«Міс восень» выбіралі ў Гудагайскай школе

12:43 / 29.10.2019

Прыгожае і па-асенняму яркае свята «Міс Восень – 2019» прайшло ў Гудагайскай сярэдняй школе. Падтрымалі ўдзельніц конкурсу аднакласнікі, настаўнікі і бацькі.

Пазмагацца за ганаровы тытул у традыцыйным штогадовым конкурсе вырашылі самыя прыгожыя, артыстычныя і таленавітыя вучаніцы 5-8 класаў.

1.jpg

У візітцы ўдзельніцы расказвалі пра сябе, суправаджаючы расповед відэа, узгадваючы пра дзяцінства, школьныя дасягненні, дзелячыся марамі і жаданнямі. Падчас творчага конкурсу дзяўчынкі прадаманстравалі свае вакальныя і харэаграфічныя таленты – авацыі і захопленыя воклічы падцвердзілі, што выступленні спадабаліся. Інтэлектуальны тур раскрыў знаходлівасць і кемлівасць удзельніц. Самым запамінальным стала дэфіле ў асенніх уборах, упрыгожаных прыроднымі матэрыяламі.

Прыгожыя, абаяльныя, знаходлівыя і таленавітыя дзяўчынкі пакарылі журы – выбраць самую-самую было няпроста. У выніку тытул «Міс Восень – 2019» прысудзілі Дзіяне Жаброўскай, «Міс Усмешкай» стала Анастасія Сідарэнка, тытул «Міс Грацыя» заваявала Стэфанія Козіч, «Міс Абаяльнасць» – Іяланта Гурштыновіч, «Міс Стыль» – Ксенія Чарняўскіс, «Міс Інтэлект» – Дар’я Статкевіч , «Міс Артыстызм» – Эмілія Бараноўская. Удзельніцы атрымалі дыпломы і падарункі.

Упэўнена, для дзяўчынак гэты конкурс стаў выдатным вопытам публічных выступленняў, падарыў задавальненне і новыя вобразы.

…І хто сказаў, што восень – сумная пара?

Жанна ЯНЦЭВІЧ,
намеснік дырэктара
Гудагайскай сярэдняй школы

Текст: Главный администратор