Народныя прыказкі пра сямейныя адносіны

15:26 / 28.01.2020
1017
Працягваем дзяліцца з чытачамі дыяментамі народнай мудрасці, спадзеючыся, што яны падтрымаюць нашу прапанову і таксама падзеляцца прыказкамі, прымаўкамі, паданнямі, выслоўямі сваіх бацькоў, бабуляў і дзядуляў.

Сёння – нізка трапных выказванняў пра розныя аспекты сямейнага жыцця.


«Не гані Бога ў лес, як Бог у хату ўлез», – казалі старыя людзі, калі нехта, у каго ўсё было добра ў сям’і, без дай прычыны наракаў на цяжкае жыццё.

А мой, светлай памяці, бацька часта раіў сваім унукам, якія не вельмі спяшаліся да шлюбу: «Хто рана ўстае і малады жэніцца – ніколі не каецца». І тлумачыў, чаму: «Ты сам яшчэ ў сіле, а ўжо, глядзіш, дзеці падраслі – памочнікі». Можа, маладым, якія жэняцца не для таго, каб працаваць, а каб забаўляцца разам, гэтая парада не ў нос, а па тым часе яна была вельмі слушнай.

Выпраўляючы на танцы мяне з сястрой і нашых сябровак, мама папярэджвала: «Глядзіце, дзеўкі: на казаку ж няма знаку».

Шмат прыказак прысвечана адносінам свякрух і нявестак. Часам былі і такія анекдатычныя, як расказваецца ў народным жарце (выбачайце за непрыстойнае слова, але, як кажуць, з песні яго не выкінеш):

– Хто набздзеў?

– Нявестка!

– Дык яе ж у хаце няма!

– А вунь яе андарак вісіць!

Мая маці раіла новаспечаным свякроўкам: «Стала свякрухай – аглухні і аслепні»: не бач і не чуй, што ў маладой сям’і робіцца. Бо «Начная зязюлька дзённую заўсёды перакукуе».

А для цешчы – давялося ёй пабыць   у ролі і свякрухі, і цешчы – была ў матулі другая прыказка: «Годзіш зяцю дзеля свайго дзіцяці». Хоць не стамлялася паўтараць даволі спрэчную з кропкі гледжання мацярок, у якіх толькі сыны, ісціну: «Няма дачкі, то няма і родзічкі».

Калі маладыя, толькі пажаніўшыся, спяшаліся пахваліцца, як у іх усё доб­ра, мама перапыняла: «Не хваліся ў сем дзянькоў – пахвалішся ў сем гадкоў». І дадавала: «Яшчэ ж госцем дзела!» А калі яны спяшаліся запрасіць як мага больш гасцей на сямейнае свята, казала: «Вялікія хрысціны не калышуць дзяціны». 

Здаралася, у маладой сям’і ўзнікалі спрэчкі і дзеці ішлі жаліцца маці – тады яна раіла – як правіла, свайму дзіцяці: «Будзь разумнейшым – саступі!» І нагадвала: «Бачылі вочы, што куплялі, – цяпер хай не плачуць»

Жонкам, якія пры жыцці не шанавалі сваіх мужоў, ганілі і нават пракліналі, а пасля смерці галасілі ля труны, мудра, хоць і даволі жорстка гаварыла: «Праўду кажуць: ёсць – дык забіў бы, а няма – дык купіў бы».

Увогуле, да смерці ў народзе даволі філасофскія адносіны. «Каб не мерлі, то неба падперлі б», «Маладое – Богава, а старое хвалі – дый з двара валі!», «Смерць і радзіны не глядзяць ліхой гадзіны».

А часцей за ўсё матуля паўтарала прыказку: «Май дзеці – і шчасце ў дзецях». Таго ж хочацца пажадаць усім нашым чытачам!


Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.
Текст: Нина Рыбик
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений