Беларусь помніць: Як Іван Рогач адшукаў магілу свайго дзядзькі, загінулага ў 1945

09:03 / 18.03.2020
Не адзін дзясятак гадоў спатрэбілася аст­раў­чаніну Івану Рогачу, каб знайсці месца пахавання дзядзькі, стралка аднаго з палкоў, які вызваляў захопленыя тэры­торыі і толькі месяц не дажыў да Перамогі.

– У сям’і майго дзеда, Ігната Мікалаевіча Сухарэўскага, было трое дзяцей: сын Міхаіл і дзве дачкі – Уладзіслава (мая маці) і Леакадзія, – расказвае Іван Рогач.

Міхаіл быў старэйшым, нара­дзіўся ён у 1925 годзе. Калі пачалася вайна, юнаку не хапала гадоў, каб ісці на фронт.

0.jpg

Міхаіл Сухарэўскі


– Калі дзядзьку споўнілася 18, яго і яшчэ некалькі мясцовых хлопцаў  з Супранентаў – там жыла сям’я дзеда – прызвалі ў армію. На той час Міхаіл Ігнацьевіч жыў у Вільнюсе – там вучыўся. Таму і прызываў яго  Вільнюскі ваенны камісарыят, – узгадвае лёс свайго дзядзькі Іван Рогач.

Часам у вёску прыходзілі ваен­ныя «трохкутнікі» – салдат  расказваў бацькам, што знахо­дзіцца на польскай тэрыторыі, потым у лістах фігурыравала Германія. А ў лютым 1945 пера­піска спынілася...

Супраненты на той час ад­носіліся да Свірскага раёна, які, як і Астравецкі, быў вызвалены ў 1944 годзе. Людзі аднаўлялі гаспадарку, працавалі, весткі аб Вялікай Перамозе 1945-га сустракалі з радасцю.

Пакрысе на радзіму сталі вяртацца салдаты.  Радасці іх бацькоў  не было межаў. Але прыйшлі не ўсе. Не дачакаліся свайго сына і Сухарэўскія. І ніякіх звесткаў пра тое, дзе ён і што з ім, бацькі не атрымалі…

– Мой дзед быў адукаваным чалавекам, з’яўляўся дэпутатам абласнога Савета. У пошуках сына ён адправіў дзясяткі запытаў у розныя інстанцыі. Пісаў нават у Генеральны штаб СССР, – са слязьмі на вачах гаворыць  Іван Іванавіч. –  Каб штосьці даведацца, яму спатрэбілася 15 гадоў. Толькі ў 1960 годзе дзед атрымаў паведамленне, што яго «сын, стралок 4 дывізіі 10 палка,  радавы Міхаіл Ігнацьевіч Сухарэўскі ў баях за Радзіму,  верны воінскай прысязе, праявіў мужнасць і геройства, быў паранены  і памёр ад ран 10 красавіка 1945 года».

У гэтым жа пісьме паведамлялася і месца пахавання – воінскія могілкі на тэрыторыі Польшчы.

– Тады ж, у 1960 годзе,  дзядулю пачалі выплачваць пенсію па страце карміцеля, – расказвае Іван Рогач. – Памятаю, аднойчы ў чарговы юбілей Вялікай Перамогі падарылі прыгожы наручны гадзіннік  – дзед, калі я ішоў у армію, уручыў яго мне. На жаль,  я не змог зберагчы памяць пра дзядзьку – гадзіннік укралі, але вярнуўшыя з войска, я набыў такі ж самы – і сёння ён захоўваецца ў нас.

Ігнат Мікалаевіч Сухарэўскі марыў, што некалі ён зможа  трапіць на магілу свайго сына, запаліць свечку і падзякаваць за Перамогу... Толькі ў той час  паехаць у Польшчу было складана.

Атрымалася гэта ў яго ўнука, Івана Рогача, толькі ў  80-я гады.

– Дзесьці ў 1986-м я быў у Польшчы. Са слоў маці ведаў, што дзядзька пахаваны на воінскіх могілках у мястэчку Вальч. У гады вайны гэта была нямецкая  тэрыторыя, пазней яна стала належаць Польшчы, – расказвае Іван Рогач. – Я з сям’ёй быў у гасцях у родзічаў, якія жылі ў Піле. Едзем мы на аўтамабілі  і раптам бачым указальнік – Вальч. Пацікавіўся ў родзіча, ці ёсць тут воінскія пахаванні, і калі пачуў станоўчы адказ,  папрасіў спыніцца.

У той дзень магілу дзядзькі Іван Рогач не знайшоў. І на наступны зноў адправіўся ў Вальч. Заехаў спачатку ва ўправу, дзе і даведаўся месца пахавання  свайго  дзядзькі.

zdjecia-05133.jpg



– Сотні брацкіх магіл, дзя­сяткі радоў. На кожнай пліце – па некалькі прозвішчаў. Даве­даў­шыся, на якім месцы спа­чывае мой дзядзька, зрабіць гэта было лягчэй, – расказвае Іван Рогач.

– Вы не ўяўляеце,  якія гэта былі эмоцыі… Радасць і горыч адначасова ад усведамлення таго, што нарэшце мы ведаем, дзе закончыў свой жыццёвы шлях блізкі нам чалавек. Усё ўбачанае мы знялі на відэакамеру, я прывёз відэазапіс дамоў. На той час дзеда, на жаль, ужо не было, але яшчэ жылі дзве сястры Міхаіла – яны радаваліся і плакалі, што, нарэшце,  даведаліся, дзе пахаваны іх брат. 

Цяпер ужо гістарычныя здымкі Іван Іванавіч дэманструе сваім дзецям і ўнукам.

– Трэба, каб сённяшняе пакаленне ведала, што такое вайна і якія беды і гора яна нясе чалавецтву, – разважае Іван Рогач. –   Тады ж,  у 80-я, калі я даведаўся, дзе знаходзіцца магіла майго дзядзькі, мне паведамілі, што ў цэнтральным архіве ў  Варшаве  ў спецыяльнай ячэйцы за­хоў­ваюцца і яго рэчы – цяпер займаемся гэтым пытаннем.

Але ёсць у Івана Іванавіча і яшчэ адна мара: ён лічыць, што прозвішча дзядзькі павінна быць нанесена на мемарыяльную плі­ту, што ўстаноўлена ля пом­­ніка за­гінулым землякам у Астраўцы

– Для нашай сям’і гэта вельмі важна – гэта памяць аб родным чалавеку, які аддаў жыццё дзеля мірнага неба для сваіх нашчадкаў, – гаворыць Іван Рогач. 

75 гадоў мы жывём у вольнай краіне… Не гінуць ад узрываў снарадаў і мін людзі… Здаецца, што пра тыя часы мы ведаем ужо ўсё. Але кожны дзень прыносіць новыя звесткі пра герояў вайны. Памяць пра тых, хто падарыў нам  мір, свабоду  і шчасце, жыве ў сэрцах нашчадкаў.



Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст:
Фото: их архива семьи Рогач