Служебный роман: семья Елены и Олега Политевичей родилась в школе

09:37 / 14.02.2020
Службовы раман Лены і Алега Палітэвічаў, якія пазнаёміліся падчас працы ў школе, развіваўся на вачах не толькі калег – пачуцці маладых лю­дзей разгадалі і дзеці. 

2.jpg



– Я тады толькі вярнуўся з арміі, прыйшоў уладкоўвацца на работу фізруком, – успамінае Алег. – На парозе мяне пераняла лабарант Вера Мікалаеўна, якая шапнула, што ў школе з нядаўняга часу працуе адна доб­рая і прыгожая дзяўчына – я проста абавязаны з ёй пазнаёміцца.

Усміхнуўшыся, хлопец кіўнуў галавой, а сам падумаў: «Якое знаёмства! Якія сур’ёзныя адносіны! Месяц пасля арміі – гуляць яшчэ і гуляць!» Аднак зерне цікавасці прапанова калегі ў яго душы пасеяла…

– Алег прыйшоў працаваць у ліста­падзе, – узгадвае лёсавызначальны час для іх сям’і Лена. – Пра тое, што ён з’явіўся ў нашым калектыве, мне, нібы  незнарок, паведаміла ўсё тая ж Вера Мікалаеўна, за што мы ёй цяпер удзячны. Так жа, як Алегу сказала: «Ён талковы, з добрай сям’і. Табе трэба з ім пазнаёміцца!»

Набраўшыся смеласці, дзяўчына напісала Алегу «УКантакце», але па-жаночаму схітравала: спытала, ці праўда, што ён будзе весці фізічную культуру ў яе  класа.  

Вырашыў скарыстацца момантам, каб задаволіць сваю цікаўнасць, і Алег… 

– Спачатку я ўбачыў яе валасы, – прызнаецца малады чалавек. – Доўгія, натуральнага колеру. А гэтыя завіткі – словамі не перадаць! І толькі потым я раскрыў глыбіню яе натуры.

– Алег быў такі далікатны, ветлівы, культурны, такі сапраўдны і шчыры… – гаворыць пра мужа дзяўчына.

З Мінска, дзе Лена была на курсах, а Алег адпачываў у сяброў, яны вярталіся ўжо разам.

– Пра нашы адносіны калегі ведалі – час ад часу падсміхалі, распытвалі, калі ж вяселле, – гаворыць Алег. – Мы жартавалі: летам. Да слова, так і атрымалася. Мне было прасцей: у настаўніцкую са спартзалы я хадзіў рэдка. А вось Лене…

– Калегі асабліва не трывожылі, – усміхаецца дзяўчына. – «На людзі» мы свае пачуцці не выносілі – усе адносіны былі па-за работай.  Толькі вучні, у якіх я была класным кіраўніком, раз-пораз стараліся нас «звесці». «А вунь Алег Аляксандравіч ідзе!» – казалі. – «Ён нам падабаецца. Ён харошы!» Валянцінкі ад яго імені мне малявалі, прыгожыя надпісы на тэму кахання на стол падкладвалі… 

Текст: