Лёс прывёў Любоў Шапуру з Сібіры ў Беларусь

12:43 / 26.05.2020
485
Знаёмства з леп­шы­мі працаў­ні­камі Астравеччыны, чые партрэты занесены на раённую Дошку гонару, мы распачынаем з расповеду пра начальніка малочна-таварнага комплексу «Рым­дзюны» КСУП «Гервяты» Любоў Шапуру. 

Восенню падчас раённага свята аграрыяў падводзяцца вынікі сельскагаспадарчага года і вызначаюцца пераможцы спаборніцтваў у раслінаводстве і жывёлагадоўлі. Некалькі гадоў запар сярод малочна-таварных комплексаў раёна ІІІ месца ў вытворчасці малака зай­мае МТК «Рымдзюны», прапускаючы наперад толькі гудагайскія «Германішкі» і «Малі». Малочная «бронза» – заслуга калектыву, якім кіруе Любоў Шапура.

45.jpg



Дарога ў Беларусь 

– У сельскую гаспадарку трапіла выпадкова, але ні аб чым не шкадую, – прызнаецца жанчына. 

– Бацька быў ваенным і служыў у Навасібірску. Мама працавала ў друкарні. Нара­джаць мяне яна паехала на сваю радзіму, у Беларусь. Расла я ў ваенных гарадках – за восем гадоў змяніла дзевяць школ. Было вельмі складана: толькі завядзеш сяброў, прывыкнеш да новага ўкладу жыцця – зноў трэба пераязджаць, і ўсё пачынаецца спачатку. Але, відаць, сібірскія марозы з дзяцінства загартавалі мой характар. Праўда, у гадоў дзесяць дала сабе слова, што мае дзеці будуць вучыцца толькі ў адной школе.

Затое летам для Любы было раздолле: канікулы яна праводзіла ў бабулі на Мсціслаў­шчыне. Водар сырадою і свежаскошанай травы, суніцы памерам з пазногаць – дзяў­чынка адпачывала душой. 

– Бабуля працавала даяркай, але на ферму мяне, гарадскую, з сабой не брала, – узгадвае Любоў Аркадзьеўна. – Узяла толькі тады, калі захварэла. Палавіну кароў з яе групы я падаіла сама. Бабуля зразумела, што я не зломак!

Развал Савецкага Саюза для многіх стаў сімвалам няўпэў­ненасці ў заўтрашнім дні: на сямейным савеце бацькі Любы вырашылі вярнуцца ў Беларусь – спынілі выбар на Оршы. 

– Я паступіла ў мясцовы чыгуначны тэхнікум. Пасля яго заканчэння мяне размеркавалі ў Беняконі. Там пазнаёмілася з будучым мужам, – працягвае жанчына. – Калі пачалі закрываць граніцы Беларусі з Літвой, мы пераехалі ў Варняны. Знайшлі хатку і пачалі паціху абжывацца. Кожны дзень едзіць у Гудагай я не магла, таму  з думкамі пра працу на чыгунцы давялося развітацца – пайшла ў калгас імя Чапаева. 

Першы раз – у калгас

Любоў Шапура з кагорты тых жанчын, якіх не палохаюць жыццёвыя цяжкасці. Ёсць сілы працаваць – будзе і хлеб надзённы.

– Пачынала даяркай, потым загадвала малочна-таварнай фермай «Варняны», пазней – «Кярняны». Хоць у мяне не было спецыяльнай адукацыі, тагачасны старшыня калгаса Уладзіслаў Эдвардавіч Рук прапанаваў пасаду заатэхніка-селекцыянера. Падвучылася,  з’ездзіла на курсы – і ўсё атрымалася! Хоць самы лепшы настаўнік – гэта жыццё, – разважае начальнік МТК «Рымдзюны». – Адзінаццаць гадоў назад мне прапанавалі перайсці ў КСУП «Гервяты». 

Любоў Аркадзьеўна ўзна­чальвае МТК «Рымдзюны» з дня яго стварэння. Год жанчына штодзень ездзіла на работу з Варнян у Рымдзюны, потым праўленне калгаса выдзеліла ёй жыллё ў аграгарадку – да комплексу рукой падаць.

– Комплекс запускалі 28 жніў­ня 2011 года. Мяне па­прасілі папрацаваць каля месяца, пакуль не знойдуць чалавека на месца начальніка. Гэты месяц расцягнуўся на дзесяць гадоў, – хаваючы ўсмешку, расказвае жанчына. – Спачатку было складана: сфарміраваць групы і прывучыць кароў да даільнай залы, арганізаваць работу людзей… У мяне не было ні памочніка, ні селекцыянера. Літаральна днявала і начавала на рабоце: у пяць раніцы выязджала з дому, вярталася пасля адзінаццаці вечара. Два гады давялося памучыцца, пакуль не адладзілі сістэму. 

