“Из военкомата пришла повестка – так приехали в Чернобыльскую зону” – Тамара и Валерий Кучуки о службе в медсанбате

08:12 / 26.04.2020
Для Валерыя і Тамары Кучукоў 1987 год стаў лёсавызначальным:  прыехаўшы аддаваць доўг Радзіме  на месца чарнобыльскай трагедыі, яны знайшлі сваё каханне. 
Маладая медсястра гро­дзенскай паліклінікі Тамара і працаўнік мальскага калгаса Валерый, які зусім нядаўна дэмабілізаваўся з арміі, у адзін год атрымалі павесткі. І служыць ім давялося ў адзін час у адным месцы – у медсанбаце пасёлка Рудакова Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці. Гэта была зона адчужэння – тэрыторыя трыццацікіламетровай зоны ЧАЭС.

3.jpg

«Толькі адслужыў – і зноў прызвалі» 
Валерый родам з Іўеўскага раёна. Адслужыўшы ў арміі, ён прыехаў працаваць у будаўнічай брыгадзе калгаса «Чырвоны Кастрычнік» – тут плацілі добра, грошай на Астравеччыне можна было падзарабіць. 

1.jpg

– Думаў, хоць лета пагуляю пасля арміі, а тут праз паўтара месяца, гэта быў красавік, павестка з ваенкамата – ізноў на службу трэба.
З раёна такіх чацвёра было. У Астраўцы ім сказалі, што едуць на тры месяцы, а ў Слуцку маладыя людзі даведаліся, што на паўгода. «Хлопцы загудзелі спярша, – расказвае Валерый, – а потым супакоіліся – куды ўжо дзенешся». 
Пра тое, што едзе ў небяспечнае месца і гэта можа мець нейкія наступствы, прызыўніку Кучуку не думалася. Трэба – значыць, трэба! 
– Працаваў я сувязістам. Зарплату налічвалі нам па сярэдняму і яшчэ камандзіровачныя крыху больш за 100 рублёў у месяц плацілі, – расказвае  мужчына.
Пад шпіталь было перапра­філявана мясцовае праф­тэх­вучылішча. Там жа размясціўся машынны парк: «хуткія дапа­могі», так званыя санітаркі, аўтобусы, іншая тэхніка. Медсанбат быў не адзіным у акрузе – тут дыслацыраваліся часці рознага прызначэння, якія ахоўвалі, патрулявалі мясцовасць, пра­цавалі на рэактары, вывозілі смецце, мылі хаты, здымалі верхні грунт заражанай зямлі… 
– Казалі, што баяліся яшчэ ад­наго ўзрыву. У нас там, можна сказаць, моладзь служыла – амаль усе да 40 гадоў, – працяг­вае астраўчанін. – Дзяўчат замужніх на службу не прызывалі, а вось мужчын і сямейных, і халасцякоў было. Салдат тэрміновай службы туды не адпраўлялі – толькі тых, хто ў запасе. 
Да патрэбнага тэрміну Вале­рый не даслужыў 10 дзён – вый­шаў указ да 30 гадоў у Чарнобыльскую зону не адпраўляць, а яму на той момант 21 быў.
– Нас засцераглі, што там нель­га ля­жаць на траве, гуляць у валейбол, доўга знаходзіцца на вуліцы… Але дзе ж ты вытрымаеш! Маладыя, адчайныя! – вяртаецца думкамі ў Рудакова мужчына. – Нядзелі дзве прайшло – і забыліся на ўсе перасцярогі. І купацца хадзілі, і на рыбалку ездзілі. Праўда, рыбу не елі. Нам дзядок мясцовы вуды даваў – яму ўлоў і  насілі.
Кармілі ваеннаслужачых як на ўбой. На згушчонку ніхто гля­дзець не мог, сабакі мясцовыя нават яйкі вараныя навучыліся лупіць: шчоўк-шчоўк – толькі шкарлупіны адляталі.

7.jpg

У Рудакова з мясцовых за­с­таліся толькі старыя, якія не захацелі высяляцца. Бабулі штодня прыходзілі да нас пад сталоўку за адыходамі – бралі іх свіням. Уся бульба, што капалі пасля ўзрыву, пагніла – яе каля платоў горы ляжалі. Жывёлу не было чым карміць, вось і хадзілі мясцовыя ў часць.
– Доза апраменьвання, якую мы можам атрымаць, не павінна была перавышаць 25  рэнтген – хто «набіраў», адпраўлялі дахаты, – 
тлумачыць Валерый. – Некаторыя хлопцы прасіліся, каб іх адпра­ві­лі на рэактар смецце вывозіць: «схопяць» дозу – і дамоў. У мяне вадзіцельскіх правоў не было, ды і не рваўся я хутчэй адбыць. А потым дозу апраменьвання знізілі да 10 рэнтген.
– А як трава там хутка расла – нібы цягнуў яе з зямлі хто! – прыгадвае мужчына. 

2.jpg

«Працавалі на аптымізме» 
Пасля медвучылішча Тамара адпрацавала чатыры гады па размеркаванні ў вёсцы Бая­ры Гродзенскага раёна, а потым у Гродне ўладкавалася медсястрой у лор-кабінет. Там дзяўчына і атрымала павестку ў Рудакова. 

6.jpg

– Мне тады 24 гады было, – расказавае Тамара. –  Прыйшла павестка з ваенкамата – і паехала. Адбыла там чэрвень-ліпень. Некаторыя баяліся – шукалі хваробы, ішлі на бальнічны… А я  паехала не таму, што адчайная была. Проста мы нічога не ведалі пра наступствы аварыі, пра тое, чым можа абвярнуцца гэтая камандзіроўка, – ні па тэлебачанні, ні ў газетах жа нічога не паведамлялі, не тлумачылі. Чулі, што аварыя была. А што і да чаго?..
Працаваць у зону адчужэння медсясцёр накіроўвалі тэр­мі­нам на два месяцы – і толь­кі не­замужніх. З Гродзенскай воб­ласці тады паехала 40 дзяўчат.
На размеркавальным пункце ў Слуцку медыкаў папярэдзілі, што яны яшчэ могуць перадумаць, але склад камандзіраваных не змяніўся.
Прыбыўшых засялілі ў інтэрнат, што быў ля шпіталя. У медсанбаце Тамара стала працаваць старшай медсястрой у тэрапеўтычным аддзяленні. Абслугоўвала гэта ўстанова ваенныя часці наваколля.

5.jpg

– Працавалі мы на аптымізме – не пускалі дурных думак у галаву, – усміхаецца Тамара.
Там жа, у Рудакове, мед­ра­ботнікі прынялі прысягу.
– Два разы на дзень, раніцай і вечарам, у нас былі пастраенні, – узгадвае службу жанчына. – Думала, ніколі не запомню, як адрозніваць ваеннаслужачых па званні – але вывучыла. Трэба было і чэсць аддаваць, і па ўставе звяртацца – навучылася.  
Самым складаным для дзяў­чат было хадзіць па форме: лета, спёка, а яны ў дадатак да нязвыклага адзення яшчэ і ў кірзавых ботах.  Праз нейкі час, бачна, пашкадаваўшы жаночыя ногі, ім дазволілі насіць свой абутак. 
Здароўе ўсіх служачых тры­малі на кантролі: кожны тыдзень бралі аналізы крыві.
Каб хоць неяк разнастаіць быт «адчужэнцаў», у часць прывозілі кіно, ладзілі ў клубе танцы, часам медсанбатаўцы выязджалі ў іншыя воінскія часці.
– Туды ехалі аўтобусам, а вяр­таліся поездам – 15 гадзін у дарозе. Цяпер дзіўным можа паказацца, а для нас, зялёных, гэта здавалася нейкай рамантыкай! – смяецца жанчына. – Для мяне гэтыя два месяцы праляцелі як адзін дзень.

IMG_1000.jpg

Калі дзяўчына прыехала да бацькоў, маці, наслухаўшыся размоў вяскоўцаў пра тое, што яе Тома доўга не пражыве, бо была ў Чарнобылі, у радыяцыі, – падзялілася набалелым з дачкой. Але тая толькі адмахнулася: не слухай ты нікога! Усё будзе добра. 
– Цяпер я разумею, што магло па-рознаму стацца, – уздыхае Тамара. 

А што далей?
Аддаўшы доўг Радзіме, Валерый і Тамара вярнуліся на былыя месцы працы. Іх ся­броў­ства, якое пачалося падчас службы ў медсанбаце, перарасло ў каханне, і праз год яны пажаніліся. Тамара прыехала да мужа ў Астравец – ні на яе роднай Шчучыншчыне, ні на яго Іўеўшчыне маладыя жыць не захацелі. 
– Спачатку здымалі пакой у прыватным доме – у Астраўцы тады вельмі складана было жыллё знайсці. Потым ад Валеравай работы – ён працаваў ужо ў Астравецкай міжкалгас­най будаўнічай арганізацыі – пакой у інтэрнаце, што на вуліцы Карла Маркса, нам выдзелілі як ліквідатарам; пазней блок на Школьнай атрымалі. З цягам часу кааператыўную кватэру пачалі будаваць – чаргі на дзяржаўную не дачакаліся, – узгадвае Тамара. – Вельмі цяжка было: на першы  ўзнос – 400 долараў – грошы пазычыла  сяброўка, для нас тады гэта было непад’ёмнай сумай. Каб аддаць доўг, выплачваць крэдыт, а яшчэ ж і рамонт трэба было зрабіць, муж паехаў на заробкі ў Расію. 
Тамара ўладкавалася медсяс­т­рой у мясцовую бальніцу. Спяр­ша была ў стаматалагічнай па­лі­клініцы, потым – у кабінеце прафілактыкі, а затым перавялася ў тубкабінет, дзе працуе і сёння.
– Тут я тры гады адна працавала – не было ўрача, – дзеліцца жанчына. – Добра, што мая па­пя­рэдніца Яніна Іванаўна Баранава, якая ўжо была на пенсіі, дапамагала – і парадай, і справай. Я да яе хаты сцёжку вытаптала. 
Пра службу ў зоне адчужэння Валерыю і Тамары штогод нагадвалі абавязковыя мед­камісіі, якія павінны былі праходзіць і іх дзеці;  нейкі час пра гэта «гаварылі» адсутнасць падатку ў  разліковым лістку ды два тыдні дадатковага аплачваемага водпуску.
– Раз на год у санаторый можна было ездзіць  бясплатна – я два разы была, а мой Валера – ніводнага, – расказвае жанчына. – А яшчэ – без чаргі садовы ўчастак узяць. Кажуць, даплата нам да пенсіі будзе як ліквідарам. 
– Але не гэта важна. Самае галоўнае, што ў нас, дзякаваць богу, у жыцці ўсё добра склалася, – падводзіць вынік Тамара. – У нас двое дзяцей, яны ўжо стварылі свае сем’і.



Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» - это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

Текст: