Чем заняты сельчане в погожие сентябрьские дни

08:13 / 12.09.2019

Па-летняму цёплы верасень дапамагае вяскоўцам спраўляцца са шматлікімі восеньскімі клопатамі.

Сяўба

Галоўны з іх, безумоўна, – сяўба азімых. Па звестках дыспетчарскай службы ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання па стане на 11 верасня насенне прыгорнута ў глебу на 2477 гектарах, што складае 26% раённага плана.


Стаўку на азімыя культуры робяць у КСУП “Гудагай”: там засеяна ўжо амаль палова адведзеных пад азіміну палеткаў – 873 гектары. Больш чым на трэці плошчаў – на 825 гектарах – прыгорнута насенне ў КСУП “Гервяты”. Стараюцца і ў РУП “Астравецкі саўгас “Падольскі”, дзе засеяна чвэрць азімага кліну – 305 гектараў, у КСУП “Міхалішкі” – 22%.

А вось у “Варнянах” справы з сяўбой азімых ідуць слаба: за першую дэкаду восені ў гаспадарцы пасеяна толькі 7% запланаваных плошчаў.

Не спяшаюцца щ “Варнянах” і рыхтаваць глебу да сяўбы: тут заворана толькі 581 гектар з неабходных 2500. А вось у саўгасе “Падольскі” гатова да сяўбы ўжо 80% плошчаў.

Уборка караняплодаў

Бульбу сёлета садзілі толькі КСУП “Гудагай” і “Гервяты”: у адной гаспадарцы яна займае 100 гектараў, у другой – 45.

У абедзвюх гаспадарках распачалі ўборку клубняў: у “Гудагаі” яны выкапаны на 30 гектарах, у “Гервятах” – на 16. Ураджай радуе: у “Гервятах” на круг накопваюць больш як па 380 цэнтнераў, у “Гудагаі” – амаль па 350.

Усе гаспадаркі распачалі ўборку цукровых буракоў. У КСУП “Гудагай” іх выкапалі ўжо на трэці плошчаў.

У гэтай жа гаспадарцы, ды яшчэ ў КСУП “Гервяты”, вырасцілі самыя важкія цукровікі – з гектара тут накопваюць больш чым па 500 цэнтнераў. Па 450 цэнтнераў з гектара цукровых буракоў збіраюць у саўгасе “Падольскі”. У “Міхалішках” салодкія караняплоды лягчэйшыя – тут на круг атрымліваецца па 300 цэнтнераў.

 Адгрузка цукровых буракоў на прыёмныя пункты ажыццяўляецца па графіку. Пакуль што цукровікі перапрацоўшчыкам адпраўляе толькі КСУП “Варняны”, які адгрузіў 77 тон буракоў.

…І іншыя справы

Акрамя таго, у раёне працягваецца нарыхтоўка кармоў: руплівыя гаспадары скошваюць трэцім укосам падросшую атаву.


Распачалася ўборка кукурузы на сілас: найбольшы ўраджай “каралева” дае ў КСУП “Гервяты” – 411 цэнтнераў з гектара, і ў КСУП “Гудагай” – 397 цэтнераў.

У КСУП “Варняны” вяскоўцы і гараджане, што паспяшаліся ім на дапамогу, ўбіраюць яблыкі.

Сіноптыкі абяцаюць, што з наступнага тыдня восень усё ж уступіць у сваё валадарства, таму, карыстаючыся спрыяльным надвор’ем, вяскоўцам і іх памагатым трэба паспяшацца зрабіць як мага больш спраў.

Текст: Главный администратор
Фото: из интернета