяна Бятко з Гудагайскай СШ, Анастасія Янкойць і Яна Юркойць з Варнянскага філіяла, а таксама вучні Астравецкай ДШМ Мікіта Васілеўскі, Аляксей Бабіч, Аляксандра Лакомая і Яна Свірыдо.

04.jpg

Работа Аляксея Бабіча


05.jpg

Работа Яны Свірыдо


А Дар’я Барусевіч і Аляксандр Старук з Варнянскага філіяла, Анастасія Ёдзік, Марыя Вагіна і Анастасія Мазейка з Астраўца адзначаны Дыпломамі лаўрэата ІІІ ступені.

Юных мастакоў падрыхтавалі настаўнікі Надзея Шыхаўцова і Юлія Герасім з Гудагайскай СШ, Валянціна Субаткевіч з Варнянскага філіяла і Дзіяна Ендза, Вікторыя Варановіч і Яўгенія Рэкець з Астравецкай ДШМ.

Намінацыя «Дэкаратыўна-пракладная кампазіцыя, дызайн» аказалася не такой шматлікай – тут пераможцай стала толькі вучаніца Варнянскага філіяла Аліна Сцешанова, якая займаецца ў Валянціны Субаткевіч.

Дарэчы, усе жадаючыя могуць прыдачыніцца да чароўнага свету мастацтва – выстава «Намалюй гэты свет» будзе працаваць у фае школы да верасня.



Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

Текст:
Фото: Марина Мацкевич