Паміраць збіраешся – а жыта сей – вучыць народная мудрасць

14:23 / 11.04.2020
291
Працягваем дзяліцца з чытачамі дыяментамі народнай мудрасці, спадзеючыся, што яны падтрымаюць нашу прапанову і таксама падзеляцца прыказкамі, прымаўкамі, паданнямі, выслоўямі сваіх бацькоў, бабуляў і дзядуляў.

Алеша Попович и Тугарин Змей» (2004) — смотреть мультфильм ...


Вясна настала! А з ёй – і работа. І як бы ні палохалі нас каронавірусам, старыя людзі не дарэмна казалі: «Паміраць збіраешся – а жыта сей!». Бо «дзе лета нагою – там зіма губою». Таму і круцяцца руплівыя гаспадары, «як Марко ў пекле». Ніхто, праўда, не бачыў, як круціцца ў пекле той Марк, але ж, трэба думаць, што якраз так, як вясной вяскоўцы.

Шмат работы напланавалі, баіцеся не справіцца? «Страшна, дык вачам дулю дай – ды ідзі рабі» – так раілі нашы продкі. 

Але ж і адпачываць час ад часу трэба. «Багата работы – дык сядзь ды пасядзі. Ці ляж ды паляжы», – раіла мая маці. І ў гэтым вялікая мудрасць: адпачыўшы, чалавек зможа зрабіць шмат больш і лепш, чым той, хто працуе  праз сілу.

Але ж і ў адпачынку трэба знаць меру. Бо «ў няўмелага рукі не баляць». Такому што ні загадай, дык «кінецца, як пень за вераб’ямі». І што тут зробіш – «няроўны лес – няроўныя і людзі», калі ўжо «народзіцца цялятка з лысінкай, то з лысінкай і памрэ». Але ж «Бог не цяля, бачыць круцяля!» Таму не варта зайздросціць суседу, у якога ўражай большы, і наракаць, што «багатаму чорт дзяцей калыша!»«Хто дбае, той і мае».

А часам чалавек і хоча нешта зрабіць, але не атрымліваецца. «Не куецца, ды плешчацца!» гаварылі ў роспачы ў такіх выпадках старыя людзі. Ці, калі даводзілася па адной справе некалькі разоў хадзіць – «з-за дурной галавы нагам спакою няма». А яшчэ тым, хто стараўся зрабіць як мага хутчэй, не клапоцячыся, каб было добра,  нагадвалі: «Скупы два разы плаціць, а лянівы – два разы робіць» – бо дрэнна зробленае ўсё роўна давядзецца перарабляць. 

Якраз, як у той жартоўнай прыказцы: 

– Што дочкі робяць?

– Шыюць да пяюць…

– А маці? 

– Распорвае ды плача.

Бо ўсяму трэба вучыцца – «навуку ж за плячыма не насіць». І як не навучышся сам, то «навучыць гора калачоў есці».

І ўсё ж – «дай Бог усё ўмець, ды не ўсё рабіць»

А яшчэ ўспамінаецца прытча ў тэму, якую любіла расказваць мая маці, – пра тое, чаму жанчыны ніколі нічога не паспяваюць, а ў мужчын на ўсё хапае часу.

…Вандраваў Бог з апосталамі па зямлі. І засумняваліся яны: якой дарогай пайсці, каб патрапіць у патрэбнае месца? Бачаць, жанчына бульбу капае, стараецца. Адправіў Бог аднаго з апосталаў спытаць дарогу. 

– Жанчынка, пакажы нам, калі ласка, якой дарогай ісці, – звярнуўся той да маладзіцы.

А тая, не разгінаючыся, махнула нават не рукой – яны ж занятыя! – а нагой у невядома які бок:

– Той!

Паціснуў апостал плячыма, пайшоў да мужыка, які непадалёк траву касіў, з тым жа пытаннем.

– Куды ты так спяшаешся? – уваткнуў касу ў зямлю мужчына. – Давай пастаім, пагамонім, ты раскажаш, куды сабраўся, а я – кудой і як табе ісці…

З таго часу жанчыны і працуюць, не разгінаючыся, а мужчыны маюць час і пагаварыць, і пакурыць, і справу зрабіць.


Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст: Нина Рыбик
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений