"Астравецкая праўда" стала лепшай рэгіянальнай газетай краіны

22:18 / 06.05.2011
3

Марам уласціва збывацца…
З першага году, калі быў аб’яўлены Нацыянальны конкурс “Залатая Літара”, мы, калектыў рэдакцыі газеты “Астравецкая праўда”, марылі, што некалі аднойчы запаветная статуэтка — своеасаблівы “газетны Оскар”, з’явіцца і ў нашай газеты.
Але марыць – гэта адно, а быць вартымі  гэтай узнагароды – зусім іншае. Першыя гады мы нават не дасылалі матэрыялы на  конкурс – разумелі, што, нягледзячы на шматлікія перамогі ў рэгіянальных і тэматычных абласных і рэспубліканскіх конкурсах, да ўдзелу ў галоўным Нацыянальным творчым спаборніцтве газет рэспублікі мы пакуль “не дацягваем”.
Затым, калі “патаўсцелі” і “падраслі” якасна, сталі ўдзельнічаць у конкурсах праектаў – і ў 2008 годзе былі ў паўкроку ад перамогі: наш праект “Візаві” быў прызнаны лаўрэатам Нацыянальнага конкурсу “Залатая Літара”, хоць “Оскар” у той раз дастаўся іншым. Мы не крыўдзіліся і не наракалі – працягвалі працаваць і ўдасканальвацца – з цвёрдай упэўненасцю, што будзе і на нашай вуліцы свята, што аднойчы мы дакажам усім, што “Астравецкая праўда” – лепшая раённая газета рэспублікі…
І вось сёлета, на сёмым Нацыянальным конкурсе друкаваных СМІ, газета “Астравецкая праўда” была прызнана лепшай сярод рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі ў намінацыі “Лепшыя матэрыялы культурнай і гісторыка-краязнаўчай тэматыкі”. Перамога жаданая, пра якую ўвесь наш калектыў марыў, на якую спадзяваўся, дзеля якой працаваў, у якую верыў – і баяўся верыць…
…5 мая, у Дзень друку – прафесійнага свята усіх журналістаў, я стаяла на сцэне Палаца Рэспублікі  і з хваляваннем чакала, назву якой з трох газет, што былі названы намінантамі на “Залатую Літару”, дастане з запаветнага канверта дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Раман Сцяпанавіч Матульскі: усе вартыя, усе дастойныя, усе прайшлі праз “сіта” папярэдняга адбору — для раённых газет яно асабліва густое, бо іх найбольш у краіне, да таго ж у намінацыі “рэгіянальныя СМІ” яны без усялякіх скідак спаборнічаюць з абласнымі перыядычнымі выданнямі. А калі прагучалі словы “Астравецкая праўда” —  і статуэтку Залатой Літары і адпаведны дыплом ўручылі мне, не магу перадаць свае адчуванні. Гэта быў момант безумоўнага, абсалютнага шчасця — і ўдзячнасці  ўсім супрацоўнікам газеты, і шкадавання, што многія з нашых ветэранаў, якія некалі працавалі ў газеце, не дажылі да гэтага радаснага дня…
Калі мне было прадастаўлена слова, пастаралася, наколькі дазволілі хваляванне і перапоўненасць пачуццямі, сказаць менавіта пра гэта: пра свае адчуванні, пра тое, што перамога ў Нацыянальным конкурсе і статуэтка “Залатой Літары”– самы дарагі падарунак да 70-годдзя газеты, якое мы будзем адзначаць напрыканцы мая, пра тое, што “Залатая Літара” – узнагарода ўсіх пакаленняў журналістаў, якія некалі працавалі ў “Астравецкай праўдзе”. А для моладзі, якая нядаўна прыйшла ў рэдакцыю, — гэта цудоўная стартавая пляцоўка: ім ёсць ад чаго адштурхоўвацца і да чаго імкнуцца…
“Залатая Літара” – гэта перамога ўсяго калектыву “Астравецкай праўды, усіх супрацоўнікаў, для якіх праца ў рэдакцыі – не нудны абавязак дзеля хлеба надзённага, а справа жыцця, хто не лічыцца з асабістым часам і хатнімі клопатамі, калі трэба затрымацца на рабоце ці папрацаваць у выхадны ці дома, каб зрабіць газету больш цікавай, прыгожай, насычанай.
І разам з тым мы падзяляем гэтую сваю перамогу з нашымі чытачамі, без якіх не было б газеты, якія нас выпісваюць, чытаюць, падтрымліваюць ці крытыкуюць, падказваюць тэмы і адрасы публікацый, Словам, наша перамога — гэта агульная перамога, і наша свята – гэта агульнае свята.
Так, прызнанне “Астравецкай праўды” лепшай рэгіянальнай газетай краіны, хай сабе і ў асобнай тэматыцы, — вельмі пачэсна, надзвычай радасна і ганарова. І разам з тым — вельмі адказна. Таму што, маючы такую ўзнагароду, мы проста не маем права апускаць планку, працаваць горш, мы павінны адпавядаць дасягнутаму ўзроўню, які быў прызнаны і адзначаны так высока.
І мы будзем да гэтага імкнуцца – да новых вышынь і новых перамог.
Спадзяемся, што нашы чытачы падтрымаюць нас у гэтым імкненні.


Ніна РЫБІК.