Бядняк знайшоў скарб. Як ён ім распарадзіўся?
10:17 / 03.06.2020
Разные житейские истории – веселые и грустные, поучительные и «ни о чем» – вы можете присылать нам на обычную (Островец, ул. Энгельса, 2А) или электронную ostrov_red@tut.by почту, воспользовавшись баннером «Предложить новость» на главной странице сайта ostrovets.by в правом нижнем углу или оставив сообщение в группах «Островецкой правды» в социальных сетях.
Ваши истории будут опубликованы на сайте газеты и в социальных сетях, а лучше – напечатаны на страницах «Островецкой правды».
Спачатку прытча.
Ішоў Хрыстос з апосталамі па зямлі. Стаміліся яны і папрасіліся на начлег да багатага чалавека. Той не пусціў запыленых, стомленых падарожнікаў у хату, адправіў іх у халодны сыры падвал. Настаўнік,
заўважыўшы дзірку ў яго сцяне, усю ноч замазваў яе глінай, каб і знаку не было.
На другую ноч у другой вёсцы падарожнікі папрасіліся нанач да бедняка – той прыняў іх, як дарагіх гасцей: накарміў, чым меў, паклаў спаць на сваю пасцель. А ранкам у таго чалавека пала карова – малыя дзеці засталіся без малака.
«Як Ты мог? – накінуліся на Збаўцу вучні, калі яны пакінулі гасцінны дом. – Ты дапамог багатаму і сквапнаму – і не ўратаваў адзіную карміліцу ў сям’і гасціннага бедняка! Дзе ж Твая справядлівасць?»
«Прабачце, што не расказаў вам усё адразу. У сцяне падвала сквапнага багацея быў замураваны гаршчок з залатымі манетамі, пра які ён не ведае, і я замазаў дзірку, каб ён не знайшоў скарб – хай дастанецца
таму, каму гэта больш патрэбна. А ў дом бедняка сёння ноччу прыйшла Смерць, каб забраць гаспадыню. Я ўсю ноч прасіў яе не рабіць гэтага, і яна ўзяла карову».
А цяпер выпадак з жыцця.
Антось у вёсцы слыў дзіваком. Жыў бабылём, пенсію атрымліваў нядрэнную, бо ўсё жыццё працаваў на трактары. Але хадзіў абарванцам: у залатаных штанах, засаленых расцягнутых свэтрах, світках з чужога пляча. У магазіне купляў усё самае таннае і па мінімуму: хлеб, малако, кільку, не ленаваўся пайсці ў суседнюю вёску ў краму, дзе батон быў на пару капеек таннейшы, чым у іх аўталаўцы, і мог чакаць да самага
вечара, пакуль яго прывязуць. На кпіны і жарты аднавяскоўцаў увагі не звяртаў, моўчкі пасміхаўся ў сівы вус.
Зімой, калі мала работы, вясковыя мужыкі любілі збірацца ў Антося – пагуляць у карты, пагаманіць, калі і бутэлечку выпіць: ніхто не бурчыць, што ў хаце папяросы смаляць, у ботах па чыстай падлозе тэпаюць,
глупствам займаюцца замест таго, каб справу якую зрабіць.
Адно было дрэнна ў гэтай хаце: надта ж холадна.
– Чаму ты ніколі печ не паліш? – пыталіся мужыкі ў Антося. – Калі дроў не маеш, то мы будзем прыносіць па абярэмку. Як можна жыць у такой халадэчы?
– Не трэба дроў, – заўсёды адмаўляўся ад дапамогі сусед. – Мне не холадна, я прывычны. А печку гэтую нельга паліць, яна няспраўная, пажар можа стацца.
Мужыкі паціскалі плячыма: нам што, табе тут жыць, мы пару гадзін неяк ператрываем.
Так і пражыў Антось усё жыццё: не сагрэўся, не пад’еў у смак, не знасіў адзежыны ў радасць… І памёр раптам, нікому рук не заваліўшы.
Хаваў яго пляменнік – іншай радні ў бабыля не было. Грошай у нябожчыка не знайшлі, хоць і падазравалі, што недзе яны павінны быць – некуды ж дзяваў ён свае колішнія немалыя зарплаты і пенсію. Але пляменнік, хоць і жыў небагата, пяцёра дзяцей гадаваў, не паскупіўся, хораша пахаваў дзядзьку: касцюм новы купіў, труну прыгожую, памінкі справіў – усё як мае быць.
– Дзядзька пры жыцці ва ўсім сабе адмаўляў – хай хоць на той свет, як чалавек, пойдзе, – так патлумачыў ён сваё, як многія палічылі, марнатраўства.
Лядашчая хаціна, у якой жыў Антось, пасля яго смерці таксама дасталася пляменніку. Толку з гэтай спадчыны было мала, жыць там не было як. Адзінае, на што рашыўся пляменнік – разабраць печ, каб са старой цэглы скласці печку ў новай хаце, якую пачаў будаваць для сваёй вялікай сям’і.
Сталі разбіраць – і знайшлі дзядзькаву хованку! А там… Столькі грошай не тое што пляменнік – ніхто ў вёсцы ў вочы не бачыў! Антось усё, што зарабляў, складваў. Каму, навошта, як збіраўся распарадзіцца
грашыма – таго ніхто не ведаў, ды ўжо і не даведаецца.
Пляменнік доўга не мог паверыць, што гэты скарб – ягоны. Але вяскоўцы пераканалі, што раз дзядзька хату завяшчаў пляменніку, то ўсё, што ў ёй, – таксама яго.
З раптам прываліўшага багацця мужчына пабудаваў дзве хаты – сабе і маці, якая даводзілася сястрой «падпольнаму» мільянеру. Паставіў на яго магіле прыгожы помнік. І заказаў за спачын яго душы імшу на цэлы год – палічыў, што толькі так ён можа аддзячыць за нечаканую дапамогу.
…«Назад кінеш – наперадзе знойдзеш», – казалі некалі мудрыя людзі. І што кінеш – тое і знойдзеш. Часта – прымножанае шматразова…