Калонка галоўнага рэдактара. Як і заўсёды – разам!

12:08 / 05.05.2020
Сярод шэрагу святаў, якія адзначаюцца ў маі, тры  з іх  – прафесійныя для супрацоўнікаў «Астравецкай праўды».

І сёння адзін з гэтых дзён! Святочны і адначасова адказны. Святочны, таму што 5 мая журналісты нашай краіны – і мы не выключэнне – адзначаюць  Дзень друку. Адказны, таму што зноў вы возьмеце ў рукі раённую газету і будзеце шукаць у ёй цікавую і важную менавіта  вам інфармацыю.

_MG_3808.jpg



Глыбока пераканана, што  Дзень друку – гэта свята не толькі журналістаў, але і  ўсіх тых, хто мае дачыненне да  стварэння, выдання і дастаўкі  чытачам газет і часопісаў. Сёння ў нашым калектыве  17 супрацоўнікаў. І гэта не толькі журналісты, якія  рыхтуюць для вас актуальную і важную інфармацыю, пішуць пра цікавых людзей і  значныя падзеі  – а  яшчэ і адказны сакратар, тэхнічны і стылістычны рэдактары,  супрацоўнікі нашага сайта і груп у сацыяльных сетках, радыё- і тэлепраграмы,  галоўны бухгалтар і спецыяліст па рэкламе,  вадзіцель і прыбіральшчыца. І без кожнага з іх газета не была б такой, якая яна ёсць.

Дзень друку – гэта і  свята  нашых заснавальнікаў – раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў, а таксама супрацоўнікаў друкарні, якія два разы на тыдзень выпускаюць у свет  «раёнку»; і паштальёнаў, дзякуючы якім газета прыходзіць да адрасатаў. І,  канешне ж, вас, нашы дарагія падпісчыкі! Вы  не толькі чытаеце нас, але і падказваеце тэмы для публікацый, самі пішаце  і нават удзельнічаеце ў падрыхтоўцы газеты – падаючы свае віншаванні і аб’явы.

Мы, як і кожны з вас ідзе за газетай да паштовай скрынкі, два разы на тыдзень спяшаемся на пошту за пачкай газет  і ўжо ў рэдакцыі з заміраннем сэрца дастаём з яе яшчэ пахнучы тыпаграфскай фарбай,  свежы нумар газеты,  каб  прагартаць яго старонкі. У кожны з іх укладзены нашы мары і праца, памкненні зрабіць газету патрэбнай, цікавай і чытаемай.

Сёмага мая прафесійнае свята адзначаць супрацоўнікі радыё і тэлебачання. А на  29 мая  прыпадае дзень нара­джэння нашай газеты. Сёлета «раёнцы» – 79!  Узрост паважаны і значны, але, нягледзячы на яго, «Астравецкая праўда» працягвае развівацца і квітнець. І традыцыі, закладзеныя шмат гадоў таму нашымі калегамі, ветэранамі журналістыкі, толькі множацца і набываюць новыя формы: павялічваецца колькасць наведвальнікаў нашага сайта і груп у сацыяльных сетках, з задавальненнем астаўчане чакаюць не толькі свежы нумар газеты, але і выпуск навін тэлепраграмы «ТВА. ТВой Астравец», слухаюць радыёпраграму «Гарадок» – за ўсё гэта дзякуй вам, мае любімыя калегі і дарагія астраўчане!

… Нараджаецца новы дзень, і разам з ім  у вашы дамы прыходзіць  любімая «раёнка»! Пра што яна раскажа ў наступным нумары?  Каго павіншуе з днём нараджэння і ў якое падарожжа разам з ёй кожны з вас зможа адправіцца? Усё гэта залежыць не толькі ад нас, супрацоўнікаў «Астравецкай праўды», але і ад вас, нашы паважаныя чытачы! Пішыце, тэлефануйце і прыходзьце ў рэдакцыю!  Разам зробім нашу газету цікавай, непаўторнай і асаблівай!

З днём друку,  паважаныя ветэраны, мае дарагія калегі,  любімая «раёнка» і нашы падпісчыкі!



Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

Текст: