Гісторыя кахання Яўгена і Кацярыны Волкавых
10:13 / 14.02.2020
У адзін голас Волкавы сцвярджаюць, што іх каханне было не з першага погляду – ад знаёмства да вяселля мінуў не адзін год.
– У 2005-м па накіраванні я трапіў у Міхалішкаўскае лясніцтва. Лесніком тут працаваў і да гэтага часу працуе бацька Каці – Аляксей Вікенцьевіч Бернюкевіч. Калі я сюды прыехаў, яна вучылася ў школе, была зусім дзяўчом, – узгадвае Яўген.
– А я Жэню адразу прыкмеціла, – усміхаючыся, да размовы далучаецца Кацярына. – Але гэта была нават не закаханасць, а першыя светлыя, я б нават сказала дзіцячыя, пачуцці.
Сапраўднае каханне паміж маладымі людзьмі пачало зараджацца, калі дзяўчына вучылася ў Полацкім лясным каледжы.
– Практыку я праходзіла ў родным Міхалішкаўскім лясніцтве, якое ўжо ўзначальваў Жэня, – расказвае Кацярына. – А на адпрацоўку мяне накіравалі ў Спондаўскае. Памятаю, як Жэня з кветкамі прыехаў павіншаваць мяне з 8 Сакавіка. З гэтага, напэўна, усё і пачалося.
– Ці то жартам, ці то ўсур’ёз ляснічы Спондаўскага лясніцтва Войцех Рамуальдавіч яшчэ доўга выгаворваў мне, што з-пад носа ў хлопцаў – там шмат халасцякоў працавала – такую дзяўчыну звёў, – гаворыць Яўген. – Памятаю, па працоўных справах разам з цяперашнімі ляснічымі Гервяцкага і Варнянскага лясніцтваў Віталем Грабоўскім і Юрыем Філіпчыкам – яны тады працавалі майстрамі лесу ў Міхалішках – заехалі да Бернюкевічаў. На парозе нас сустрэла мая будучая цешча – з Кацяй мы тады яшчэ не сустракаліся – кажу ёй: «Пятроўна, зяцёў прывёз!». «Глядзі, – з усмешкай адказала яна. – Можа, і сам ім будзеш!» Нібы ў ваду глядзела! – ляснічы ўсміхаецца.
У 2012 годзе маладыя пабраліся шлюбам і пераехалі ў пабудаваны побач з лясніцтвам службовы вялікі драўляны дом. Кацярына, якая стала працаваць у Міхалішкаўскім лясніцтве бухгалтарам, падтрымлівала мужа – і працягвае гэта рабіць – ва ўсіх яго пачынаннях і задумах.
– Мне вельмі пашанцавала, што я сустрэў Кацю на сваім жыццёвым шляху, – прызнаўся Яўген. – І па ім мы крочым ужо разам з нашымі дзеткамі: Маргарытай, Макарам і Мацвеем.