Пра споведзь расказваюць каталіцкі і праваслаўны святары

15:36 / 15.03.2020
Падрыхтоўку да Уваскрэсення Хрыста немагчыма ўявіць без шчырай споведзі. 

IMG_3497.jpg

У перыяд Вялікага посту каталіцкага і праваслаў­нага святароў мы папрасілі адказаць на 5 пытанняў аб галоўным:
1. Споведзь – абавязак кожнага хрысціяніна ці ўсё ж покліч душы?
2. Ці часта трэба спавядацца?
3. Здараецца, што святароў становіцца не толькі спа­вед­ніком, але выступае ў ролі псіхатэрапеўта. Як вы ставіцеся да гэтага? Такое сумяшчэнне дапушчальнае ў рэлігіі?
4. Якія грахі вы не маеце права адпускаць?
5. Каму забараняецца спавядацца?

Настаяцель прыходаў Святога прарока Іліі ў Аль­хоўцы і свяціцеля Іаана Шанхайскага і Сан-Францыскага ў Варнянах, іерэй Леанід ЧАРНЯЕЎ:

IMG_3424.jpg

1. Безумоўна ў чалавека павінна быць жаданне паспавядацца. Аднак у жыцці здараюцца выпадкі, калі вернік проста абавязаны гэта зрабіць, напрыклад, аварыя ці хвароба. Людзі часам блытаюць споведзь з прычасцем, але гэта два розныя таінствы. Споведзь можа быць спантанная, а падрыхтоўка да прычасця шматузроўневая. 

2. У кожнага свой час для споведзі і прычашчэння. Напрыклад, дзетак да трох з палавінай гадоў у царкву прыносяць прычашчаць бацькі. Пажадана, каб ва ўзросце да сямі гадоў дзіця перад гэтым таінствам не ўжывала ежы. Пасля гэтага ўзросту варта хадзіць да споведзі. Бацькі, у тым ліку і хросныя на ўласным прыкладзе павінны паказваць і вучыць дзіця, што такое вера.
У царкоўным вучэнні дакладна не прапісана, як часта трэба спавядацца, – чалавек сам для сябе гэта вызначае. 

3. У сённяшніх рэаліях святар павінен быць не толькі дасведчаны ў духоўным жыцці, але і рознабакова адукаваным  – і гэта факт. 
Каля 60-70% людзей лічаць, што на споведзі дастаткова толькі пералічыць грахі. Але гэтага недастаткова. Галоўнае – адказаць для сябе на пытанне: навошта мне патрэбна споведзь? Хтосьці скажа, каб зняць з душы камень, іншы – для таго, каб выканаць перад сабой абавязак, аддаць нешта Богу ці стаць прыкладам для сваіх дзяцей. Як рака нясе воды і зносіць пясок – робіць намывы, так і чалавек забруджвае сваю душу дрэннымі ўчынкамі, словамі, думкамі. А яна патрабуе ачышчэння. Сапраўдная споведзь немагчымая без пакаяння. Бог і так усё ведае. Трэба не баяцца папрасіць у Яго: «Госпадзі, я слабы, дапамажы мне, а я прыкладу ўсе  намаганні, каб выправіцца, і буду імкнуцца больш гэтага не рабіць». 

4. Адпускае грахі Бог, а не святар. Бацюшка толькі чытае «Дазвольную малітву». Самае галоўнае – як пасля таінства споведзі далей складваецца жыццё чалавека, якія плады ён прыносіць Богу. У гэтым сэнсе вельмі паказальная прыпавесць пра мытніка Закхея, які тым, каго пакрыўдзіў, аддаў у чатыры разы больш, а палавіну ўсяго свайго багацця ахвяраваў патрабуючым. 
Калі чалавек неаднаразова наўмысна і свядома знеслаўляе Дух Святы – такі грэх не адпускаецца. Шмат пытанняў ўзнікае вакол людзей, якія пазбавілі сябе жыцця, – такі грэх таксама не адпускаецца, таму што ў чалавека ўжо няма магчымасці пакаяцца. Часам людзі просяць, каб бацюшка блаславіў на малітву за самагубцу. У кожнай падобнай сітуацыі патрабуецца індывідуальны падыход: людзі павінны даць сабе адказ – што такое малітва і ведаць, як трэба маліцца ў розных жыццёвых сітуацыях. Распрацаваны асаблівы чын суцяшэння для тых людзей, якія з’яўляюцца сваякамі самазагубцаў.

5. Калі па стане здароўя ці іншых аб’ектыўных прычынах веруючы не можа прысутнічаць у храме, святар можа паспавядаць яго дома. Існуе памылковае меркаван­не, што жанчынам у стане «нечысціні» забаронена пры­ходзіць у храм. Гэта не так: можна прысутнічаць на службе і спавядацца, калі ў гэтым ёсць патрэба. Але прыкладацца да ікон, крыжоў дазваляецца тады, калі гэты перыяд скончыцца. У выпадку пагрозы жыццю кожны чалавек мае права прычасціцца.  

Пробашч парафій Святога Міхала Арханёла ў Міхалішках, Найсвяцейшай Панны Марыі з гары Кармэль у Жукойнях Жалядскіх і Святога Яўхіма ў Клюшчанах, ксёндз Анатоль ЗАХАРЭЎСКІ:

1.jpg

1. У першую чаргу споведзь – гэта покліч душы. У чалавека павінна з’явіцца непераадольнае жаданне  ачысціцца ад грахоў і стаць бліжэйшым да Бога. Такі стан я параўнаў бы з вядомай прыпавесцю пра блуднага сына. Ён выракся самага блізкага і дарагога чалавека – бацькі і выбраў зямныя даб­роты і грошы. Урэшце, усё страціўшы, ён вярнуўся да бацькі, які сардэчна сустрэў, а галоўнае – прыняў сваё дзіця. Гэтаксама і мы, як блудны сын, з-за грахоў аддаляемся ад Бога. Наблізіцца да яго нам дапамагае споведзь. 
З другога боку споведзь – абавязак кожнага веруючага чалавека. Мы ж клапоцімся пра сваё цела, але чамусьці часам забываем пра душу. 
Мне вельмі блізкія словы святога Францыска Азісскага, які раіў ісці да споведзі, калі чалавеку баліць душа ці яго нешта моцна турбуе.

2. Паводле каталіцкага катэхізіса спавядацца трэба не радзей, чым раз у год, і абавязкова прымаць святую камунію ў Велікодны перыяд. Ён працягваецца амаль сто дзён – ад Папяльцовай серады да ўрачыстасці Спаслання Святога Духа. 

3. У пэўным сэнсе святар не толькі спавяднік, але і псіхолаг ці псіхатэрапеўт. Людзі прыходзяць да нас з клопатамі, турботамі, праб­лемамі. Мне запомніўся выпадак, сведкам якога я быў. Я сустрэў міністранта, вочы якога ў прамым сэнсе свяціліся. Пацікавіўся ў юнака прычынай такіх станоўчых перамен. І ён шчыра адказаў: «Я быў у споведзі… Я такі шчаслівы!»
Безумоўна, патрэбны псі­хо­лагі і псіхатэрапеўты, але споведзь, асабліва калі яна шчырая і сапраўдная, – вялікі дар. 
У вучэнні каталіцкага касцёла ёсць пяць умоў добрай споведзі:
1) рахунак сумлення нечым нагадвае ўнутраную рэвізію ці сустрэчу з усімі сваімі грахамі; 
2) шчыры жаль за грахі; 
3) цвёрды намер выпра­віцца;
4) шчырая споведзь;
5) кампенсацыя Богу і бліжнім за грахі.
Самы апошні крок не абмяжоўваецца выкананнем  пакуты, якую даў святар. Калі вы некага пакрыўдзілі, папрасіце прабачэння і пастарайцеся нейкім чынам загладзіць сваю віну.

4. У сакрамэнце пакаяння не святар, а сам Бог адпускае грахі. Мы – усяго інструмент у Яго магутных руках. Служэнне спаведніка адказнае і складанае: праз нас чалавек размаўляе з Богам пра свае самыя балючыя і слабыя месцы – грахі. Мы, як і звычайныя вернікі, таксама спавядаемся – але ў іншых святароў, самі сабе адпусціць грахі не можам.

5. Спавядацца нельга тым, хто жыве без шлюбу ці па­рушыў яго. Аднак у крытычных сітуацыях, калі ёсць пагроза жыццю, кожны чалавек мае права на адпушчэнне грахоў.




Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup


Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» - это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст:
Фото: Алена Ганулич