Што робіць шчаслівым лепшага ляснічага Беларусі

10:19 / 17.02.2020
485

У нашай краіне налічваецца крыху больш за восемсот лясніцтваў. Штогод Міністэрства лясной гаспадаркі вызначае лепшага ляснічага Беларусі. Па выніках 2019 года ў конкурсе прафесійнага майстэрства перамог Аляксандр Гайса.

У лепшага ляснічага Беларусі наш карэспандэнт распытаў пра шлях у прафесію, працоўныя будні і захапленні.

1.jpg

Пра дарогу ў прафесію

– Аляксандр Міхайлавіч, кажуць, што нашы захапленні родам з дзяцінства. Любоў да лесу адтуль?

– Я быў членам школьнага лясніцтва – з намі займалася настаўніца біялогіі Людміла Сцяпанаўна Палякова. Мы цесна супрацоўнічалі з Індурскім лясніцтвам: дапамагалі леснікам збіраць шышкі, лекавыя травы, рабіну, палолі саджанцы ў лесагадавальніку, вязалі венікі. Чаго мы толькі не рабілі! Практыка падмацоўвалася тэорыяй: па выніках назіранняў за птушкамі і жывёламі мы пісалі рэфераты і іншыя работы, якія ілюстрыравалі ўласнымі фотаздымкамі. Гэта была неверагодна цікавая і захапляючая работа!

Потым мяне абралі школьным ляснічым, і нашу ўстанову я прадстаўляў на конкурсах лясной тэматыкі – мы перамагалі, станавіліся прызёрамі. На рэспубліканскім конкурсе юных натуралістаў, які праходзіў на базе лагера «Зубронак», я стаў адным з пераможцаў і прадстаўляў школьнае лясніцтва на ўсесаюзным злёце натуралістаў у Грузіі. Нашы работы аднойчы нават трапілі на выставу дасягненняў народнай гаспадаркі – у мяне захаваліся пасведчанне ўдзельніка і значок.

Калі я вучыўся ў старэйшых класах, мне параілі паспрабаваць свае сілы ў Беларускай лясной малой завочнай акадэміі – цяпер гэта Рэспубліканская школа юных лесаводаў. Навучанне ў ёй дыстанцыйнае: на працягу года школьнікі-«студэнты» атрымлівалі кантрольныя работы, тэмы курсавых і рэфератаў. А падчас зімніх канікулаў праходзілі зборы. Ніякіх ільгот пры паступленні ў вышэйшыя навучальныя ўстановы вучоба ў лясной акадэміі не давала, але дапамагла мне канчаткова зразумець, што жыццё я хачу звязаць толькі з лясной гаспадаркай.

– І куды пасля заканчэння школы падалі дакументы: у «кузню» лясных кадраў – Полацкі лясны тэхнікум ці ўсё ж у Беларускі тэхналагічны інстытут?

– Вясной 1984 года я паступіў у БТІ. На другім курсе давялося датэрмінова здаваць сесію – забіралі ў армію. У 1987 годзе я працягнуў вучобу. Так атрымалася, што ў нашай групе сабраліся хлопцы, якія аддалі доўг Радзіме, – ніводнага чалавека з нашых не адлічылі.

У 1991 годзе мяне, маладога спецыяліста, накіравалі ў Астравецкі лясгас. Працоўную дзейнасць пачынаў з пасады інжынера па ахове і абароне лесу. З восені 1996 года і па сёння ўзначальваю Астравецкае лясніцтва.

Пра калег і лесакарыстанне

– Больш за тры дзесяцігоддзі вы працуеце ў лясной гаспадарцы. Якая галоўная задача ляснічага?

– У прастанароддзі нас называюць леснікамі – і гэта не дзіўна. Задача лесавода – ахова, абарона і аднаўленне лесу. У першую чаргу мы павінны зберагчы тое, што маем, абараніць лясныя насаджэнні ад пажараў, шкоднікаў і хвароб. Дзякуючы нашым намаганням, працэнт лясістасці на Астравеччыне з кожным годам павялічваецца.

– Раскажыце пра ваш калектыў.

– У Астравецкім лясніцтве працуюць дваццаць пяць чалавек. Ёсць два майстарскіх участкі і трынаццаць абходаў. У вясенне-летні перыяд нам дапамагаюць сезонныя рабочыя. Напрыклад, майстры лесу Алёкса і Катлабай – свае хлопцы са школьнай парты знаёмыя з лясной справай, пачыналі ў нашым лясніцвте працаваць леснікамі. Калектыў у нас дружны і малады.

Адметнасць нашага лясніцтва ў тым, што закладзеныя нашымі папярэднікамі традыцыі, мы зберагаем. Калі я толькі пачынаў рабіць першыя крокі ў прафесію, парадамі і падказкамі дапамагалі старэйшыя калегі. Я заўсёды з павагай і ўдзячнасцю ўзгадваю Вікенція Міхайлавіча Арлоўскага, Івана Казіміравіча Кошчыца, Генрыха Іванавіча Кажанеўскага.

– А які вы кіраўнік?

– Гэтае пытанне, напэўна, лепш задаць маім калегам. (Усміхаецца.) Збоку заўсёды бачна лепш. Мне здаецца, што я звычайны. Быць спагадлівым і добрым нельга – сядуць на шыю, але і празмерная патрабавальнасць да дабра не давядзе. Трэба лавіраваць, шукаць залатую сярэдзіну, часам выкарыстоўваць класічны метад пугі і перніка. Любы кіраўнік – гэта і псіхолаг, і арганізатар, і гаспадар. Людзі павінны паважаць, а не баяцца свайго шэфа, таму трэба знаходзіць індывідуальны падыход да кожнага.

– Якія глабальныя змяненні зведала лясная гаспадарка за гады вашай працы? І калі было лягчэй: калі прыйшлі ў прафесію ці цяпер?

– У лясной гаспадарцы, як і ў жыцці, усё цыклічна. Па вялікім рахунку, пры яе правільным вядзенні магчыма бясконцае лесакарыстанне. У прамысловай дзейнасці мы пажынаем плады сваіх продкаў – гадуем лес для дзяцей і ўнукаў, як гэта яны будуць рабіць пасля нас.

Тэхналогія імкліва развіваецца: у лесагаспадарцы на змену ручной працы прыйшла механізацыя. Зараз у лесе працуюць сучасныя лесанарыхтоўчыя машыны, якія могуць замяніць работу двух звенняў. Хоць, канешне, галоўную скрыпку па-ранейшаму іграе чалавек.

– Ён жа – і асноўная прычына з’яўлення смецця ў лясах: многія любяць адпачываць на ўлонні прыроды, але далёка не ўсе з сабой забіраюць адыходы. Ці змянілася гэтая сітуацыя? Даводзіцца часта чуць, што ў апошні час экалагічная культура нашых людзей вырасла…

– Астравец імкліва расце і развіваецца – адпаведна павялічваецца і рэкрэацыйная нагрузка на лясы. Для нашага горада гэтае пытанне стаіць дастаткова востра. Не ўяўляю, што было б, каб работнікі дзяржлесаховы штотыдзень не прыбіралі смецце. У гэтым нам дапамагаюць вучні гарадскіх школ, і не толькі ў межах традыцыйных акцый «Чысты лес» і «Тыдзень лесу». Атрымліваецца, вельмі неадназначная, я б нават сказаў, парадаксальная сітуацыя: дарослыя смецяць – дзеці прыбіраюць.

Такая ж сітуацыя назіраецца і ў раёне. Думаю, ёсць яшчэ адна праблема. Міні-палігоны ў вёсках закрыліся, але не змянілася людская псіхалогія. Раней вяскоўцы вывозілі смецце ў кар’ер, праз некалькі гадоў яго засыпалі, рэкультавалі і адводзілі пад лясныя культуры. Некаторыя па старой звычцы вязуць смецце ў лес. Лавіць такіх людзей рааботнікам ляной аховы дапамагаюць камеры фота- і відэафіксацыі.

– Якія шляхі вырашэння гэтай праблемы вы бачыце?

– Смецце само па сабе не «вырастае» ў лесе. Мы праводзім прафілактычную работу з насельніцтвам праз сродкі масавай інфармацыі: заўсёды прасцей і лягчэй папярэдзіць, чым пасля выпраўляць памылкі. Але гэтага, напэўна, недастаткова. Людзі, нарэшце, павінны зразумець, што лес – наш агульны дом і смеццю там не месца.

Пра любімае дрэва і захапленні

– Аляксандр Міхайлавіч, ці ёсць у вас любімае дрэва?

– Кожная парода па-свойму ўнікальная. Гэта прыкмецілі яшчэ нашы продкі. Сасна – стройная, прыгожая, гаючая. Нездарма ў барах будуюць санаторыі і здраўніцы. Елка ў многіх асацыіруецца з Новым годам і падарункамі – гэта дрэва дзяцінства. У яловым маладым лесе растуць грыбы, хаваюцца дзікія звяры… А ўласцівасці бярозы нельга пераацаніць – гэта і смачны бярозавік, і бярэста, з якой раней рабілі шмат рэчаў, і венікі ў лазню. А дуб, выява якога размешчана на гербе Астраўца, – увогуле ўнікальнае дрэва.

– Існуе меркаванне, што многае пра чалавека могуць расказаць яго захапленні. Якія хобі ў вас?

– Люблю паляванне, рыбалку, асабліва падводную. Паляваннем займаюся з 1992 года, пасведчанне атрымаў падчас вучобы ў інстытуце: уваходзіў у склад дружыны па ахове прыроды.

Любоў да рыбалкі ў мяне з дзяцінства. У нашай вёсцы кароў на пашу ганялі па чарзе – летам гэта быў абавязак дзяцей. Мы з сябрамі лавілі ў рачулцы кілбоў са сліжамі. На беразе расклавалі касцёр і смажылі рыбу. Смаката!

З падводнай рыбалкай мяне пазнаёмілі сябры з Нарачы – было гэта ў школьныя гады. Сваё першае падводнае ружжо РПО я запомніў на ўсё жыццё – яно каштавала 27 рублёў, для школьніка гэта былі вялікія грошы. Я вучыўся ў 9 класе, калі яго мне падарылі бацькі. Радасці не было мяжы! Гэта быў самы шчаслівы дзень нараджэння.

Рыбалка – гэта кантакт з прыродай, проста крыху ў іншым ракурсе. Убачыць вялікую рыбіну, камні, водараслі – гэта адцягвае ад штодзённасці і праблем.

У мінулым годзе, напрыклад, з сябрамі едзілі ў Астрахань, каб павудзіць рыбу на Волзе.

– Успомніце самы кур’ёзны ці незвычайны выпадак, які з вамі здарыўся на паляванні ці рыбалцы.

– Калісьці ў мяне было куркавое ружжо, якое па спадчыне перайшло ад былога работніка лясгаса Станіслава Віктаравіча Клімовіча. Падчас палявання параніў вялізнага дзіка, які схаваўся ў ельніку. Адразу дабіваць не стаў, сабакі яго хутка адшукалі. У паляўнічых ёсць няпісанае правіла: сабак трэба вучыць браць след звера. Людзі пачалі выходзіць з загону. Нехта запытаў: «Ну, як справы?». Я, паказваючы рукой у бок ельніку, спакона адказваю: «Вунь там кабан ляжыць». Чалавек, канешне, не паверыў – але пайшоў праверыць. Вы б бачылі, як сябар-паляўнічы рвануў з таго месца са словамі: «Чаго ж ты не сказаў!». Гэты выпадак яскравае пацвярджэнне, што на паляванні заўсёды трэба быць уважлівым і пільным.

– А які здабыты трафей вам найбольш запомніўся?

– Самага вялікага шчупака вагой дзесяць кілаграмаў я злавіў на варнянскіх ставах. Давялося шмат дзе пабываць, але такі сюрпрыз прыпаднесла родная старонка. (Усміхаецца.) Чатырнаццацікілаграмовага сазана «ўхапіў» на Рачунскім вадасховішчы.

– На заканчэнне нашай гутаркі не магу не пацікавіцца: што робіць шчаслівым лепшага ляснічага Беларусі?

– Гэта не мая перамога – а ўсяго нашага калектыву і лясгаса. Работа лясніцтва нечым нагадвае механізм гадзінніка: зламаецца адна дэталь – і ён спыніцца. І ў Астравецкім лясгасе, і ў іншых лесагаспадарчых прадпрыемствах Гродзеншчыны ёсць шмат ляснічых, для якіх лес – не проста работа ці прафесія, а само жыццё. У нас атрымалася крышачку лепш за астатніх.

Што робіць мяне шчаслівым? (Задумваецца.) Блізкія людзі і любімая работа.

– Аляксандр Міхайлавіч, дзякуй вялікі за гутарку!


ЛІЧБА

8 925 гектараў складае плошча Астравецкага лясніцтва.



Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений