«Васьмітысячніца» Ганна Сцефановіч

10:59 / 04.02.2020
Спіс перадавых работнікаў аграпрамысловага комплексу раёна звычайна паўтараецца з году ў год, праўда, часам з невялікімі варыяцыямі. Неаднойчы аператар машыннага даення малочна-таварнай фермы «Ліпнішкі»  КСУП «Гудагай» Ганна Сцефановіч  станавілася лепшай даяркай і ў раёне, і ў вобласці. І не дзіўна, што партрэт жанчыны занесены на раённую Дошку гонару: за мінулы год ад кожнай каровы сваёй групы Ганна Іванаўна надаіла больш за восем тысяч тон малака. 

01.jpg



Усмешлівая і энергічная Ганна Іванаўна нечым падобная да някрасаўскай гераіні – яна і ў палаючую хату ўвойдзе, і каня на скаку спыніць. Праўда, такое параўнанне крыху збянтэжыла жанчыну. 

– Ды ніякая я не гераіня: працую, як і ўсе, – гаворыць Ганна Іванаўна. – Як прыйшла на ферму дваццаць два гады назад, так і засталася. Раней тры разы на дзень даілі кароў, самі ўручную раздавалі кармы, але такіх патрабаванняў да малака, як цяпер, не было. Праўда, калі была маладзейшая і спрытнейшая, лягчэй працавалася. Цяпер то ў спіне кольне, то рукі забаляць. Але дзе нашая не прападала? 

У групе Ганны Іванаўны 52 каровы і 12 цялят. Кожны дзень жанчына прыходзіць на ферму ў шэсць гадзін раніцы: поіць малышоў цёплым пастэрызаваным малаком, перасцілае ў клетках, а потым ідзе да сваіх рагуль. З 7.00 да 12.30 доўжыцца ранішняя дойка.

– Спачатку асобна доім хворых і навацельных кароў, потым астатніх, –  расказвае даярка. – Пасля дойкі кароў выпускаем на прагулку, прыносім муку, выяўляем рагуль у ахвоце, раздаём патаку і ідзём дадому. Зноў прыходзім на ферму каля 18.00 – і зноў тое ж самае робім, толькі жывёлу ўжо не выганяем на прагулку. 

Жанчына прызналася, што калі прыйшла працаваць на ферму «Ліпнішкі», то ніякага паняцця не мела пра даільны  апарат. Некалькі месяцаў, пакуль Ганна не налаўчылася, кароў даіць ёй дапамагаў муж.

– Родам я з вёскі Фальваркі. Бацькі працавалі ў калгасе – даглядалі цялят, і мы з братам ім часта дапамагалі, – успамінае жанчына. – З будучым мужам пазнаёмілася на вяселлі ў сяброўкі. Можна сказаць, што гэта было каханне з першага погляду. 

Пасля вяселля маладыя сталі жыць з мужавымі бацькамі – яны і цяпер усе разам у Кавалях. 

– Мне вельмі пашанцавала са свёкрамі – залатыя людзі. Іван Вікенцьевіч для мяне як бацька, а Галіна Станіславаўна – другая маці. Хата ў нас на два канцы, у адным жыў мужаў брат з сям’ёй, у другім – мы ўчатырох. У цеснаце – ды не ў крыўдзе пяць гадоў у адным пакойчыку пражылі, –  расказвае жанчына. – Калі брат з сямёй пераехалі, мы перасяліся ў іх пакой. Старэйшаму сыну было паўтара года, як я выйшла на работу – бацькі глядзелі Дзімку.

Сцефановічы выгадавалі двух сыноў: Дзмітрый цяпер служыць у арміі, а Андрэй вучыцца на першым курсе Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. 

– Калі дзеці былі маленькімі, трымалі карову. Цяпер гаспа­даркі няма. Зарплаты добрыя, усё патрэбнае можна набыць у магазіне, – разважае жанчына.

– Але жывёлу я люблю, асабліва кароў. Кожную са сваёй групы ведаю па мянушцы. А цяляткі, нібыта дзеці: ім увага і клопат патрэбны. 

На развітанне цікаўлюся ў жанчыны, што яна адчула, калі даведалася, што яе партрэт занеслі на раённую Дошку гонару.

– Адразу разгубілася. У нас многія добра працуюць, а выбралі мяне, – жанчына паціскае плячыма. – Але, канешне ж, было вельмі прыемна, што маю работу так высока ацанілі і адзначылі.


Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

Текст:
Фото: Алёна Ганулич