Што робяць «амерыканкі» на гудагайскіх палях

13:03 / 30.04.2020
Ролю кукурузы ў корма­вытвор­часці сельскай гаспадаркі цяжка пераацаніць: яе зерне неабходна цялятам на першым этапе жыцця, станоўчы эфект яно дае і ў складзе сумесі для дарослай жывёлы, а чаго варты сілас… Гэта добра ведаюць аграрыі КСУП «Гудагай», якія пад «каралеву палёў» сёлета адвялі 1 350 гектараў, з якіх 100 – на зерне.
 
Дзве глебаапрацоўчыя сеялкі дакладнага высеву вытворчасці амерыканскай фірмы «Кінза»,  адну з якіх набылі сёлета, актыўнымі тэмпамі прыгортваюць насенне гэтай цеплалюбівіцы ў глебу.

Наш карэспандэнт даведаўся, як «амерыканкі» дапамагаюць гудагайцам сеяць кукурузу. 

01.jpg


Нагадаю, КСУП «Гудагай» – адзіная ў раёне гаспадарка, якая спецыялізуецца на вытворчасці элітнага насення. Аднак раслінаводства тут «завострана» пад патрэбы жывёлагадоўлі: на фермах і комплексах утрымліваецца 9 138 галоў. Не дзіва, што ў структуры яравога кліна кукуруза займае ажно 42%.

– Сёлета плануем пасеяць 3 149 гектараў. Насенне збожжавых ужо прыгорнута ў глебу на плошчы  1 325 гектараў, – па дарозе на поле расказвае галоўны аграном КСУП «Гудагай» Андрэй Ненартовіч. – Сёлета набылі яшчэ адзін пасяўны агрэгат фірмы «Кінза». Галоўная характарыстыка  гэтай кукурузнай сеялкі – здольнасць раўнамерна і дакладна размяшчаць насенне ў радах. Чым больш дакладны высеў, тым больш якаснымі будуць усходы. 

Новенькую сеялку «Кінза-3200», якая ў дзень майго прыезду працавала непадалёк ад вёскі Трайгі, даверылі маладому, але вопытнаму механізатару Мікалаю Іваніцкаму.

– Упершыню сею – у мінулыя гады раскідваў арганіку, – расказвае сейбіт. – Разумная машына – нічога не скажаш. Секцыі, з якіх складаецца апарат для высеву, можна адрэгуляваць па глыбіні і ціску на паверхню, прычым кожную асобна. Прыемна, што сеялку даверылі мне – пастараюся не падвесці. 

IMG_4291.jpg



Цікаўлюся ў механізатара прагнозамі на будучы ўраджай.

– Усё, што залежыць ад нас, мы робім, – чую ў адказ. – Трактар ідзе па полі – пыл стаіць. Вельмі дождж патрэбен – інакш галодны год будзе. 

Другая «амерыканка» ў счэпцы з «Беларусам» працавала каля вёскі Ізабеліна. Іван Адамковіч пяты сезон сее кукурузу. 

– Вільгаці ў глебе катастрафічна не хапае. Самі бачылі, як пыліць. Што казаць пра збожжа, калі трава і тая расці не хоча, – гаворыць сейбіт. – Калі добрае вялікае поле, то за дзень засяваю каля трыццаці гектараў. А на такіх клінах, як тут, моцна не разгонішся: шмат слупоў і ўчастак дробнаконтурны. 

IMG_4303.jpg



Агульнымі  намаганнямі двух пасяўных агрэга­таў кукурузай за дзень засяваецца каля 60 гекта­раў.

…Аднак не ёй адзінай. На парадку дня гудагайскіх аграрыяў пасадка бульбы і сяўба цук­ровых буракоў. Гэтым у гаспадарцы сёлета займаецца Генадзь Змітровіч – механізатар прыгортвае насенне цукровікаў побач з вёскай Філіпаны. 

– Трэці год сею буракі на пасяўным агрэгаце маркі «Плантар». Захоп сеялкі складае больш за дзесяць метраў. Самае складанае ў рабоце – вывесці трактар так, каб радочкі выйшлі роўнымі. Ці будзем сёлета з хлебам? – перапытвае мужчына і на хвіліну задумваецца. – Адкажу, перафразіраванымі словамі  героя з папулярнага фільма: «На бога спадзявайся, а сам не рабі промаху!» Спадзяёмся, канешне ж, на лепшае…

IMG_4309.jpg



Адным радком

▪ Па звестках сектара раслінаводства райсельгасхарчу, па стане на 28 красавіка ў раёне засеяна 80% яравога кліна. 

▪ З сяўбой цукровых буракоў сейбіты Астравеччыны цалкам справіліся і прыгарнулі ў глебу насенне на 1 620 гектарах. 

▪ Кукуруза пасеяна на 3 112 гектарах – 50% ад запланаванага. 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.



Текст:
Фото: Алёна Ганулич