Родам з СССР: А вы сабіралі паштоўкі?

08:09 / 03.01.2020
Нядаўна разглядалі з калегамі дзіцячыя навагоднія малюнкі па рэтра-паштоўках. Столькі асалоды атрымалі ад убачанага – гэтыя работы нібы вярнулі нас у наша савецкае дзяцінства. 

Малюнак сямі Сакалоўскіх г. Астравец.jpg

Мы прыгадалі і адно з захапленняў савецкіх дзяцей –  калекцыяніраванне паштовак. Маляваныя каштавалі танней за фотаздымачныя, на паліцах астравецкага кніжнага магазіна такія, на маёй памяці, з’явіліся дзесьці ў канцы 1980-х. 
Кожны дзень у школу бацькі давалі мне 20 капеек на чатыры піражкі з павідлам – іх я вельмі любіла. Але дазваляла сабе толькі адзін, бо грошы «ішлі» ў кніжны магазін: я купляла паштоўкі ў сваю калекцыю. Многія сабіралі картачкі, якія даслалі родзічы ці сябры. Мне ж трэба было мець выключна чыстыя – не падпісаныя. 
Стэлаж з паштоўкамі займаў дзесьці чацвёртую частку невялікай сцяны ў магазіне – а мне здаваўся велічэзным. Сюды я прыходзіла кожны дзень, таму  добра ведала «старычкоў», якія заляжаліся на палічцы, і  «навінкі», якія хацелася хутчэй набыць, – на іх не заўсёды хапала грошай. І штодня, хвалюючыся, нібы страчу нешта каштоўнае, я заходзіла пераправерыць, ці не раскупілі аб’ект маёй мары. Купляла на ўсякі выпадак па дзве аднолькавыя паштоўкі – каб пры нагодзе можна было абмяняцца «паўтарашкамі» з сяброўкамі.
Паштоўкі захоўвала пад ложкам у каробцы. Кожны раз, кладучы туды новы экзэмпляр, я перакладала, пералічвала сваю калекцыю, групіравала яе па тэматыцы: 8 Сакавіка, 1 верасня, Мір. Праца. Май, Кастрычнік, Новы год... 
Праўда, такое захапленне часам прыносіла і непрыемныя неспадзянкі: з рэвізіяй у маю калекцыю заглядвалі бацькі. І тады на заканамернае пытанне, адкуль з’явіліся новыя паштоўкі (а мне ж здавалася, што так надзейна схавала!), я адказвала, што піражкоў мне не хацелася – і тады…  І тады, у залежнасці ад «цаны пытання», атрымлівала наганяю. Было крыўдна, часам наганяй быў вельмі балючым. Але гэтага я баялася менш. Самым страшным было, калі малодшы брат, якому не дазваляла нават патрымаць паштоўку, цішком пранікаў у мой пакой – і састрыгаў (!) у картачак вугалкі. Тады ўжо наганяй, раздавала я – і галасілі мы абодва: яму было вельмі балюча, а мне – вельмі крыўдна.
А назаўтра я ішла ў кніжны, каб купіць, замест сапсаваных такія ж, як былі, паштоўкі. 



Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» - это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

Текст: