19 этап конкурсу «Пазнай Астравеччыну»

10:47 / 29.05.2020
Падбіраючы заданні для конкурсу, мы імкнёмся чаргаваць досыць складаныя і адносна лёгкія. І прапаноўваючы фотаздымак на 19 тур, саманадзейна аднеслі яго да лёгкіх, здавалася, што пра прыродны помнік  рэспубліканскага значэння – геалагічны разрэз Камарышкі, размешчаны паблізу вёскі Страча на правым беразе аднайменнай ракі, – ведаюць калі не ўсе, то многія. Прынамсі, тыя, каму даводзілася адпачываць на першым абуладкаваным месцы прыпынку на тэрыторыі Астравеччыны, калі ехаць па шашы Полацк-Вільнюс, на ўскрайку якога ён і знаходзіцца. Да таго ж статус помніка рэспубліканскага значэння разрэз Камарышкі атрымаў яшчэ ў 1963 годзе, і ў інтэрнэце пра яго ёсць звесткі.

1.jpg

2.jpg



Аднак, мяркуючы па тым, што на заданне адгукнулася толькі восем удзельнікаў і што наша пастаянная ўдзельніца Кацярына Вараб’ёва не знайшла правільны адказ на пытанне, заданне аказалася не такім простым.

Тым не менш, Кацярыне хочацца выказаць асаблівую падзяку, бо яна правяла вялікую работу і пералічыла ўсе геалагічныя помнікі на тэрыторыі Астравеччыны, у тым ліку і разрэз Камарышкі, ля некаторых нават пабывала і сфатаграфавалася – а вось да конкурснага так і не даехала… 

Але вернемся да разрэза Камарышкі. Гэта ўнікальнае месца, мала зразумелае для звычайных падарожнікаў і бясцэннае для  вучоных, – тут, на крутым беразе Страчы, утварылася агаленне міжледніковых парод даўжынёй 35 метраў і вышынёй каля чатырох. Пад таўшчынёй марэнных адлажэнняў паазёрнага абледзянення знаходзяцца рэшткі арктычных прыледніковых раслін. На думку навукоўцаў, 30 000 гадоў назад на марэнных адлажэннях утварылася тарфяное балота. Пазней, падчас сходу ледніка, частку яго засыпалі ледніковыя адкладанні-марэны, якія закансервавалі торф з усімі яго насельнікамі. Цяпер навукоўцы па захаваным торфе вызначаюць, якім быў у той час клімат, расліны, і насякомыя. У Беларусі вядома 17 такіх агаленняў, але Камарышкі – адзінае тарфяное, і тым унікальнае.

Кацярыне Вараб’ёвай хочацца сказаць дзякуй і за тое, што яна пачала прысылаць на заданні конкурсу не толькі фотаздымкі, але і відэа. Налічаны ёй за гэта дадатковы бал паддаў імпэту і іншым канкурсантам. У гэтым туры свае адказы дапоўнілі не толькі падрабязным апісаннем і фотаздымкамі, але і відэа Ганна Мілашэвіч, Жанна Волк-Леановіч, Алег Драган і Алена Памецька – яны атрымалі па чатыры балы. Па тры балы налічана Марыне Кімсе і Вікторыі Іванцэвіч, два – Вандзе Вайшнаровіч.



Тройка лідараў пасля 18 тура не змянілася: Марына Кімса – 53 балы, Алег Драган – 50, Алена Памецька – 45.

Прапаноўваючы новае заданне, спа­дзяёмся, што да конкурсу далучацца не толькі нашы пастаянныя ўдзельнікі, але і новыя, і тыя, хто спыніў удзел у конкурсе: Святлана Марозава, Юлія Афоніна, Алеся Абухоўская, Сяргей Жукоўскі, Рэгіна Замара – нам не хапае вашых адказаў! Тым больш, што пераможцамі, як мы ўжо гаварылі, стануць УСЕ актыўныя ўдзельнікі. Так што далучайцеся – ці вяртайцеся!


Дзе гэта, што гэта?

3.jpg



Нагадваем: далучыцца да конкурсу можна з любога этапу. Калі вы ведаеце, дзе гэта і што гэта, – дасылайце свае адказы, расповеды і фотаздымкі.

Адказы на пытанні конкурсу можна дасылаць у рэдакцыю па электроннай пошце ці паведамляць па тэлефоне 2-03-64 на працягу пяці дзён (з улікам выхадных і святочных) пасля выхаду газеты з конкурсным заданнем (да аўторка ўключна).

Дарэчы, на конкурс «Пазнай Астравеччыну» можна дасылаць не толькі адказы, але і заданні: фота і відэа адметных мясцін Астравеччыны, абавязкова – апісанне іх, за гэта таксама можна атрымаць заліковыя балы.

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.



Текст: Нина Рыбик