У любой справе важна не толькі дасягнуць пэўнага выніку, але і ўтрымаць яго. У рымдзюнскіх жывёлаводаў гэта атрымліваецца. Сярэднесутачны надой ад каровы тут складае 23,4 кілаграмы малака – гэта больш на 1,4 кілаграмы, чым у мінулым годзе. Сярод рагуль ёсць каля сямідзесяці рэкард­сменак, якія за дзень даюць пад 40 кілаграмаў. Усё рым­дзюнскае малако, якое ідзе на перапрацоўку, мае выключна гатунак экстра. 

Цікаўлюся ў начальніка комп­лексу, як атрымліваецца з году ў год нарошчваць вытворчасць і паляпшаць якасць малака.

– Сакрэт – у людзях. У мяне цудоўны калектыў! З першага дня аператарамі машыннага даення на комплексе пазменна працуюць два сямейныя пад­рады: родныя сёстры Ларыса Гілевіч і Алена Дземідовіч і сямейная пара – Ганна з Іванам Праўлуцкія. Хоць у дойным статку  больш за шэсцьсот галоў, яны кожную карову ведаюць па вымені і могуць падаіць  з заплюшчанымі вачыма. Шмат гадоў здароўем жывёлы займаецца ветэрынарны ўрач Валянцін Лаўрыновіч. Добра сябе зарэкамендавалі Алена Валынец і Ніна Шакірава – дарэчы, мясцовая дзяўчына. Дзякуючы  штодзённай самаадданай працы гэтых людзей, мы пяць гадоў запар уваходзім у тройку лепшых малочна-таварных комплексаў раёна. У чым мая заслуга? – перапытвае жанчына і на хвіліну задумваецца. – Адзінае, што я зрабіла, – гэта ўтрымала людзей і захавала калектыў. У пэўнай ступені я не толькі начальнік комплексу, але і псіхолаг – у кожнага чалавека розныя характары, бывае дрэнны настрой ці праблемы – і да любога працаўніка трэба знайсці свой падыход. Я рэдка павышаю голас і сваруся – так, у міры і спакоі, і дзяцей сваіх гадавала. 

Мастацтва жыць

Быць шчаслівым, калі жыццё табе ставіць падножкі ці даводзіцца нешта пачынаць з нуля, – гэта мастацтва. 

– Толькі цяпер злавіла сябе на думцы, што я шчаслівы чалавек, – прызнаецца Любоў Аркадзьеўна. – Мы з мужам пабудавалі вялікі дом у Варнянах – цяпер там сын з сям’ёй жыве, выгадавалі траіх дзяцей. Магчыма, у свой час я не дадала ім увагі – работа на ферме забірала шмат часу, – але яны выраслі працалюбівымі людзьмі, з дзяцінства ведалі, што грошы з неба не падаюць і кожную капейчыну трэба зарабіць сваімі потам і мазалём. Я была шчаслівая ў сямейным жыцці, хоць з мужам нашы дарогі разышліся. Люблю сваю работу. Калі іду ў адпачынак, больш за пяць дзён не магу дома сядзець – цягне на комп­лекс. 

У Любові Аркадзьеўны ёсць адно захапленне, якое на роўных з дзецьмі і ўнукамі, любімай работай, робіць яе шчаслівай, – гэта падарожжы.

– Кожны год разам з малодшай дачкой Вольгай, якая  працуе ў КСУП «Гервяты» бухгалтарам, стараемся некуды выбірацца. Аб’ездзілі ўжо ўсю Беларусь, – прызнаецца жанчына. – Нашы падарожжы заўсёды спантанныя. Захацелі – паехалі ў Віцебск на «Славянскі базар», іншым разам махнулі ў Магілёў. Мне цікава паглядзець не столькі на архітэктурныя помнікі ці іншыя адметнасці горада, а на лю­дзей… Па вялікім рахунку мы ўсе падобныя – нам аднолькава баліць, хочацца любіць і быць любімымі.  Але ў той жа час мы ўсе розныя… 

Мне шмат не трэба – як ёсць, так і добра. І яшчэ:   я ніколі не апускаю рукі. Відаць, у  дзяцінстве характар за­гар­та­валі сібірскія маразы…



Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений