У КСУП “Гудагай” перавялі кароў на пашавае ўтрыманне
12:08 / 16.05.2020
Як адбыўся пераход жывёлы са стойлаў на пашу ў флагмана раённай малочнай вытворчасці – КСУП «Гудагай», на мінулым тыдні даведаўся наш карэспандэнт, пабываўшы на малочна-таварнай ферме «Кялёйці».
Пра КСУП «Гудагай» у многіх сэнсах можна казаць «адзіная»: тут не толькі займаюцца вытворчасцю элітнага насення збожжавых і бульбы, але і робяць уласны рапсавы жмых. Таксама гудагайская гаспадарка адзіная ў раёне, дзе працуе найбольш малочна-таварных ферм – ажно сем і два комплексы – у Германішках і Малях.
Дойны статак КСУП «Гудагай» складае 2 425 кароў, з якіх 1 172 плануюць пасвіць кругласутачна.
– Першымі напачатку красавіка на пашу рагуль выгналі работнікі МТФ «Палушы», побач з фермай ёсць пасевы азімага жыта, – па дарозе ў Кялёйці расказвае галоўны заатэхнік КСУП «Гудагай» Віктар Алёкса. – Летам кругласутачны выпас практыкуецца на ўсіх малочна-таварных фермах. Пераход з зімне-стойлавага на пашавае ўтрыманне адбываецца паступова: рэзкая змена рацыёну – стрэс для жывёлы. Мікрафлора рубца каровы перастройваецца да новай ежы на працягу тыдня-двух. Рагулі толькі паядаюць траву – яны яшчэ атрымліваюць кормасумесь з кукурузнага сіласу, саломы, сенажу. Засталіся ў рацыёне і канцэнтраты.
Зараз у КСУП «Гудагай» ад каровы атрымліваюць 26,5 кілаграмаў малака – гэта на кілаграм больш, чым у мінулым годзе. Кожны дзень перапрацоўшчыкі з малочна-таварных ферм і комплексаў забіраюць 58 тон малака (107% да мінулагодняга перыяду). Гатункам экстра гудагайцы здаюць 67% малака, вышэйшым – 26, першым – 7. Аднак жывёлаводы плануюць нарошчваць вытворчасць малака за кошт кругласутачнага выпасу жывёлы.
У перыяд так званага вялікага малака добрага травастою недастаткова – патрэбен гаспадарчы падыход. Метад страўлівання травы, рацыянальны расклад выпасу і дойкі, правільнае фарміраванне гуртоў, падбор адказных пастухоў – ад гэтых і іншых фактараў залежыць агульны поспех.
– У вытворчасці малака другасных рэчаў няма. Мяняюцца патрабаванні, умовы ўтрымання і тэхналогія даення жывёлы, але нязменным застаецца прынцып трох «К»: каровы, кармы, кадры, – працягвае Віктар Іванавіч. – Калі жывёла непрадукцыйная, якія кармы ні дай, малака не атрымаеш. І, наадварот, калі рацыён бедны, нават самая малочная карова нічога не дасць. Шмат залежыць і ад пастухоў. Калі ў іншых гаспадарках з кадрамі праблемы, то ў нас шмат гадоў адны і тыя ж людзі пасвяць жывёлу.
У дзень майго прыезду побач з фермай у Кялёйцях на пашы было больш за 200 кароў.
– З-за нізкай тэмпературы паветра ноччу рагуль яшчэ не перавялі на кругласутачнае пашавае ўтрыманне, – расказвае загадчык малочна-таварнай фермы «Кялёйці» Анастасія Баер. – На пашы яны з 10.30 да 18.00. Як патрабуе тэхналогія, побач з загонам ёсць вада, спецыяльныя «лізункі» з соллю.
Па надоях МТФ «Кялёйці» плюсуе: ад каровы атрымліваюць 18,5 кілаграмаў малака (+3,5 да анагічнага перыяду 2019 года), таварнасць складае 93%.
– За гуртом на пашы пазменна сочаць тры пастухі. Таксама яны выяўляюць кароў у ахвоце, – працягвае Анастасія. – Пашавае ўтрыманне не толькі спрыяе павелічэнню надояў, але і станоўча ўплывае на арганізм жывёліны. Па-першае, гэта прафілактыка захворванняў канечнасцей. Па-другое, калі карова рухаецца, у яе паляпшаецца кровазварот – гэта мінімізуе ўзнікненне мастытаў і эндаметрытаў.
У той дзень каровы на пашы былі пад наглядам Пятра Баравіка.
– Трэці сезон працую пастухом. Работа на свежым паветры мне падабаецца, – прызнаецца мужчына.
З дапамогай электрапастуха ўтвараецца клетка, якую праз дзве гадзіны пераносяць на іншы ўчастак. Пасля страўлівання пашу падкошваюць – для гэтых мэт у КСУП «Гудагай» выдзелены асобны трактар, уносяць мінеральныя ўгнаенні і раўняюць. Праз некаторы час пасля дажджоў трава тут адрасце і статак вернецца на свежую атаву.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» - это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.