Алена Юхна больш за 40 гадоў працуе ў раённай жывёлагадоўлі

11:32 / 30.04.2020
Малочна-таварны комплекс «Рытань» Алена Юхна ведае да драбніц – усё жыццё жанчына працуе ў саўгасе. У апошні час яна выконвае абавязкі начальніка комплексу. 

3.jpg

– Пайшоў сёмы год, як я на пенсіі. Але, пакуль дазваляюць сілы, буду працаваць – не магу сядзець без работы. Была памочнікам начальніка комплексу, якім працавала Валянціна Мацюшонак, але ў яе моцна захварэла мама – і яна пайшла на бальнічны. Пакуль падмяняю я. Спадзяюся, што хутка наша Станіславаўна вернецца. 

Комплекс наш вялікі: толькі дойных кароў пад восемсот, а ўсяго тут утрымліваецца пад паўтары тысячы галоў. Дваццаць гадоў назад каб мне сказалі, што будуць такія вялікія малочныя «фабрыкі», нізавошта не паверыла б. 

Пачынала працаваць памочнікам загадчыка ўчастка, а ў 1978 годзе перайшла на ферму «Некрашуны» – там на адкорме было семсот быкоў. Ці страшна было працаваць? Усякае, канешне, здаралася, але бог мілаваў. 

Кармы тады развозілі коньмі і раздавалі віламі. Былі даільныя вёдры. Потым з’явіліся малакапровады. Такіх патрабаванняў да якасці малака, як зараз, не было. З пачатку года гатункам экстра мы здалі больш за шэсцьсот тон малака, а тады нават слова такога не ведала – шмат вады сплыло за гэты час…

Пасля аб’яднання «Рытані» і «Кямелішак» наша ферма стала комплексам, так з 2009 года і працую тут. Людзі ў нас дружныя. Калектыў амаль не змяніўся: засталіся тыя ж даяркі, жывёлаводы, даглядчыкі. За гэты час мы сталі адной сям’ёй.  Бывае, канешне, што нехта пасварыцца – усе мы людзі, але з большага дружна працуем і жывём. (Усміхаецца). 

У жывёлагадоўлі я больш за сорак гадоў – а праляцелі яны як адно імгненне. Але ні аб чым не шкадую. У школе была выдатніцай. У дзяцінстве марыла стаць настаўніцай. Памятаю, пасаджу ляльку, напішу планы – і давай яе вучыць.  Але лёс склаўся па-іншаму – жылі мы небагата, трэба было зараб­ляць грошы. Працавала ў саўгасе і завочна вучылася на заатэхніка ў Ваўкавыскім сельскагаспадарчым тэхнікуме. Тут знайшлася мая другая палавінка.

З мужам пазнаёміліся на танцах і глянуліся адзін аднаму. Выгадавалі дваіх дачушак, маем трох унучкоў. 

Не першы год жыву на гэтай зямлі і з кожным днём усё больш упэўніваюся, што самыя галоўныя ў жыцці каштоўнасці – здароўе і людскасць. Неістотна, чалавек падлогі падмятае ці пры гальштуку ходзіць, калі ён Чалавек – такім ён будзе і на ферме, і ў высокіх кабінетах. 


Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст:
Фото: Алёна Ганулич