Беларуска-расійская love story: ехаў у камандзіроўку – а знайшоў свой лёс

09:03 / 02.04.2020

Дзе чалавеку добра, утульна, спакойна? Там, дзе ён нарадзіўся – ці там, дзе жывуць яго родныя? А можа, там, дзе ён атрымаў прызнанне –ці там, дзе яго разумеюць? Напэўна, там, дзе ён адчувае сябе сваім, калі навакольныя не зважаюць на колер скуры, адметныя рысы твару, асаблівасці мовы, звычкі… Тады і дыхаецца лёгка, і спіцца салодка, і працуецца добра, і жывецца мірна – ПАД АДНЫМ НЕБАМ.

А калі такіх месцаў, якія сталі роднымі, у чалавека некалькі? Тады кожнае з іх проста займае асобны куточак у душы.

Гісторыя кахання Сяргея і Эдзіты Рэдзіных пачалася ў сацыяльных сетках – ды так іх зацягнула, што выйшла за межы сусветнай павуціны, злучыўшы любячыя сэрцы заручальнымі пярсцёнкамі і клятвай перад алтаром.

IMG_0566.jpg

За 2 000 кіламетраў ад радзімы

На будаўніцтва Беларускай АЭС расіянін Сяргей Рэдзін быў камандзіраваны – у 2015 годзе прыехаў у Астравец.

Пасля Масквы, дзе да гэтага працаваў малады чалавек, наш горад спадабаўся размеранасцю, адсутнасцю мегаполіснай мітусні. Утульна, чыста, прыгожа, дагледжана, людзі ветлівыя, спагадлівыя – ён адчуваў сябе як дома.

– Лёгка было, без напружання. Адно толькі дзяўчаты насцярожана пазіралі – маўляў, ведаем мы вас, прыезджых,  смяецца ён.

У 2016-м вярнуўся на Радзіму – трэба было абараняць дыплом. Вяртацца хлопец не планаваў – але ў сацыяльных сетках яго “зацапіла” фота адной беларускай прыгажуні.

– У мяне быў выбар: ехаць на працу ў Якуцію альбо ў Беларусь,  расказвае Сяргей. – Спыніўся на апошнім.

Сяргей прыехаў з поўдня Расіі – Усць-Лабінска, што ў Краснадарскім краі на мяжы з Рэспублікай Адыгея. Папярэдне горад быў казацкай станіцай, якая ўзнікла ля зліцця рэк Кубань і Лаба вакол Аляксандраўскага рэдута – крэпасці, закладзенай Аляксандрам Суворавым.

– Клімат і прырода, канешне, адрозніваюцца: тут лясы, а ў нас стэп, горы, мора непадалёк, летам гарачыня – +40, увесь час сонечна, дажджоў не дачакацца. Цяпер ужо 18 градусаў цяпла,  параўноўвае мужчына. – Зіма такая ж як у Беларусі сёлета, але зусім кароткая.

– Наша мясцовасць шматкультурная – жывуць людзі розных нацыянальнасцей. Аднак рознагалоссяў няма: разам святкуем, дапамагаем адзін аднаму, традыцыі цесна перапляліся, нават па нацыянальных касцюмах гэта бачна, у казакоў і джыгітаў папахі і буркі вельмі падобныя,  расказвае пра сваю радзіму малады чалавек.

Кубанская кухня, як і культурныя традыцыі, таксама змешаная: аднолькава любяць тут і боршч, і варэнікі, і шашлык, і плоў, і сала, і запечаную на вуглях гародніну альбо шампіньёны і разнастайную зеляніну.

За чаем.jpg

– Бульбу ў нас таксама любяць, але такіх страў, як, напрыклад, дранікі, я не еў – вельмі хацелася пакаштаваць, калі ўкраінцы, з якімі разам працаваў, расказвалі,  усміхаецца Сяргей Рэдзін. – Праўду кажуць, што думкі матэрыяльныя: не толькі бульбяныя аладкі цяпер ем, дарэчы, вельмі смачна, але і цэпеліны, клёцкі, верашчаку, кішку – у нас крывянку ў ёй робяць. А яшчэ тут разнастайныя саленні ставяць.

Зачапіў «падабайкамі»

Выбар Сяргея папрацаваць у Беларусі стаў лёсавызначальным – тут ён знайшоў сваё каханне.

– Калі прыехаў у ваш горад, я адразу знайшоў у сацыяльных сетках суполку «Астравец» і дадаўся да яе, каб быць у курсе мясцовых навін, – узгадвае гісторыю віртуальнай сустрэчы з жонкай Сяргей. – І ў рэкамендацыях на сяброўства ўбачыў Эдзіту.

Перапіска.jpg

– У ліпені 2016-га мае фота пачаў «лайкаць» у «Аднакласніках» незнаёмы хлопец. Стала цікава, хто тут так актыўнічае. Зайшла на яго старонку, паглядзела, што рускі, атамшчык. Агульных сяброў у нас з ім не было, і як ён трапіў на маю старонку, я не разумела – таму спачатку ігнаравала гэтыя знакі ўвагі, – расказвае пра заляцанні Сяргея Эдзіта.

Але малады чалавек быў настойлівым і ўсё ж дачакаўся адказу: дзяўчына адзначыла «падабайкай» яго фотаздымак. І Сяргей перайшоў у больш рашучае наступленне: напісаў прыгажуні. Яна адказала – і пачалася перапіска: прывітанні, кампліменты, цікаўленне справамі і «прашчупванне глебы» – ці ёсць другая палавінка і якія думкі наконт сямейнага жыцця. Так доўжылася амаль два месяцы. Праўда, сябры хлопца не верылі, што з гэтых перапісак нешта выйдзе, маўляў, ды супакойся ты.

Упершыню маладыя людзі спаткаліся на чыгуначным вакзале ў Гудагаі – Эдзіта прыехала сюды сустракаць віртуальнага сябра, які пасля абароны дыпломнай работы вяртаўся ў Астравец. Дарэчы, бацькоў тады Сяргей папярэдзіў, што вяртаецца ў Беларусь за сваёй нявестай.

1.jpg

– Я нават час помню – гэта было ў 00.01, – расказвае жанчына. – Стаю, чакаю – я ж яго ўжывую не бачыла, толькі па тэлефоне гаварылі, думаю: які ён? І тут ідзе высокі статны хлопец у касцюме «Адзідас» і з чамаданам у руцэ. Падвезла яго да інтэрната, мы яшчэ доўга сядзелі, размаўлялі. Маці пазней казала: дзе была твая галава?

Пра што тады думала Эдзіта і сама не ведала – проста лёс вывёў маладых людзей з віртуальнасці ў рэальнасць.

Паяднаныя каханнем

Маладыя людзі сталі сустракацца. А праз год згулялі вяселле.

– Праўда, перад гэтым было выпрабаванне нашых пачуццяў адлегласцю, – узгадвае Эдзіта. – Я так плакала…

Толькі амурчык дастаў свае стрэлы, каб распаліць агеньчык кахання, – як Сяргея з астравецкага аб’екта адправілі ў двухмесячную камандзіроўку на Крайні Поўдзень. Зноў перапіска, “падабайкі”, а яшчэ фота, зробленыя спецыяльна для яе, – з сэрцайкамі, усмешкамі… З кожным новым днём хлопец і дзяўчына ўсё больш упэўніваліся, што патрэбны адзін аднаму.

Прывітанне ад Сяргея з Поўначы.jpg

– Новы 2017 год Сяргей сустракаў на Поўдні, ён мне патэлефанаваў у 12 ночы павіншаваць – і ўпершыню ад яго я пачула «люблю»– расказвае жанчына. – У мяне пацяклі слёзы.

Пасля вяртання ў Беларусь, малады чалавек зрабіў каханай прапанову рукі і сэрца – яна, не вагаючыся, згадзілася. Сяргей павёз Эдзіту да сябе на радзіму, каб пазнаёміць з роднымі – дзяўчына прыйшлася ім даспадобы. «Забірай яго», – адагалосна рэзюмавалі родзічы і сябры.

– Вяселле спраўлялі ў Беларусі – у мяне менш гасцей планавалася – ім прасцей было сюды прыехаць. Шлюб бралі ў гервяцкім касцёле, – узгадвае мужчына. – Папацеў я на выкупе. У мяне ж на радзіме нявесту крадуць, жаніх прыходзіць са світай казакоў ды джыгітаў – і пакуль адны адцягваюць увагу, іншыя дапамагаюць пракрасціся да дзяўчыны. Незвычайным было для мяне і пажаданне маладым доўгага жыцця – прыгожа спяваюць «Сто лят».

Вяселле Рэдзіных.jpg

Пытання, дзе жыць, нават не ўзнікала: канешне ж, на радзіме Эдзіты – у Варнянах. Не толькі таму, што Сяргей працуе на будаўніцтве АЭС – пасля заканчэння кантракту, гаворыць мужчына, работу ён сабе знойдзе і тут, яму добра там, дзе яго сям’я, ды і ў Беларусі ён адчувае сябе як дома.

– Я нават да мясцовай гаворкі амаль прызвычаіўся, сам некаторыя словы стаў у размове ўжываць, – смяецца Сяргей. – Праўда, часам перапытваю ў цешчы, што яна сказала, але ў большасці перакладаць не трэба. Від на жыхарства ўжо атрымаў, – дэманструе дакумент малады чалавек. – А ў бацькоў я бываю штогод у адпачынку.

IMG_4224.jpg

– Як паедзем на машыне – шэсць тысяч кіламетраў наматаем, пакуль усіх родзічаў ды сяброў мужа наведаем, – расказвае Эдзіта. – Прырода там прыгожая, людзі адкрытыя, добрыя – хоць бываю рэдка, не адчуваю сябе чужачкай.

Эдзіта і Сяргей у Валгаградзе.jpg

Калі Рэдзіны выпраўляюцца на радзіму Сяргея, акрамя падарункаў абавязкова вязуць з сабой каўбасы і гервяцкую тушонку – гэтыя прысмакі вельмі любяць там, дарэчы, як і нашу “малочку”.

– Купіць беларускія мясныя і малочныя вырабы можна і ў нас, але каштуюць яны вельмі дорага ў параўнанні з мясцовымі цэнамі, – гаворыць мужчына.

Сям’я Рэдзіных яшчэ зусім маладая – ёй няма і трох гадоў, але падмурак свайму каханню Сяргей і Эдзіта заклалі добры: яны бацькі двух сыночкаў – Жэні і Ванюшы. А ці не гэта лепшы доказ таму, што не існуе для сапраўдных пачуццяў ні межаў, ні нацыянальнасцей, ні адлегласцей – калі аб’ядноўвае згода, спагада ды любоў.

Сямя.jpg



Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

Текст:
Фото: Рита Дремо и из архива героев