Пра дзядзьку, які ваяваў, успамінае Ірэна Бараноўская

13:49 / 09.05.2020
Ад дзядзькі, які ў скла­дзе Савецкай арміі ваяваў на тэрыторыі Польшчы, Ірэне Бараноўскай засталося толькі фота, на якім ён – разам са сваім баявым таварышам. І некалькі кароценькіх успамінаў з дзяцінства…

– Дзядзька, брат маёй маці, Юзэф Феліксавіч Буйко, ваяваў у Польшчы, – расказвае жанчына. – Разам з ім там было некалькі нашых, мясцовых, хлопцаў, на здымку адзін з іх – нейкі Журоўскі з Бабраўнік. Імя яго, на жаль, не ведаю.  

1442.jpg



І паштоўку мне адтуль, з Польшчы, дзядзька даслаў – велікодную. І падпісаў яе на польскай мове – «Заслаў для Ірэны». Якая я радая была!

Жыў Юзэф Буйко на хутары недалёка ад вёскі Палестыны. Бацька яго рана памёр – у 38 гадоў, і маці засталася з чатырма дзецьмі на руках. Калі Юзэфа, адзінага мужчыну ў сям’і, забралі на вайну, ёй прыйшлося адной падымаць трох дачок.

– Дзядзька расказваў, як аднойчы сядзелі яны ў зямлянцы, – успамінае Ірэна Браніславаўна. – Ён захацеў выйсці па патрэбе. Толькі вылез, адышоў – у зямлянку гэтую снарад трапіў – таварыша, што з ім быў, на кавалкі парвала.

А яшчэ Юзэф меў маленькую кніжачку – малітоўнік да Маці Божай. Усю вайну з ёй прайшоў. Казаў, як выдаваўся вольны час – чытаў яе, і ні разу паранены не быў. Але, ужо вяртаючыся дахаты, паклаў кніжачку на камень каля рэчкі – памыцца вырашыў. Там яе і забыў. 

Вярнуўшыся з вайны на радзіму, Юзэф ажаніўся, жыў  у бацькоўскай хаце – яна і цяпер стаіць, праўда, даўно нежылая. Працаваў у мясцовым калгасе, выгадаваў двух сыноў.

– Даўно хацела пра яго расказаць, – прызнаецца пляменніца ўдзельніка вайны. – Але ўсё вагалася: што раскажу – мала ж чаго памятаю…

Правільна, Ірэна Браніславаўна, што расказалі: такімі маленькімі крупінкамі і закрываюцца белыя плямы гісторыі нашага раёна, якіх, нягледзячы на агульныя намаганні, яшчэ шмат.


Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст: