Парыж: каханне з першага погляду

12:03 / 22.02.2020
338
Памятаеце стары анекдот: «Я зноў мару пра Парыж… А ты што, быў у Парыжы? Не, але я пра яго ўжо марыў».

Гэта амаль што пра мяне: пра Парыж я марыла даўно. Некалькі разоў паездка зрывалася літаральна напярэдадні адпраўкі. І я вырашыла, што, напэўна, не лёс нам спаткацца… Тым больш, што ўсё часцей чула: «Фу, Парыж… Нічога добрага там няма: смецце, чорныя, турысты, «жоўтыя камізэлькі»…» І я амаль пераканала сябе, што не так ужо і моцна хачу ў той Парыж… 

Але ж нездарма кажуць: «Не дазваляйце вашым вушам паверыць у тое, чаго не бачылі вашы вочы!»

…Насуперак усім папярэ­джанням буркуноў я закахалася ў Парыж да дрыжыкаў у каленях з першага погляду – адразу і беспаваротна, толькі ўбачыўшы яго з акна аўтобуса. 

1.jpg



Я не бачыла смецця і па­цукоў, якімі мяне палохалі «ўсёведы».

Мяне не раздражнялі цёмнаскурыя прадаўцы сувеніраў – па-першае, таму, што сувеніры ў іх дзешавейшыя разы ў два ці тры, чым такія ж у спецыялізаваных лаўках, а, па-другое, таргавацца з імі – вясёлая прыгода нават для мяне, ні разу не гандляркі. І як не ўсміхнуцца, калі, пачуўшы слова «Беларусь» сенегальскі афрафранцуз, чарнейшы, чым лістападаўская ноч, радасна крычыць: «О, Лукашэнка! Землякі!» 

А турысты – не любіць іх, маг­чыма, могуць карэнныя парыжане – калі такія яшчэ заста­ліся ў сталіцы Францыі. Ды і то, падлічыўшы, колькі грошай пакідаюць у іх горадзе жыхары планеты, якіх тут, па афіцыйных звестках, за год бывае ў 25 разоў (!) больш, чым мясцовых жыхароў, яны наўрад ці маюць на гэта права. А нам, турыстам, за што ж не любіць сваіх братоў па пошуку новых уражанняў, ведаў, адчуванняў, суседзяў па чэргах і спадарожнікаў па праменаду? Яны такія ж, як і мы, – а мы такія, як яны.

Ах, я ж амаль забылася пра «жоўтыя камізэлькі», якія, калі верыць тэлевізару, ваю­юць у цэнтры горада, пад Трыумфальнай аркай, кожны выхадны! Але, як расказала нам гід, новая французская рэвалюцыя праходзіць строга па раскладу: па суботах з 9.00 да 18.00 з абавязковым перапынкам на абед. Так што па Елісейскіх палях мы прагуляліся і пад Трыумфальнай аркай сфатаграфаваліся без усялякіх перашкод, бо былі там, па-першае, у будні дзень, а, па-другое, вечарам. «Жоўтых камізэлек» не сустрэлі!

А забастоўку – так, бачылі. І нават ледзь не сталі яе міжвольнымі ўдзельнікамі (ці, хутчэй ахвярамі). Калі на другі дзень знаходжання ў Францыі ехалі з атэля ў Версаль, трапілі ў амаль нерухомую дарожную пробку. Добра, што наш гід, дзякуючы інтэрнэту, своечасова даведалася, што французскія фермеры на трактарах занялі ўсе тры паласы аўтастрады ў Парыж – мы паспелі з’ехаць на другасную дарогу і аб’ехаць забастоўшчыкаў. 

Хоць французы – вядома, не тыя, што вымушаны былі прастаяць у пробцы цэлы дзень (вяртаючыся, мы пабачылі «свае» трактары на тым жа месцы, дзе пакінулі іх ранкам), – спачувальна адносяцца да патрабаванняў сельскіх жыхароў: за сваю нялёгкую працу яны атрымліваюць мізэрныя грошы. Усё, як ва ўсіх, што ў Еўропе, што ў нас: бедныя «калгаснікі»…

Словам, усе змрочныя прагнозы на маё знаёмства з Парыжам не апраўдаліся! Можа, усе тыя недахопы і сапраўды «мелі месца быць» – але ж калі любіш, на іх проста не звяртаеш увагі!

І гэтаксама немагчыма рас­тлумачыць, за што любіш. Я спрабую сама сабе адказаць на пытанне аднаго з калег: што мне спадабалася ў Парыжы больш за ўсё – і не магу. Гісторыя маёй любові мазаічная, яна складваецца з асобных кавалачкаў-карцінак, якія запалі ў душу.

…Залатая парыжская восень пасля праводзіўшага нас снегам Астраўца і сустрэўшага сцюдзёным ветрам Берліна – дэжавю, вяртанне ў мінулае… Узбоч дарогі цвітуць ружы, пад нагамі – шэпт апалага лісця, якое тут ніхто не прыбірае… І снег (вядома ж, штучны – але зусім як натуральны!) на елачках на калядным кірмашы.  

2.jpg


…Знакамітыя французскія балкончыкі, мода на якія пайшла па ўсім свеце, – так непадобныя на нашы зашклёныя лоджыі, якія ў большасці сваёй уяўляюць склад непатрэбных рэчаў, вялікае вядро для смецця, якое ніхто не выносіць. А там – толькі дзверы на вуліцу і каваная рашотка. У кожнай кватэры – свая, асаблівая, кожная – твор мастацтва, якімі можна любавацца бясконца.

3.jpg


…Водар французскага парфуму – зусім не той, што ў магазінах дзьюці-фры.

…Хруст французскай булкі, дакладней, круасана – смак яго сапраўды асаблівы. Гэта разумееш, аднойчы пакаштаваўшы.

…Двайное жыццё Булонскага лесу: днём гэта месца адпачынку добрапрыстойных мадам, месье, іх дзяцей і сабак. А вечарам узбоч дарогі стаяць (на свае вочы бачылі!) шматлікія «русалкі», «русалы» і «русало», якіх тут называюць «чырвонымі шапачкамі». Кажуць, што за 30 еўра яны гатовы выканаць любы капрыз. Шкада добрае імя мілай дзяўчынкі, якую казачнік Шарль Пярро адправіў да бабулі менавіта праз Булонскі лес – і з-за гэтага няўдзячныя суайчыннікі зрабілі Чырвоную Шапачку сінонімам усялякай непатрэбшчыны. 

…Велічны і строгі храм Марыі Магдалены – блудніцы, якая стала святой, як напамін: няма такога граху, які б не дараваў Бог – калі, вядома, раскаянне будзе шчырым, а наступнае жыццё – самаахвярным і высакародным. (Цікава, ці прыходзяць сюды «чырвоныя шапачкі» з Булонскага лесу?..)

…Плошча Згоды (Согласия), якая адлічвае сваю гісторыю з 1755 года. Спачатку яна называлася плошчай Людовіка XV, затым плошчай Рэвалюцыі – і толькі паля таго, як час прымірыў манархістаў і рэспубліканцаў, стала насіць сённяшнюю назву. Пасля перамогі рэвалюцыі тут стая­ла гіганцкая гільяціна, якая пад радасныя крыкі натоўпу – любіць наш народ крычаць: «Распні», – нібы капусту, шаткавала галовы: акрамя караля Людовіка XVI, каралевы Марыі-Антуанеты, тут закончылі жыццё яшчэ больш як 1 300 чалавек, імёны многіх нават не засталіся на скрыжалях гісторыі. І хоць я не прымхлівы чалавек, гуляць тут, асабліва вечарам, страшнавата: хоць і гараць ліхтары, і падбадзёрваюць агні Эйфелевай вежы – а не можаш пазбавіцца адчування, што зараз уступіш у лужыну крыві, якой у час вялікай французскай рэвалюцыі была заліта гэта плошча.

…Палац у Версалі, які каштаваў жыцця міністру фінансаў Фуке: не мог дараваць Людовік XIV, што ў падначаленага палац прыгажэйшы і багацейшы, чым у яго самога, – і адправіў міністра ў турму, а сам пабудаваў непераўзыдзены Версаль. Кажуць, Пецяргоф, які, убачыўшы Версаль, захацеў пабудаваць Петр І, і яго палацы ніколькі не горшыя. Не ведаю, як можна параўноўваць: Версаль – гэта адно, а Пецяргоф – зусім іншае, і веліч і прыгожасць аднаго не адмаўляе непаўторнасці другога.

…Вежа ў Парыжы, дзе Квазімода трымаў Эсмеральду – аказваецца, гэта зусім не Нотр-Дам-дэ-Пары, куды пасяліў герояў свайго рамана Віктор Гюго. І сам пакалечаны леташнім пажарам сабор Парыжскай Божай Маці – улады горада абяцаюць аднавіць сімвал французскай сталіцы да Алімпіяды, якая адбудзецца ў  2024 годзе, і французскія багацеі не шкадуюць мільёнаў на гэтую святую справу.  

…Вуліцы і скверы, па якіх хадзілі Дзюма, Гюго, Шарль дэ Голь – і наш Марк Шагал, каваныя ручкі дубовых дзвярэй, якія яны адчынялі, кафэ, дзе яны абедалі – такое ўражанне, што ступаеш па ажыўшых старонках кніг, па кадрах  кінастужак, –  і хочацца працерці вочы ці ўшчыпнуць сябе: я сапраўды тут, у Парыжы? 

…Трыста метраў узнесеных да самых аблокаў металічных ажурных карункаў, нібы сплеценых адмысловай рукадзельніцай, – самая вядомая архітэктурная славутасць Парыжа, Эйфелева вежа, узведзеная 130 гадоў таму (юбілей!) да адкрыцця Сусветнай выстаўкі канструктарскім бюро пад кіраўніцтвам Гюстава Эйфеля. Французская інтэлігенцыя лічыла яе непатрэбнай і пачварнай, называла «ганебнай кляксай на твары горада». Гі дэ Мапасан, расказваюць, штодня абедаў у рэстаране на вежы – гаварыў, што гэта адзінае месца ў Парыжы, адкуль яе не відаць. 

4.jpg



Па той жа прычыне і мы не падымаліся на Эйфелеву вежу (задавальненне, дарэчы сказаць, каштуе ад 16 еўра (другі паверх) да 30 (верхняя кропка). І ў чарзе нават у наш «не сезон» трэба пастаяць як мінімум паўгадзіны. Мы любаваліся гэтай велічнай і стройнай «жалезнай дамай» (130 гадоў, а выглядае як «сямнаццатка»  – і  як парыжане маглі яе не любіць?!) з іншай аглядавай пляцоўкі – 200-мятровага хмарачоса Монпарнас. 

…А вечарам пілі пад дажджом шампанскае на фоне ззяючага мірыядамі агнёў 300-мятровага сімвала Парыжа з усведамленнем, што шчасце – ёсць! І цуды здараюцца – часцей за ўсё тады, калі ў іх ужо перастаеш верыць… 

І ўсё ж… Для закаханасці першага погляду дастаткова, а для сапраўднага кахання трэба пазнаёміцца бліжэй. 

Так што, чакай нас, Парыж, на чарговае спатканне!



Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

Текст: Нина Рыбик
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений