Сямнаццаты этап конкурсу «Пазнай Астравеччыну»

09:31 / 15.05.2020
Прапаноўваючы заданне на 16 этап конкурсу, мы лічылі, што справіцца  з ім будзе няцяжка: фрагмент помніка воінам-вызваліцелям у лесапарку хоць і зняты з нязвыклага ракурсу, але  ўсё ж пазнавальны.

3.jpg


Помнік скульптара Печкіна, прысвечаны жыхарам Астравецкага раёна, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, быў устаноўлены ў лесапаркавай зоне райцэнтра ў 1975 годзе да 30-годдзя Перамогі. Так што сёлета ў яго таксама юбілей. На гранітных плітах былі выбіты прозвішчы ўраджэнцаў раёна, якія загінулі на вайне.

У 2013 годзе вандалы разбілі гэтыя пліты. У той жа год мемарыял быў адрамантаваны: да дня вызвалення нашай краіны і горада ўстанавілі новыя пліты, аднак без імёнаў – і гэта выклікала шматлікія нараканні жыхароў раёна.

У мінулым годзе, да 75-годдзя вызвалення Беларусі, імёны герояў былі вернуты. Больш таго: да 164 ранейшых прозвішчаў дадалі яшчэ чатыры – Івана Вялікага, Антона Ігнатовіча, Івана Малаховіча, Рамана Працуты – гэтыя імёны ўдалося аднавіць, дзякуючы сумеснай рабоце раённага ваеннага камісарыята і сектара ідэалагічнай работы і па справах моладзі Астравецкага райвыканкама. Сёлета да Дня Перамогі ў спісе загінулых землякоў з’явілася яшчэ два прозвішчы – Івана Пешкура і Міхаіла Сухарэўскага.

Летась у рамках акцыі ля помніка высадзілі алею «Бэз Перамогі», якая хутка абяцае стаць упрыгажэннем прылеглай тэрыторыі, да таго ж мае сімвалічны сэнс: менавіта квітнеючым бэзам часцей за ўсё віталі салдат-пераможцаў.  

Хоць заданне, на наш погляд, было нескладаным, у гэтым этапе прыняло ўдзел толькі восем канкурсантаў. Па два балы атрымалі Ванда Вайшнаровіч і Кацярына Вараб’ёва, па тры – Ганна Мілашэвіч, Алена Памецька (з вяртаннем!), Алег Драган, Марына Кімса і Вікторыя Іванцэвіч. Чатыры балы налічана Жанне Волк-Леановіч, якая падрабязны адказ дапоўніла не толькі фотаздымкамі, але і відэасюжэтам.

Пасля 16 этапаў па-ранейшаму лі­дзіруе Марына Кімса з 47 ачкамі, на другім месцы – Алег Драган, у якога 43 балы, у Алены Памецькі – 38.

Падумалася: можа, камусьці стала нецікава ўдзельнічаць у кон­курсе з-за таго, што два апош­нія туры задання былі занад­та простыя? І вырашылі пу­сціць у ход «цяжкую артылерыю». 

З улікам таго, што заданне няпростае, дадзім дзве падказкі: разваліны гэтага ўнікальнага па тым часе збудавання знаходзяцца на тэрыторыі Гудагайскага сельсавета і адносяцца да перыяду Першай сусветнай вайны.

Хто ведае, што гэта і дзе гэта?

6.jpg


Нагадваем: далучыцца да конкурсу можна з любога этапу. Калі вы ведаеце, дзе гэта і што гэта, – дасылайце свае адказы, расповеды і фотаздымкі.

Адказы на пытанні конкурсу можна дасылаць у рэдакцыю па электроннай пошце ці паведамляць па тэлефонах 2-03-64, 7-08-44, +375-29-328-75-99 на працягу пяці дзён (з улікам выхадных і святочных) пасля выхаду газеты з конкурсным заданнем (да аўторка ўключна).


Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

Текст: Нина Рыбик