На МТК «Германішкі» раскрылі сакрэт вялікіх надояў

09:21 / 16.11.2019
2204
Літаральна праз месяц адзін з самых магутных і паспяховых не толькі ў раёне, але і ў вобласці малочна-таварны комплекс «Германішкі» КСУП «Гудагай» адзначыць дзесяцігадовы юбілей.

Мы завіталі на гэту малочную фаб­рыку, каб даведацца, з якім настроем  працуюць работнікі, чым можа пахваліцца комплекс і чаму з году ў год тут самыя высокія ў раёне надоі.

З начальнікам комплексу Галінай Карвэцкай сустракаемся на парозе малочнага блока. Цікаўлюся, колькі цяпер дояць у «Германішках». 

– Спачатку года надой ад каровы складае каля 9 150 кілаграмаў малака – а гэта больш амаль на 1 000 кілаграмаў, чым у мінулым годзе. Валавы надой перавысіў 5 600 тон малака – плюс 700 тон. Напэўна, хочаце спытаць пра сакрэт вялікага малака? – з усмешкай пытае жанчына. –  Ён крыецца ў людзях. У нас дружны працавіты калектыў: кожны працаўнік разумее, што ад яго работы залежыць агульны вынік. 

IMG_0686.jpg



МТК «Германішкі» ў 2016 годзе заняў ІІІ месца сярод малочна-таварных комплексаў Гродзеншчыны. А звяно аператараў машыннага даення ў складзе Ванды Ягоравай, Ніны Сальмановіч, Ірыны Свілы, Алены Ельяшэвіч было прызнана лепшым у вобласці. 

IMG_0676.jpg

Аператар машыннага даення Ванда Ягорава працуе з дня заснавання комплексу 



У прафсаюзным конкурсе «Наш жывёлавод» даярка Ірына Свіла за прафесійнае майстэрства ўзяла «бронзу» сярод аператараў машыннага даення, а ветэрынарны ўрач-гінеколаг Анатоль Сільвановіч пазалетась быў прызнаны чалавекам года Гродзеншчыны. 

І гэта далёка не ўвесь пералік узнагарод…

Шлях да прызнання малочна-таварнага комплексу і яго работнікаў быў няпростым. 

– Не адзін год я адпрацавала даяркай, праўда, на іншай ферме, – успамінае начальніца комплексу. – Дваццаць гадоў таму перадавымі працаўніцамі лічыліся тыя, хто ад каровы атрымліваў тры тысячы кілаграмаў малака. Тады нават і падумаць не магла, што нашы дзяўчаты будуць даіць больш за дзевяць тысяч кілаграмаў. 

За кошт тэхналогіі, племянной работы прадуктыўнасць кароў павысілася ў некалькі разоў. Калі ферму «Германішкі» пераабсталявалі пад малочна-таварны комплекс, задача нумар адзін, якую паставіла перад сабой кіраўніцтва гаспадаркі і калектыў, была – сфарміраваць дойны статак высокапрадуктыўных кароў. На гэта пайшоў цэлы год. 

IMG_0717.jpg

Ветурач Андрэй Авіжэнь – з мясцовых. Пасля службы ў арміі юнак плануе вярнуцца на комплекс 



Па словах ветэрынарнага ўрача-гінеколага і па сумя­ш­чаль­ніцтву аператара па штучным асемяненні Анатоля Сільвановіча, на комплексе спачатку зменшылі пагалоўе, выбракаваўшы кароў са схаваным масцітам. Потым завезлі новых рагуль. Сталі нараджацца цяляты, захаванасць якіх дасягала 100%. Так МТК «Германішкі» стаў комплексам з закрытым цыклам: уся жывёла тут, як кажуць, сваёй гадоўлі. Дойны статак цяпер складае 635 кароў, а ўсяго  тут утрымліваецца больш за 1 800 галоў буйной рагатай жывёлы.

IMG_0697.jpg

Таццяна Высоцкая даглядае 200 цялят



Зразумела, што ў пераходны перыяд «Германішкі» не выканалі прагнозных паказчыкаў па малаку – аднак намаганні і цярпенне былі недарэмнымі: праз год на комплексе выйшлі на новы ўзровень работы, а галоўнае – змянілася якасць малака. Цяпер на перапрацоўчыя прадпрыемствы больш за 90% германішскага малака паступае гатункам экстра. 

Даільная зала комплексу разлічана на 32 каровы ў адзін заход. Першая дойка доўжыцца з 5.00 да 9.00, другая – 12.00 да 16.00, трэцяя – з 18.00 да 21.00. У абед не доіцца толькі група кароў перад запускам.
Склад даярак у апошні час крыху змяніўся: некаторыя пайшлі на заслужаны адпачынак, затое з’явіліся новыя – Таццяна Жукоўская і Ірына Андрушкевіч.

IMG_0670.jpg

Даярка Таццяна Жукоўская ў «Германішкі» перайшла з фермы «Індрубка»



Хуткія і ўвішныя дзяўчаты апрацоўваюць вымя спецыяльным сродкам, уручную здойваюць першыя кроплі малака, абціраюць папяровай сурвэткай, а ўжо потым прымацоўваюць даільны апарат – пасля кожнай жывёліны яго трэба прамыць, а таксама пачысціць платформу. 

IMG_0702.jpg

Да пальцаў цялятніцы Наталлі Кандратовіч, як да вымені мамы, цягнуцца малышы



Да слова, працэс дойкі тут цалкам камп’ютарызаваны. Разумная машына не прапусіць праз спецыяльныя вароты кароў са схаваным масцітам. Хворых і навацельных рагуль  у асобным памяшканні дояць Ганна Дарашкевіч, Таццяна Войдак, Ганна Гурштын і Тамара Букічова. 

IMG_0721.jpg

Ганна Дарашкевіч доіць хворых і навацельных кароў


IMG_0724.jpg

А дапамагае ёй у гэтым Таццяна Войдак, якая сёлета атрымала ордэн Маці



Заатэхнік-селекцыянер Ірына Кузьміцкая адказвае за сарці­роўку груп і ідэнты­фіка­цыю: з моманту нараджэння каровы пра фізіялагічны стан каровы, ветэрынарныя маніпуляцыі, яе прадукцыйнасць, ацёлы ўносяцца ў спецыяльную праграму. Гэта значна спрашчае работу спецыяліста: камп’ютар дапаможа сфарміраваць групы і падкажа, якая з рагуль патрабуе асаблівай увагі. 

IMG_0693.jpg

Заатэхнік-селекцыянер Ірына Кузьміцкая вядзе камп’ютарную базу, куды заносяцца ўсе звесткі пра жывёл



Зразумела, што вялікія надоі без   збалансаванага кармлення дойнага статка проста немагчы­мыя.  Летась на МТК «Герма­нішкі» з’явіўся самаходны кор­ма­раздатчык нямецкай вытвор­часці Silaking – падобнай машынай, абсталяванай камерамі відэаназірання, парктронікам і іншымі нава­моднымі штукамі, не можа пахваліцца ніводзін малочна-таварны комплекс у раёне. На кармавы стол рагуль некалькі разоў на дзень трапляе спецыяльны камбікорм, які ўтрымлівае шэраг энергетычных дабавак. 

IMG_0684.jpg

Суперсучасным кормараздатчыкам кіруе Дзяніс Сідарэнка 



У планах германішскіх жывё­лаводаў надаіць ад каровы 10 тысяч кілаграмаў малака. Гледзячы на энергічную начальніцу комплексу, спрытных даярак, клапатлівых цялятніц, пра­фесійных ветэрынарных урачоў і заатэхнікаў, можна не сумнявацца, што ў іх гэта атрымаецца.

Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений