Астраўчане раказалі пра галоўную падзею адыходзячага года
17:41 / 31.12.2019
Мы папрасілі ўзгадаць самую важную падзею адыходзячага года ў жыцці астраўчан.
Кацярына Радкевіч, у дэкрэтным адпачынку:
– Самай галоўнай падзеяй адыходзячага года для мяне і мужа стала нараджэнне дачушкі Евы. Няма нічога даражэйшага ў свеце, чым яе радаснае шчабятанне і гарэзлівыя вочкі. Быць бацькамі – радасна і не вельмі лёгка. Таму хачу падзякаваць свайму мужу Віталю за дапамогу, падтрымку, клопат і пяшчоту, за смачную каву кожную раніцу, за каханне!
Кацярына Грыдзюшка, настаўніца:
– У гэтым годзе я скончыла ўніверсітэт і пераехала ў Астравец, дзе з першага дня адчула сябе сваёй: тут сяброўка з сям’ёй, дзяўчаты, з якімі жывём на Дубраўнай… Нават супрацоўнікі МНС, якія нас засялялі клапаціліся аб нас, як аб сваяках. Мне падабаецца калектыў сярэдняй школы №2, у якой я працую. Мне далі класнае кіраўніцтва – і з верасня ў мяне з’явіліся самыя лепшыя дзеці на Зямлі – любімы 5 «А» клас.
Ірэна Чапукойць, пенсіянерка:
– Адыходзячы год склаўся найлепшым чынам: галоўнае, што ў сына, нявесткі і ўнука ўсё добра. Добра было, каб і 2020-ты не падвёў! Прыгадаць нешта асаблівае, напэўна, не змагу. Карыстаючыся магчымасцю, хачу павіншаваць усіх астраўчан з навагоднімі святамі. Здароўя, дабрабыту і ажыццяўлення ўсіх жаданняў!
Арсень Філіпчык, вучань:
– Гэты год самы шчаслівы ў маім жыцці – у мяне нарэшце з’явіўся брацік! Я вельмі люблю сваіх сястрычак, але брат – гэта зусім іншае. Калі ён падрасце, будзем разам гуляць у машынкі. А яшчэ гэты Новы год усе разам мы будзем сустракаць у доўгачаканай кватэры, у якую мы пераехалі некалькі месяцаў назад.
Аляксандр Ляховіч, спартсмен:
– Самая галоўная падзея – нараджэнне дачушкі Кіры. Я бязмежна ўдзячны жонцы Людміле за такі цудоўны падарунак.
Надыходзячы год будзе насычаным на падзеі: наперадзе хатні чэмпіянат па спартыўнай хадзьбе і Алімпійскія гульні, якія летам пройдуць у Токіа.
Хачу павіншаваць землякоў з навагоднімі святамі і пажадаць ім здароўя, бадзёрасці і спаўнення самых запаветных мар!
Жана Цэйка, прыбіральшчыца:
– Кожны дзень на працягу некалькіх гадоў я ездзіла на працу ў Астравец з Міхалішак. Спачатку я жыла разам з сям’ёй сястры, цяпер з мамай і братам. Усе гэтыя гады я марыла толькі пра адно – пра свой куток. Мая мара ажыццявілася: мне выдзелілі пакой у інтэрнаце! Шчыра за гэта дзякую раённым уладам і Ігару Яраслававічу Шалудзіну асабіста. Новы 2020 год буду сустракаць у сваім жыллі.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me@GrodnoMediaGroup.
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» - это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.
Текст:
Поделиться: