Лепшая даярка КСУП «Гервяты» – Святлана Вяржынская

11:09 / 16.11.2019
1694
Спіс лідараў раённай жывёлагадоўлі, як правіла, складаецца з адных і тых жа прозвішчаў. Сярод іх аператар машыннага даення малочна-таварнай фермы «Міцюны»  КСУП «Гервяты» Святлана Вяржынская. Калі запытацца ў гервяцкіх эканамістаў, хто ў іх даярка №1, яны ў адзін голас адкажуць: «Света. Святлана Вяржынская з «Міцюн».

3.jpg



У  дзяцінстве Святлана марыла стаць мадэльерам. З кавалачкаў тканіны дзяўчынка шыла шыкоўныя сукенкі лялькам  і ўяўляла, як у яе ўборах па подыуме будуць некалі  ісці даўганогія прыгажуні. Хоць Святлана і атрымала прафесію швачкі, але з дызайнам адзення жыццё не звязала.

– Са швейнай машынкай я і цяпер не разлучаюся: знаёмым і сябрам магу падкараціць штаны, ушыць маланку, падрубіць шторы, – расказвае жанчына.

– На Астравеччыну, як і ў сельскую гаспадарку, трапіла выпадкова. Як кажуць, жыццё прымусіла. На Ашмян­шчыне ў нас не было свайго жылля, а ў «Гервятах» праўленне калгаса давала дом тым,  хто працуе ў гаспадарцы. Пераехалі на Астравеччыну. Спачатку ўладкавалася даяркай на малочна-таварны комплекс «Рымдзюны». А пасля дэкрэтнага адпачынку перавялася ў «Міцюны». 

Святлана жартуе, што жыве на ферме: калгасныя дамы ў Міцюнах туляцца да аднайменнай малочна-таварнай фермы. У кожнай даяркі тут свая група кароў. А яшчэ жанчыны даглядаюць за нованароджанымі цялятамі, пакуль ім не споўніцца тры-чатыры тыдні. 

Летась падчас раённага свята работнікаў сельскай гаспадаркі Святлана Юльянаўна з надоем ад каровы ў 5 717 кілаграмаў (+751 кг) была прызнана лепшай даяркай КСУП «Гервяты».

Жанчына прызналася, што ніякага сакрэту тут няма: працуе, як і ўсе. А на пытанне «Чаму ж тады вынікі не такія, як ва ўсіх?» сціпла ўдакладніла:

– Мая група вельмі ўдалая: каровы малочныя. Да таго ж я ўжо паспела вывучыць і характар, і магчымасці кожнай сваёй рагулі.

У восем гадзін раніцы даяркі ўжо на ферме. Перад ранішняй дойкай жанчыны раздаюць каровам канцэнт­раты, перасцілаюць у клетках з цялятамі, а таксама пояць малышоў цёплым пастэрызаваным малаком.

– Цяляткам, як і дзецям, клопат і любоў патрэбны. Калі якое прыхварэе, то і некалькі разоў на ферму прыбягу, каб даць лякарства, паглядзець, як малое, – расказвае Святлана.

Жанчына трымае невялікую гаспадарку: некалькі парсючкоў, дзясятак курачак-нясушак, а вось рагулі няма – кароў хапае на рабоце.

– Думалася, што часова буду працаваць у сельскай гаспадарцы, а сталася, што ўсё жыццё, – на развітанне сказала лепшая гервяцкая даярка.
Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений