Варнянскія школьнікі засвяціліся на фестывалі педагагічных класаў

13:27 / 27.02.2020

У дзень нараджэння Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы – 22 лютага яму споўнілася 80 гадоў – педагогаў і навучэнцаў вобласці сабраў фестываль педагагічных класаў. Астравеччыну на ім прадстаўляла каманда Варнянскіх ясляў-сада – сярэдняй школы.

viber_2020-02-24_13-17-52.jpg

– Для нашай установы адкрыццё педагагічных класаў стала традыцыяй. Тры гады назад выпускнікі першага педкласа вызначыліся з далейшай жыццёвай дарогай: з сямі вучняў чатыры абралі педагогіку і сёння паспяхова вучацца ва ўстановах Беларусі, – расказала дырэктар Варнянскага НПК Алена Юркойць. – У гэтым навучальным годзе 14 юнакоў і дзяўчат увайшлі ў педагагічную групу 10 класа і ўдзельнічаюць у першых педагагічных пробах, наведваюць факультатыў “Уводзіны ў педагагічную прафесію”. А нядаўна ім пашчасціла паўдзельнічаць у абласным фестывалі педкласаў, пазнаёміцца са сваімі аднадумцамі і набыць новых сяброў.

29 каманд з Гродзенскай вобласці змаглі праявіць свой талент праз шэраг конкурсных этапаў: у фармаце візітоўкі ўдзельнікі прадстаўлялі каманду і ўстанову; праз відэапрэзентацыі расказ валі пра свой клас; у конкурсе “Педагог – гэта стыльна! Класна! Адказна! Перспектыўна!..” вучні дэманстравалі творчыя здольнасці? ; а ў сценгазеце “Адзін дзень з жыцця настаўніка 2050 года” расказвалі пра будучыню сістэмы адукацыі.

Варнянская каманда ў складзе Дзіяны Калпак, Дзіяны Яновіч, Таццяны Пяткевіч, Інгі Лукашэвіч, Яны Стакун і Аліны Вярбовіч паказала свае лепшыя якасці: адказнасць, крэатыўнасць, творчы падыход і ўлюбёнасць у сваю справу.

viber_2020-02-24_17-58-51.jpg

Асобна праходзіў конкурс для педагогаў “Мае вучні – мой педагагічны працяг”, дзе настаўнік беларускай мовы і літаратуры, класны кіраўнік 10 педагагічнага класа Валянціна Місевіч даказала, што яна мае гэты працяг: многія яе вучні сталі настаўнікамі, хтосьці яшчэ вучыцца, ну а сённяшнія дзесяцікласнікі ўпэўнены, што настаўніцтва стане стылем іх жыцця.

– Адна з галоўных мэт фестывалю – фарміраванне станоўчай матывацыі да педагагічнай дзейнасці і асэнсаванай пазітыўнай устаноўкі на выбар прафесіі педагога. Такія мерапрыемствы патрэбны, яны вучаць паважаць, любіць і цаніць прафесію педагога, – упэўнена Валянціна Іосіфаўна.

Па выніках мерапрыемства ўсе ўдзельнікі ўзнагароджаны сертыфікатамі і памятнымі падарункамі. Акрамя гэтага, варнянская каманда атрымала дыплом у намінацыі “Самыя меладычныя”, а Валянціна Місевіч дыплом у намінацыі “Тактоўнасць і чуласць”.

Наталля АДУЛА, намеснік дырэктара Варнянскага НПК.

Текст: Главный администратор