Марыя Васілёнак узгадвае прыказкі сваёй маці

12:01 / 06.12.2019
1437
Даўно хацелася аддаць даніну светлай памяці маёй матулі Ядвізе Францаўне Рынкевіч (на фота з унукам) – вясковай жанчыне, якая нарадзі лася і ўсё сваё доўгае нялёгкае жыццё пражыла ў вёсцы Фальваркі. Яшчэ перад вайной яна скончыла чатыры класы польскай школы – але, як успамінала, школу наведвалі толькі зімой, у іншы час трэба было дапамагаць па гаспадарцы. Чытаць па-руску і па-беларуску навучылася сама, калі ўжо яе дзеці пайшлі ў школу. І любоў да друкаванага слова захавала да канца сваіх дзён. Апошнія тры гады жыцця, чытаючы з дапамогай лупы  – акуляры ўжо не дапамагалі, адным вокам – зрок у другім знішчыла хвароба, яна не прапусціла ніводнага нумара  «Астравецкай праўды». Калі ж трапляліся празаічныя творы, то любіла ўслых паразважаць над іх зместам. Перагортвала старонкі часопісаў, якія на той час выпісвала наша сям’я. Перачытала ўсе кнігі на польскай мове, што знайшліся ў маёй хатняй бібліятэцы. Лёгка спраўлялася з лічбамі, заўсёды апярэджваючы мяне ў бытавых падліках, казала: «Настаўнік мяне заўсёды хваліў за рахункі». Яе вялікія ярка-сінія вочы нават у 84 гады свяціліся  дабрынёй і мудрасцю.

1.jpg



Але найбольш яскрава маміна адметнасць пра­яўлялася ў яе сакавітай, вобразнай мове. Я запісала ад матулі 210 прымавак, прыказак, параўнанняў, павер’яў, нават шаблонных праклёнаў. Крылатыя выразы так і ліліся ў кожным яе сказе. Зараз я таксама тое-сёе ўстаўляю ў сваю гаворку, дабаўляючы: «Як казала мама». 

І вось ёсць нагода  – запрашэнне «Астравецкай праўды» да ўдзелу ў рубрыцы «Народная мудрасць» – яшчэ раз перагарнуць, перасыпаць з маёй скарбонкі ў іншыя тыя дыяменты народнай мудрасці, што я запісала з вуснаў матулі.

Асновай жыцця заўсёды была сям’я. Жыццё пражыць – не поле перайсці – усім вядома: сямейнае жыццё не бывае бязвоб­лачным. Чаму так? Ёсць адказ і на гэтае пытанне: чорт лапці сарваў, пакуль пару дабраў. (Ёсць яшчэ варыянт: чорт сем пар ботаў парваў…) Мякка сцеле – ды цвёрда спаць. Сужонага не аб’ехаць, не абысці. (Сваёй горай долі не абыдзеш, не аб’едзеш). Благая пуга, а і без яе туга. Каб знаў, дзе павалішся, сеў бы. (…саломкі б падаслаў). Ляжак ляжыць, а за ім доля бяжыць. Абы шыя, а хамут будзе. Начная зязюля ўсіх перакукуе.  (Нач­ная зязюля дзённую перакукуе – пра тое, што жончына слова заўсёды пераважыць матчына). A do naszego brzega – to nic dobrego. (А да нашага берага нічога добрага. Ёсць яшчэ варыянт: а да наша­га берага – ці гаўно, ці трэс­ка).

Аднак ва ўсіх складаных сітуацыях перш за ўсё трэба разлічваць на сябе – вучыла матуля. І сапраўды: ранняя пташачка зубкі калупае, позняя – вочкі працірае; не будзь сам плох, не будзе вінаваты і Бог; рабі пільна, будзе і тут Вільня; слухай людзей, а свой розум мей; кto rano wstaje, temu Pan Bóg daje (хто рана ўстае, таму Пан Бог дае).

Праблемныя адносіны паміж пакаленнямі, баць­камі і дзецьмі доўжацца з незапамятных часоў. Хто маткі не слухае, той у пальцы дзьмухае; датуль маці міла, пакуль дупу мыла; дурню гавары, а ён – дагары; не балела брушка – не баліць і душка (пра няроднае дзіця); wszędzie dobrze, a w domu najlepiej (усюды добра, а дома найлепей). 

Мы часта чуем нараканні на недахоп грошай, на цяжкае жыццё. І самы час напомніць словы, пранесеныя праз вякі: няма чаго праз хлеб хлеба шукаць; бруха акенца не мае: што з’еў – не відаць; смачна – не смачна, з’еў – не значна; заработкі для водкі, а для хлеба зямля трэба; хлеб не нявеста: які ўдаўся, такі з’есца.

Жыццё ў старасці нікому не падаецца лёгкім, але ж даўно народ з склаў прымаўку: трэба жыць як набяжыць; рыпучае дрэва доўга рыпіць; сяджу, як кол няточаны; стары, што малы: што 8, тое і 80; век жыць – не мех шыць; адной нагой на тым свеце стаіць; мyśli za górami, a śmierć za plecami (думкі за гарамі, а смерць за плячамі); Przeżył stary marzec, a w maju powieźli go do gaju. (перажыў стары март, а ў маі павезлі яго да гаю).

Часам прарывалася ў мамы характарыстыка на нечый не вельмі разумны ўчынак: сем лет у стадзе хадзіў, а ўсё цяля; ні Богу свечка, ні чорту качарга; дурны, як бот з левай нагі; перш за грэх, чым за праўду; як вош пад струп лезе; ума няма – счытай, калека; не ўсе клёпкі ў галаве.

Скура выдзелкі не стоіць – рэзюміравала матуля, расказваючы аб няўдачы; зарабіў, як заблоцкі на мыле – аб тым жа, толькі іншымі словамі.

Рыбак рыбака бачыць здаляка – зляталі з вуснаў словы, калі гаворка ішла пра аднадумцаў як у благой, так і добрай справе.

Ціха, як у божым вушку – гучаў адказ на пытанне: «Як справы?» А іншым разам: Няма калі носа высмаркаць.

Як ахвяраваўся, так і ідзі – наказвала мама, калі часам хацелася нешта кінуць на паўдарозе.

Пачуўшы, што нехта захварэў, не раз паўтарала: не той рабак (чарвяк), што мы ядзём, а той, што нас есць. Або: бяда сваёй хаткі не мае.

І памяркоўна наказвала: з дужым не цягайся, з багатым – не судзіся.

Вельмі мяне дзівіла, што чутае калісьці ў маладосці, мама часта паўтарала і ў апошнія гады жыцця: używaj świata, puki służą lata і życie w koło się toczy. (cвяткуй, пакуль малады і жыццё па кругу ідзе)

І з гэтым не паспрачаешся: жыццё ідзе калі не па кругу, то па спіралі – дакладна. Яшчэ ў ружовым дзяцінстве мы бяром у бацькоў асноўнае, што патрэбна для будучыні, – іх дух, стаўленне да жыцця. А далей расцём, час ад часу вяртаючыся да каранёў.

Немагчыма, ды і не трэба пераказваць усе пярліны народнай мудрасці, што пераняла мая матуля ад сваёй маці, увабрала ад іншых людзей. У свой час, калі працавала ў школе, я дзялілася сім-тым з гэтай невычэрпнай скарбніцы са сваімі вучнямі. Радуюся, калі час ад часу нейкае бабусіна слоўца сарвецца з вуснаў маіх дзяцей.

І цешу сябе думкай, што нехта, прачытаўшы гэтыя нататкі, прыслухаецца да жывога народнага слова, што яшчэ гучыць побач.

 




Марыя ВАСІЛЁНАК, 
пасёлак Гудагай


Текст: Администратор сайта
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений