Як жывуць і працуюць школы і садкі аграгарадка Рымдзюны

10:59 / 18.02.2020

Невялікі аграгарадок Рымдзюны сёння вядомы не толькі на Астравеччыне, але і ва ўсёй Беларусі і ў суседняй Літве. Яго асаблівасць у тым, што тут працуюць ажно чатыры навучальныя ўстановы: дзве сярэднія школы і два дзіцячыя садкі з беларускай і літоўскай мовамі навучання.

А пасля таго як у пачатку лютага тут прайшла сустрэча міністраў замежных спраў дзвюх краін, Рымдзюны нейкі час не сыходзілі са стужак навін інфармагенцтваў і газет Літвы і Беларусі.

IMG_7624.jpg

IMG_7529.jpg

IMG_7493.jpg

Пра тое, як тут жывецца і вучыцца дзецям, чым яны займаюцца і пра што мараць, – у нашым матэрыяле.

Літоўскі астравок

Адмецінкай беларускай і літоўскай школ, якія месцяцца ў адным будынку, з’яўляецца тое, што ў фае адначасова можна пачуць «Лаба дзена», «Добры дзень» і «Здравствуйте».

Будаўніцтва Літоўскага цэнтра культуры, адукацыі і інфармацыі ў Рымдзюнах пачалося ў 1991 годзе. У 1996 годзе тут сталі працаваць дзве школы – і вось ужо 23 гады настаўнікі, вучні і іх бацькі разам ладзяць спартыўныя спаборніцтвы і забаўляльныя мерапрыемствы, удзельнічаюць у конкурсах, зберагаюць нацыянальныя традыцыі беларусаў і літоўцаў.

IMG_7952.jpg

Але літоўская школа пачала працаваць у Рымдзюнах яшчэ да афіцыйнага адкрыцця цэнтра.

– Першага верасня 1994 года ў Рымдзюнах была адкрыта пачатковая школа-дзіцячы сад з літоўскай мовай навучання, – расказвае настаўніца Людміла Дымчанка. – На той час яна мясцілася ў двух дамах, прыстасаваных пад навучальную установу. Праз год у школе адкрылі сярэднія класы. На той час старэйшыя школьнікі вучыліся ў Гірскай школе ў другую змену. А ў кастрычніку 1996 года мы пераехалі ў новы будынак.

IMG_7949.jpg

Тады ў школе з літоўскай мовай навучання займалася каля 80 дзяцей. Сёння – 63. І сярод вучняў не толькі жыхары мікрараёна Гервяцкага сельсавета, але і ўсяго Астравецкага, а таксама Ашмянскага і Смаргонскага раёнаў.

IMG_7943.jpg

– Радуе, што вучыцца да нас прыязджаюць дзеці з іншых раёнаў, – гаворыць дырэктар школы Святлана Лукшэне. – Гэта азначае, што дзе б ні жылі літоўцы, яны не адчуваюць сябе абдзеленымі: мы вывучаем літоўскую мову, можам гаварыць на мове сваіх дзядоў і прадзедаў і зберагаць нашы традыцыі. Лічу, што нам пашанцавала, бо ў практыцы многіх іншых краін няма сярэдніх навучальных устаноў для нацыянальных меншасцей.

IMG_7935.jpg

Дзесяцікласніца Валянціна Кулойць у Рымдзюнскай школе з літоўскай мовай навучання вучыцца з першага класа.

– Мая сям’я жыве ў Завельцах. Я хадзіла ў беларускамоўны садок, а вучыцца вырашыла ў літоўскай школе, – расказвае дзяўчына. – Спачатку хвалявалася: ці спраўлюся? Цяпер разумею, што перажывала дарма. З задавальненнем удзельнічаю ў алімпіядах і конкурсах. Хутка паеду на алімпіяду па літоўскай мове ў Вільнюс.

Першакласніца Кіра Казарэз родам з Падольцаў. На працягу тыдня дзяўчынка жыве ў школьным інтэрнаце, а на выхадныя едзе да бацькоў.

– Мой дзядзька Артур хадзіў у гэтую школу. Цяпер ён вучыцца ў Літве. І мне таксама захацелася вучыць літоўскую мову, – гаворыць Кіра.

І як сцвярджае яе настаўніца, дзяўчынка робіць поспехі: добра чытае, гаворыць, расказвае вершы і спявае песні па-літоўску.

IMG_7945.jpg

У школе з літоўскай мовай навучання могуць вучыцца ўсе жадаючыя, і для гэтага не абавязкова быць выпускніком літоўскага садка, упэўнена дырэктар школы. Галоўнае – жаданне. Хаця пераемнасці ў гэтых навучальных установах надаюць вялікае значэнне.

Літоўскі садок знаходзіцца ў асобным будынку.

OVPvFzX0zyo.jpg

– Як правіла, нашы выхаванцы паходзяць з этнічна змешаных сем’яў, – расказвае загадчыца садка Эдзіта Чаплінская. – Мы з’яўляемся гарантам вывучэння нашымі дзецьмі літоўскай мовы, захавання імі традыцый і культуры нашага народа.

Эдзіта Уладзіміраўна і сама скончыла Рымдзюнскую школу з літоўскай мовай навучання, вучылася ў Літоўскім эдукалагічным ўніверсітэце, а пасля яго заканчэння вярнулася на радзіму і ўжо 10 гадоў працуе ў садку. Апошнія пяць – з’яўляецца яго загадчыкам.

– Дзеці і іх бацькі зацікаўлены ў вывучэнні літоўскай мовы, – расказвае Эдзіта Чаплінская. – Нашы дашкольнікі вучаць вершы, лічылкі, песні, глядзяць мультфільмы на літоўскай мове. Дарэчы, нашы ранішнікі – рознамоўныя: на іх адначасова можна пачуць літоўскую, беларускую і рускую мовы. І гэта ўсіх задавальняе.

IMG_8000.jpg

У садку актыўна займаюцца праектнай дзейнасцю. Толькі за апошнія гады тут былі рэалізаваны чатыры ініцыятывы: дзеці і іх бацькі падарожнічалі па замках і палацах Літвы, садок папоўніўся камп’ютарнай тэхнікай з электроннымі сродкамі навучання, закуплены нацыянальныя касцюмы для дзяцей.

c8a25bb9c5615c15c6a3051de6b3b859.jpg

– У бліжэйшыя пяць гадоў колькасць дашкольнікаў у нашай установе не зменшыцца. Ёсць жадаючыя вучыцца – таму, упэўнена, будучыня ў нашай установы ёсць, – гаворыць Эдзіта Уладзіміраўна.

IMG_7995.jpg


ЛІЧБА

63 школьнікі вучацца ў Рымдзюнскай сярэдняй школе з літоўскай мовай навучання.

64% выпускнікоў школы пасля атрымання адукацыі ў Літве вяртаюцца на Астравеччыну.

12 дзяцей наведваюць Рымдзюнскі дзіцячы сад з літоўскай мовай навучання. 80% з іх падвозяцца ў навучальную ўстанову.


Школьныя традыцыі

Стодзёнка – своеасаблівае святкаванне 100 дзён, якія засталіся да першага выпускнога экзамену ў 11 класе. Увесь гэты час вучні не толькі старанна засвойваюць матэрыял па прадметах, але і псіхалагічна – праз шматлікія мерапрыемствы, якія ладзяць для іх вучні сярэдніх і старэйшых класаў, – рыхтуюцца да экзамена.


Беларускі куток

У Рымдзюнскай сярэдняй школе з беларускай мовай навучання, у адрозненне ад суседкі, усе прадметы выкладаюцца па-беларуску.

IMG_7991.jpg

Гісторыя сведчыць, што Рымдзюнская беларускамоўная школа адкрылася на базе Гірскай базавай, якая была рускамоўнай. А ў 1996 годзе, калі школа пераехала ў Рымдзюны, яна стала беларускамоўнай.

– У мікрараён нашай школы ўваходзяць Рымдзюны, Завельцы, Гіры, Навасёлкі і некалькі меншых вёсачак. 11 дзяцей падвозяць з сямі населеных пунктаў. Дзве дзяўчынкі з Навасёлак жывуць у інтэрнаце, – расказвае дырэктар школы з беларускай мовай навучання Людміла Іванаўна Дарафей. – Школа наша сярэдняя, сёння яе наведваюць 29 дзяцей.

IMG_7963.jpg

Невялікая колькасць вучняў – яшчэ адна асаблівасць навучальнай установы: тут практычна індывідуальнае навучанне. У самым вялікім класе вучыцца пяць дзяцей, а ў самым маленькім – адна Анастасія Пукшта.

– З аднаго боку, гэта добра: уся ўвага настаўніка скіравана толькі на мяне, – разважае Анастасія. – З другога складана – трэба рыхтавацца да кожнага ўрока. А часам не хочацца.

Дарэчы, Анастасія дамоў прыязджае толькі на выхадныя – жыве ў інтэрнаце.

– У адным пакоі са мной жывуць Ульяна і Жэня, якія вучацца ў школе з літоўскай мовай навучання. За час, што жывём разам, сталі сяброўкамі – у нас агульныя інтарэсы і забавы. Я і літоўскую мову разам з імі амаль што вывучыла.

Славіцца школа сваімі выпускнікамі, а таксама настаўнікамі, якія тут пачыналі працоўную дзейнасць. Артур Грачанік, Ганна Філіповіч, Вольга Баяровіч і многія іншыя сёння працуюць на кіруючых пасадах у сістэме раённай адукацыі.

– У нас шмат агульнага са школай з літоўскай мовай навучання, – упэўнена дырэктар. – Мы не проста суседзі, якія жывуць у адным будынку, дзеляць спартыўную залу і сталовую. Мы яшчэ і сябры: ладзім агульныя мерапрыемствы да Дня Перамогі, запрашаем гасцей у «Школу актыўнага грамадзяніна», ходзім адзін да аднаго у госці на навагоднія ранішнікі і святы першага і апошняга званкоў. У нас шмат агульнага, і лепшымі сваімі напрацоўкамі мы стараемся падзяліцца.

IMG_7959.jpg

IMG_7979.jpg


ЛІЧБА

13 настаўнікаў працуюць ў Рымдзюнскай сярэдняй школе з беларускай мовай навучання.


Школьныя традыцыі

Беларускія Калядкі – традыцыйны кірмаш, які дзеці і педагогі ладзяць напярэдадні Ражаства і Новага года. У нацыянальных беларускіх касцюмах вучні праводзяць абрад калядавання, запрашаюць усіх на кірмаш, дзе можна набыць ёлачныя ўпрыгожванні і пачаставацца смачнымі пірагамі і печывам.


Праз дарогу ад школы размясціўся Рымдзюнскі дзіцячы сад з беларускай мовай навучання, які адлічвае сваю гісторыю з 1986 года. Увесь гэты час яго загадчыкам з’яўляецца Вольга Тадэвушаўна Захарэўская.

IMG_8022.jpg

– Першапачаткова ў вёсцы быў адзін садок – яго наведвала 26 дашкольнікаў. У 1994 годзе нас падзялілі на два – з беларускай і літоўскай мовамі навучання, – узгадвае старонкі гісторыі загадчыца. – Сёння ў нас выхоўваецца толькі сем дзяцей – група рознаўзроставая. У асноўным усе мясцовыя, толькі адну нашу выхаванку прывозяць з Пугавічаў.

Групавая, пакой для заняткаў і спальнае памяшканне – усё прадметнае асяроддзе аформлена па-беларуску. Гэта і зразумела: заняткі ў садку праходзяць на роднай мове.

IMG_8012.jpg

– Наша ўстанова – самая старэйшая з усіх Рымдзюнскіх, – гаворыць Вольга Тадэвушаўна. – І амаль увесь калектыў працуе тут з першага дня, усё робім разам і дружна.

Канструктыўна і пазітыўна – гэта, бадай, галоўныя складнікі чатырох навучальных устаноў, што працуюць у адным аграгарадку, і педагогі якіх ужо не першы год разам сеюць разумнае, добрае, вечнае, зберагаюць нацыянальныя традыцыі беларусаў і літоўцаў і перадаюць іх з пакалення ў пакаленне.



Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

Текст:
Фото: Елена Ярошевич