Пра работу, сям’ю і захапленні расказвае Павел Афонін

12:13 / 01.02.2020
Выдатны працаўнік, клапатлівы муж і бацька, аматар актыўнага адпачынку і спорту – гэта далёка не ўсе іпастасі машыніста трылёвачнай машыны Астравецкага лясгаса Паўла Афоніна.

Пазалетась Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Павел Афонін быў узнагароджаны медалём «За адзнаку ў папярэджанні надзвычайных сітуацый», а яго партрэт у 2019 годзе занесены на раённую Дошку гонару.

12.jpg


– Павел, раскажыце, ці складана кіраваць харвэстарам? 

– У Астравецкім лясгасе я з 2011 года. Спачатку працаваў у дрэваапрацоўчым цэху. Калі паўстала задача перайсці ад ручной да механізаванай нарыхтоўкі драўніны, мне прапанавалі вывучыцца на аператара шматаперацыйнай лесанарыхтоўчай тэхнікі – так пачалося «сяброўства» з харвэстарам. Цяпер працую з напарнікам па зменах – трое сутак я, трое – ён. Наша задача – якасна нарыхтаваць драўніну: зваліць дрэва, раскрыжаваць на сартыменты па вызначаных памерах і скласці бярвенні. За харвэстарам следам ідзе фарвардар, які трылюе драўніну. 

Цяпер працую ў Падольскім лясніцтве: тры дні на лесасецы, потым тры выхадныя. Начуем у лесе ў абсталяваных усім патрэбным вагончыках.

– Прывыклі да такога графіку? І не страшна ноччу ў лесе? 

– Графік, канешне, не самы лёгкі – месяцамі бываю ў камандзіроўках, але, як кажуць, ваўкоў баішся – у лес не хадзі. Ласі пастаянна сустракаюцца. Аднойчы працавалі з напарнікам у Палушскім лясніцтве глыбока ў лесе і здалёк бачылі ваўка, але ён быў адзін. Неяк вярталіся з камандзіроўкі позна вечарам і проста  на дарозе ўбачылі два сілуэты – ваўка і ваўчыцы: добра, вадзіцель хутка зрэагаваў і прытармазіў, звяры збеглі. 


З першых вуснаў 

– На раённую Дошку гонару штогод заносяцца працаўнікі Астравецкага лясгаса. Павел Афонін – адказны і сумленны працаўнік, і тое, што ён трапіў у лік лепшых работнікаў раёна – цалкам яго заслуга. 

Пётр Крупенчык
намеснік дырэктара ДЛГУ «Астравецкі лясгас» па ідэалагічнай рабоце



– Ваша праца звязана з раз’ездамі. Дзе ўжо давялося пабываць?

– Калі не памыляюся, мая першая камандзіроўка была ў 2016 годзе ў Старадарожскі доследны лясгас. У Смалявіцкім і Чэрвеньскім лясгасах Мінскай вобласці, лясы іх некалькі гадоў назад моцна пашкодзіў ураган, працавалі ледзь не год – трэба было дапамагчы калегам справіцца з наступствамі стыхіі. Работа на запланаваным участку і на тэрыторыі, дзе лес павалены ветрам, моц­на адрозніваецца. Звычайныя дрэвы проста спілаваць на корані, а буралом складана распрацаваць. Добра яшчэ, калі лес у адзін бок паклала. З завалаў цяжка даставаць тоўстыя бярвенні – машына больш часу праводзіць у руху. 

– Менавіта за дапамогу іншым лясгасам вы і былі ўзнагароджаны медалём. Што адчувалі, атрымліваючы высокую ўзнагароду з рук прэм’ер-міністра?

– Гэта быў вельмі хвалюючы момант – не кожны дзень даводзіцца бываць у Палацы Рэс­пуб­лікі. (Усміхаецца). Я адчуваў гонар за лесагаспадарчую галіну краіны ў цэлым і наш лясгас у прыватнасці. Канешне, лепш каб такія надзвычаныя сітуацыі, як ураган 2016-га, не паўтараліся – але гэта бяда стала своеасаблівай лакмусавай паперкай і паказала, што лесаводы Беларусі вельмі згуртаваныя і дружныя і ў складаныя моманты гатовы прыйсці на дапамогу. 

Медаль мне ўручылі ў красавіку 2018 года. А навіна пра тое, што я стаў адным з лепшых працаўнікоў краіны, якія атрымаюць дзяржаўныя ўзнагароды, стала вядома напрыканцы 2017-га. Увесь калектыў лясгаса раздзяліў са мной гэтую радасць: уручылі кветкі, а дырэктар Рыгор Долгі зачытаў віншавальны ліст ад міністра лясной гаспадаркі.  

– Занясенне партрэта на раённую Дошку гонару стала для вас нечаканасцю?

– Я знаходзіўся ў лёгкім шоку. (Усміхаецца). Прыемна, канешне, што маю работу так высока ацаніла кіраўніцтва, але я працую не дзеля ўзнагарод ці прызнання. Ведаю, што задачу, якая стаіць перада мной, абавязкова трэба выканаць. Дзеці, калі праходзім каля Дошкі гонару, спыняюцца і шукаюць вачыма мой партрэт. А потым кожнаму, хто праходзіць каля нас, тлумачаць, што гэта іх тата. 

– У такія імгненні вы, напэўна, самы шчаслівы чалавек на зямлі. Павел, раскажыце пра сваю сям’ю. 

– Жонка і дзеці – самыя галоўныя людзі ў маім жыцці. З Юляй я пазнаёміўся на сваёй радзіме, у гарадскім пасёлку Сураж, куды яна, студэнтка Віцебскай ветэрынарнай акадэміі, прыехала на практыку. Было гэта ў 2005 годзе, а праз пяць гадоў мы пабраліся шлюбам і пераехалі ў Астравец. Тут нарадзіўся наш першынец – Назар, а праз некалькі гадоў і Дар’я.

– Ведаю, што вы пастаянна ўдзельнічаеце ў розных спартыўных спаборніцтвах.

– Так, жонка і дзеці, як і я, таксама любяць спорт і актыўны адпачынак. Без іх падтрымкі тры гады запар я не займаў бы прызавых месцаў на гарадскіх спаборніцтвах па сілавым экстрыме «Асілак». Спортам я займаюся на аматарскім узроўні і выступаю за зборную каманду Гродзенскага лесагаспадарчага аб’яднання па футболе. 

Наша сям’я летась перамагла на школьных спаборніцтвах «Тата, мама, я – спартыўная сям’я!», а таксама некалькі разоў усе разам удзельнічалі ў велапрабегах. Апошні – «Мы за здароўе і спорт». Дачушка ехала са мной, а Назар самастойна адолеў дыстанцыю ў 50 кіламетраў і ніводнага разу не паскардзіўся, што яму складана. Мы з Юляй імі вельмі ганарымся. 


З першых вуснаў

– Мы былі зусім маладыя, калі пазнаёміліся з Паўлам. Пашу я чакала з арміі. Ён надзейны, талковы, з такім чалавекам, як кажуць, не страшна і ў агонь, і ў ваду. У нас няма канкрэтнага падзелу хатніх абавязкаў: маўляў, ты гэта робіш, а я – гэта. Мы стараемся ўсё рабіць разам. Пасля работы даём тату адпачыць. Праўда, Паша – не з тых людзей, хто будзе ляжаць без справы на канапе. Мне вельмі пашанцавала – у мяне самы лепшы муж не толькі ў Астравецкім раёне, але і ў Беларусі!

Юлія, жонка


– Што для вас самае галоўнае ў жыцці?

– Шчаслівым мяне робяць жонка і дзеці. Галоўнае, каб яны былі здаровымі, а астатняе – другаснае… 



Текст: