Аляксей і Надзея Палуніны – партызаны брыгады Пруднікава

14:13 / 08.05.2020
У рэдакцыю раённай газеты завітаў астраўчанін Валерый Блахін. Ён прынёс аркуш, на якім было напісана «Аляксей Васільевіч Палунін. 14.09.1915 – 14.11.1964». 


23.jpg– Аляксей Васіль­е­віч – удзельнік Вялікай Ай­чыннай вайны. Пасля яе заканчэння жыў і пра­цаваў на Астравеч­чыне і сваёй працай унёс уклад у яе развіццё. Было б правільна, каб пра яго ведала і сённяшняе пакаленне аст­раўчан, – звярнуўся да мяне Валерый Сяр­ге­евіч.

Гэта сёння імя Аляксея Васільевіча Палуніна наўрад ці хто ўспомніць на Астравеччыне – хаця, хочацца верыць, што такія людзі ўсё ж адшукаюцца і змогуць прыадкрыць яшчэ адну старонку нашай  гісторыі. А ў пяцідзясятыя гады начальніка райхімлясгаса – ці па-просту смалакурнага завода – ведалі многія.

–  Аляксей  і Надзея Палуніны на Астра­веччыну прыехалі пасля вай­ны, – рас­ка­заў Валерый Блахін. – Мой бацька, Сяргей Андрэевіч, які таксама ваяваў, быў добра з ім знаёмы. Можна нават сказаць, што мы сябравалі сем’ямі, – узгадвае мужчына.

На Астравеччыну з далёкай Манголіі Бла­­хіны перабраліся ў 1947 годзе. Па­луніны ўжо жылі тут.  Магчыма, агуль­­нае мінулае і ўспаміны аб вайне і аб’яд­налі дзве сям’і.

– Калі пачалася вайна, мой бацька  быў у Чарнігаве – з 1934 года ён служыў там  пры штабе асобай украінскай ваеннай акругі. 22 чэрвеня 1941 года пачалася бамбёжка штаба –  бацьку разам з ротай перакінулі ў  Перамышль – на граніцу з Польшчай, – расказвае Валерый Сяргеевіч. – Але дабрацца да месца прызначэння салдаты не паспелі. Немцы першымі захапілі гэты горад. Нашы былі разбіты – давялося адступаць.  

З  больш чым сотні чалавек засталося 12. Толькі ў снежні хворыя, параненыя, з абмарожанай скурай салдаты дабраліся да Варонежа.  Сяргей Андрэевіч Блахін трапіў у шпіталь, а пасля выздараўлення яго накіравалі ў Манголію.

– Тата быў камендантам лагера японскіх ваеннапалонных  у горадзе Чойбалсан, – узгадвае Валерый Сяргеевіч. – Не раз і мне даводзілася разам з ім там бываць. Ваеннапалонныя салдаты сядзелі ў бараках, для афіцэраў былі створаны крыху лепшыя ўмовы, для генералаў – доб­рыя.

У 1947 годзе Блахіны вяр­нуліся на радзіму бацькі ў Маскву, адтуль на Астравеччыну – тут пасля вызвалення Беларусі жыў брат маці Валерыя Сяргеевіча.

– Мама ўладкавалася ў аптэку санітаркай – там і адпрацавала ўсё жыццё. А бацька спачатку працаваў на камбінаце будаўнічых матэрыялаў, а потым стаў   начальнікам пашпартнага стала, – расказвае мужчына.

– Напэўна,  тады бацькі і пазнаёміліся з Палунінымі.

– Аляксей Васільевіч і яго жонка   На­дзея Аляксандраўна падчас вайны былі ў партызанскім атрадзе. Жыццё ў лесе і ночы ў зямлянках не дадалі ім здароўя – вельмі хутка высветлілася, што ў Надзеі Аляксандраўны туберку­лёз,  – узгадвае Валерый Сяргеевіч. – І  Палунін адправіў яе ў самы лепшы на той час санаторый «Лаванда» ў Крым. Там яна лячылася, там жа і памерла. Аляксей Васільевіч на таксі прывёз нябожчыцу сюды і тут пахаваў. Вось такое было вялікае каханне. 

Што ж датычыцца самога Аляксея Ва­сіль­евіча, то ўсё сваё жыццё на Аст­равеччыне ён пры­свяціў смалакурнаму заводу.

Райхімлясгас  зна­хо­дзіўся на месцы сённяшняга раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях – тут выраблялі дзёгаць, паташ, смалу, шкіпінар і іншую прадукцыю, якую, дарэчы, прадавалі нават за межы Беларусі.

– Помню, як пад Катлоўкай на­рыхтоўвалі карчы  і праз лес напрасткі прывозілі ў Астравец. Тут іх перараблялі і атрымлівалі добра прадаваемую на той час прадукцыю, – гаворыць Валерый Сяргеевіч.

Дарэчы, у адным з нумароў «раёнкі»  за 1947 год мне па­шчасціла знайсці артыкул «У чэсць вялікага свята», надрукаваны пад рубрыкай «Нашы падарункі слаўнай гадавіне». Яго аўтар – начальнік райхімлясгаса Аляксей Палунін расказвае пра калектыў рабочых смалакурнага завода «Альгіняны», якія, сустракаючы трэцюю гадавіну вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, перавыканалі чэрвеньскае заданне па выпрацоўцы шкіпінару.

21.jpg



У Палуніных быў сын. Па словах Валерыя Сяргеевіча, Палунін – малодшы  пасля заканчэння Гродзенскага медінстытута працаваў па размеркаванні ў Віцебску.

– Аляксей Васільевіч  памёр у 1964 годзе. Я быў на пахаванні. Асабліва запомнілася, што прыехала вялікая дэлегацыя ваеннаслужачых, якія некалі разам з ім ваявалі. Сярод іх былі падпалкоўнікі і палкоўнікі, а на іх форме – ордэны і медалі, – узгадвае Валерый Сяргеевіч. 

Мужчына прыгадаў і яшчэ адзін выпадак. Дзесьці ў 1962 годзе яму падчас службы ў арміі давялося наведаць  музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску. На адным са стэндаў малады чалавек убачыў на фотаздымку знаёмы твар.

– Гэта быў  сябар майго бацькі – Аляксей Васільевіч Палунін. Побач было яшчэ некалькі здымкаў. На адным з іх – яго жонка Надзея Аляксандраўна, – расказвае Валерый Сяргеевіч. – Фотаздымкі былі падпісаны.

З іх даведаўся, што разам са сваёй групай Аляксей Васільевіч партызаніў у Віцебскай вобласці, прыкрываў накірункі Віцебск – Мінск, Віцебск – Вільнюс. Ён  падарваў 14 эшалонаў – за гэта атрымаў ордэн Леніна і некалькі медалёў.

Тое, што ў фондах Беларускага дзяр­жаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны сапраўды ёсць  інфар­мацыя пра  Аляксея Васільевіча Палуніна, па­цвер­дзіла пісьмо дырэктара музея:
«У фондах Беларускага дзяржаў­нага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны захоўваецца фотаздымак Аляксея Васільевіча Палуніна, які паступіў у музей у 1957 годзе з экспедыцыі супрацоўнікаў музея ў былую Маладзечненскую вобласць, з наступным запісам: «Аляксей Васільевіч Палунін  – камандзір дыверсіённай групы партызанскай брыгады Пруднікава Віцебскай вобласці». Іншая інфармацыя пра ветэрана, на жаль, у музеі адсутнічае».

Дарэчы, на сайце «Памяць народа» (https://pamyat-naroda.ru)  пры пазначэнні прозвішча Палунін можна знайсці ажно тры архіўныя запісы. Першы сведчыць, што Аляксей Васільевіч прапаў без звес­так. У яшчэ двух –  указаны розныя месцы нара­джэння Аляксея Васільевіча, затое і ў адным, і ў другім дакументах пазначана, што Палунін узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны другой ступені.

Цікавым падаўся і яшчэ адзін факт. На сайце «Жди меня» з 2010 года Аляксея Васільевіча Палуніна шукае яго ўнучка. Але той  гэта Палунін, пра якога рас­казаў Валерый Блахін, ці  іншы чала­век, высветліць пакуль не ўдалося.

У тэксце пісьма на сайце «Жди меня» ўпамінаецца і Астравецкі раён. 

«Дедушка был награждён орденом Ленина и медалью «Партизану Отечественной войны» 1 степени. У нас даже есть письмо от 19.12.89 5д-89 от и.о. пом. прокурора Островецкого района в Белоруссии В.А. Железинского, в котором сказано, что дедушка действительно был награждён».

…Партызаны Надзея Аляк­сан­­драў­на і Аляксей Васільевіч Палу­ніны пахаваны ў Астраўцы. Іх магілы, на якіх стаяць помнікі з чырвонымі зорачкамі, даглядае Валерый  Блахін.

1.jpg



– Мае бацькі пахаваны побач. Таму, калі прыходжу да іх, заглядваю і да Палуніных, – гаворыць мужчына. – Вельмі спадзяюся, што гэтых людзей яшчэ помняць на Астравеччыне і змогуць расказаць пра іх крыху больш.


Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст:
Фото: Елена Ярошевич