Островчане включились в волонтерское движение «28 петель»
У Астравецкім цэнтры творчасці дзяцей і моладзі адкрылі незвыйчаны гурток, які наведваюць не толькі дзеці, але і іх мамы. Прычым кожны з іх займаецца па сваёй праграме: малышы гуляюць, а жанчыны займаюцца рукадзеллем, падпрацоўваючы валанцёрамі.
ЖАНОЧЫ КРУГ
Арганізавала аб’яднанне па інтарэсах для мамачак, якія знаходзяцца ў водпуску па доглядзе дзіцяці, Анастасія Гарадзецкая.
– Ідэя гэта не новая: пакуль жанчыны займаюцца любімым хобі або вучацца чамусьці новаму, дзеці гуляюць, – расказвае педагог дадатковай адукацыі. – Я сама толькі-толькі выйшла з адпачынку па доглядзе дзіцяці. Калі наша сям’я жыла ў Мінску, я наведвала падобнае аб’яднанне. Мне было цікава.
Кіраўніцтва цэнтра творчасці падтрымала прапанову жанчыны. І паколькі ў даабедзенны час хапае незанятых памяшканняў – дзеці прыходзяць на гурткі пасля ўрокаў, – вырашылі: калі знойдуцца ахвочыя, можна прымаць малышоў з іх матулямі.
Праз сацыяльныя сеткі кінулі кліч з прапановай прыходзіць на заняткі па рукадзеллі.
– Паколькі памяшканне ў нас невялікае, мы адразу дамовіліся, што калі будзе шмат жадаючых, падзелімся на групы па восем чалавек – улічваючы, што з мамамі прыйдзе як мінімум столькі ж дзяцей, – расказвае Анастасія.
Цяпер у клубе «Жаночы круг» 22 удзельніцы.
– Для наведвальнікаў у нас няма ніякіх абмежаванняў – сюды могуць прыходзіць і іншыя жанчыны. Будзем толькі рады, – працягвае кіраўнік.
Кабінет падзелены на дзве зоны: для дарослых – рабочая і малышоў – гульнявая. Занятыя творчасцю і размовамі, матулі адным вокам назіраюць за дзецьмі. Апошнія, да слова сказаць, дружна забаўляюцца: «плаваюць» у сухім басейне, вучацца майстраваць, праць, гатаваць, лячыць, рабіць прычоскі лялькам, беручы патрэбны «інструмент» з гульнявых комплексаў, і пры гэтым вельмі паспяхова дамаўляюцца адзін з адным на сваім, малечым.
– Для дарослых наведвальнікаў створана праграма, па якой яны займаюцца. Праўда, часам уносім у яе карэкціроўкі, – гаворыць Анастасія Гарадзецкая. – Збіраемся раз на тыдзень. Цяпер працуем з трыкатажнай ніткай. Кожны прыходзіць са сваімі ідэямі. Тут жанчыны расслабляюцца, адпачываючы ад хатніх клопатаў.
Наведванне ў жаночым клубе адвольнае – маці падстройваюцца пад сваіх малышоў.
– Атрымліваецца – прыходзяць, не – значыць, не ідуць. То дзіця захварэла або капрызіць, то дождж пайшоў, то паехаць куды трэба – планы даводзіцца мяняць хутка, – усміхаецца суразмоўца.
Надзея, наведвальніца клуба:
– Гэта магчымасць змяніць абстаноўку, заняцца справай для душы.
Яўгенія, наведвальніца клуба:
– Наш клуб – гэта не толькі магчымасць адпачыць, навучыцца нейкай новай тэхніцы дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Для мяне гэта стасункі – новыя знаёмыя, размовы на агульныя тэмы.
Анастасія Гарадзецкая, кіраўнік клуба:
– Хачу заўважыць, што ідэя стварэння такога аб’яднання абумоўлена вашым горадам – гэты клуб вельмі актуальны для прыезджых. У іх тут няма бабуль-дзядуль, цётак, сябровак – усё і ўсе новыя. Таму гэта цудоўная магчымасць разнастаіць жыццё ў дэкрэце.
КАЛЮЧАЯ НЕАБХОДНАСЦЬ
Акрамя стасункаў і супольных заняткаў, рукадзельніцы далучыліся да клуба «28 вочак». Гэта дабрачыннае аб’яднанне дзейнічае ўжо у многіх буйных гарадах Беларусі. Такі рух распаўсюджаны і ў іншых краінах.
– Гэта вязанне для неданошаных дзяцей. Назва ў клуба сімвалічная: менавіта з 28 вочак вяжацца шкарпэтачка для немаўляці, якое з’явілася на свет раней часу, – тлумачыць Анастасія Гарадзецкая. – Калі я пачула пра гэту ідэю, звязалася з каардынатарам па Беларусі Верай Фраловай. Яна патлумачыла, што трэба рабіць, – і мы з дзяўчатамі вырашылі далучыцца да добрай справы.
Вяжуць адзенне бязшоўным спосабам і толькі са стопрацэнтнай шэрсці – гэта найгалоўнейшая ўмова. Іншай ніткі выкарыстоўваць нельга – па гігіенічных патрабаваннях, ды ўвогуле – у гэтым уся сутнасць ідэі.
Вядома, што шэрсць – матэрыял не толькі цёплы, але калючы. І менавіта такая яе ўласцівасць стымулюе нервовыя канчаткі малышоў, застаўляючы шавяліцца, – гэта не дае немаўлятам упасці ў глыбокі сон і «нагадвае» своечасова зрабіць удых.
– Да таго ж арганізм неданошаных дзетак шмат энергіі аддае на зберажэнне цяпла, што затрымлівае развіццё і рост маленькага чалавечка – шарсцяная нітачка дапамагае не дапусціць гэтага, – гаворыць педагог.
Дарэчы, існуе пэўны пералік вязаных рэчаў для неданошаных немаўлят: шкарпэтачкі, рукавічкі-драпкі, шапачка, камізэлечкі і пледзікі, а таксама распрацаваныя схемы вязання і нават памеры адзення.
Робяць валанцёры і цацкі – кшталту васьміножкаў, моркавак, – але ўжо з натуральнай бавоўны.
– Ідэя «васьміножка», лапкі якой вяжуцца ў выглядзе спружынак, прыйшла са Швецыі: немаўляткі, трымаючы іх, перастаюць дзёргаць трубачкі, якія вядуць да катэтараў, – расказвае Анастасія. – Ну і плюс гэта супакойвае дзіця – бо нагадвае пупавіну ва ўтробе маці. Абавязковым элементам цацкі павінна быць спружынка.
Для тых, хто не ўмее альбо не хоча вязаць, але жадае далучыцца да руху «28 вочак», Анастасія прапаноўвае варыянт: можна прынесці ніткі – а вырабам займецца нехта іншы.
– Мы з Верай дамовіліся, што звязаныя рэчы, буду перадаваць у Мінск, а не ў Гродна, – я там часта бываю. Але гэта, па сутнасці не мае ніякага значэння – адзенне і цацкі потым размяркоўваюцца па аддзяленнях, дзе ляжаць такія малышы, – працягвае жанчына. – Адзін раз у квартал я планую перадаваць звязаныя намі рэчы. Мы вызначым дзень, у які будзе стартаваць акцыя, і на працягу месяца жадаючыя паўдзельнічаць змогуць да яе далучыцца.
Першую партыю такой калючай і вельмі патрэбнай немаўлятам дапамогі Анастасія мяркуе адправіць першага снежня. Так што, паважаныя чытачы, калі вы хочаце далучыцца да карыснай справы – дапамагайце вязаць альбо прыносьце ніткі ў жаночы клуб, што працуе ў Астравецкім цэнтры творчасці дзяцей і моладзі.