Старшыня СВК "Гервяты" Андрэй Янчэўскі прызнаны лепшым кіраўніком

18:13 / 23.05.2011

Лепшыя кіраўнікі Гродзенскай вобласці 2010 года былі названы 1 мая  на Свяце працы ў Гродна.


Менавіта падчас маёўкі ў парку імя Жылібера ў Гродна прайшло віншаванне пераможцаў. Па выніках штогадовага абласнога  конкурсу “Лепшы кіраўнік года” ўзнагароджаны прадстаўнікі васьмі працоўных калектываў.
Гродзенскі аблвыканкам падобны конкурс праводзіць штогод. Каб  стымуляваць добрасумленную працу кіраўнікоў арганізацый, распаўсюджванне перадавога вопыту кіравання, развіццё творчай  ініцыятывы і кіраўніцкага майстэрства, выбіраюць лепшых кіраўнікоў у розных намінацыях.
 Пры вызначэнні пераможцаў ацэньваліся выкананне прагнозных паказчыкаў і адсутнасць запазычанасці, умовы калектыўных дагавораў, стан працоўнай дысцыпліны і маральна-псіхалагічная абстаноўка ў працоўным калектыве, своечасовасць выплаты заработнай платы і наяўнасць аб’ектаў сацыяльнай сферы.
Сёлета сярод заслужаных было названа і імя нашага земляка: лепшым кіраўніком сельскагаспадарчай арганізацыі прызнаны старшыня СВК “Гервяты” Андрэй Янчэўскі.
Віншуем!


Алена ЯРАШЭВІЧ.