Эстафетай добрых і цікавых спраў адзначыла моладзь Астравеччыны дзень нараджэння Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі
Самай шматлікай маладзёжнай арганізацыі нашай краіны – Беларускаму рэспубліканскаму саюзу моладзі – сёння споўнілася 17 гадоў. Святкаваць гэту падзею актывісты пачалі загаддзя, таму што не чакалі падарункаў, а рабілі іх самі – для сябе, таварышаў і роднай краіны. Атрымалася незвычайна, цікава і карысна.
Сустрэчы і планы
У Дзень ведаў на першых школьных уроках, якія па традыцыі прысвечаны нашай Радзіме, старшакласнікі вялі адкрытыя дыялогі «Беларусь і я». Дзеці разважалі наконт развіцця сваёй краіны і малой радзімы, узгадвалі яе гісторыю, расказвалі, пра свае дасягненні, дзяліліся думкамі і планамі на будучыню – дарэчы, у іх марах і спадзяваннях ёсць месца і для роднай старонкі; сустракаліся з вядомымі людзьмі.
Прыемна, што моладзь заўважае не толькі спартыўныя і ІТ-дасягненні нашых землякоў, але і цікавіцца літаратурай. Так, напрыклад, вучні гімназіі №1 сустрэліся з журналісткай, пісьменніцай, пераможцай шматлікіх міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў астраўчанкай Нінай Рыбік.
– Сустрэча з такім таленавітым і шматгранным чалавекам, як Ніна Аляксееўна, апрыёры не магла быць нецікавай – так гэта і было, – расказвае педагог-арганізатар Дзіяна Жытковіч. – Размова была пра ўсё: творчасць, нашу краіну, жыццё ўвогуле.
Справы
Рэспубліканскую ініцыятыву «ЗаДело» падхапілі на Астравеччыне ў першыя дні верасня. БРСМаўцы дапамагалі работнікам жыллёва-камунальнай гаспадаркі падтрымліваць чысціню нашага горада – і прыбралі востраў кахання.
– Мы сабралі смецце з прыбярэжнай паласы рэчкі Лошы ля вострава кахання і на самім востраве, – дзеліцца актывістка пярвічнай арганізацыі ГА БРСМ СШ №2 Надзея Ляшнеўская. – Мне падабаюцца такія акцыі: няхай невялікая, але карысць гораду, ды і сама задавальненне ад таго, што зрабіла, атрымліваю.
Папаўненне
У Варнянскім і Кямелішкаўскім НПК, гімназіі №1, СШ №2, Гервяцкай і Міхалішкаўскай СШ рады членаў Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі папоўніліся – на 21 актывіста ў нашым раёна стала больш. Гэтыя хлопцы і дзяўчаты не збіраюцца сядзець склаўшы рукі, бо яны таленавітыя, актыўныя, маюць шмат цікавых ідэй і хочуць ажыццяўляць іх у адной камандзе з БРСМ.
– Навічкам былі ўручаны членскія білеты, якія пацвярджаюць не толькі прыналежнасць да нашай арганізацыі, а яшчэ і з’яўляюцца дысконтнымі картамі, – патлумачыла спецыяліст Астравецкага райкама ГА БРСМ Юлія Варковіч. – Справа ў тым, што наша арганізацыя і кампанія Autohelp рэалізуюць сумесную праграму «Маладзёжны білет – твая сацыяльная падтрымка!», у межах якой установы-партнёры кампаніі прадстаўляюць зніжкі членам БРСМ.
Нагадаю, што ў нашым горадзе такімі партнёрамі з’яўляюцца фізкультурна-аздараўленчы комплекс на вуліцы Кветкавай – па суботах і нядзелях зніжка на наведванне басейна складае 20%; магазін рукадзелля «Лента» дае зніжку ў 5%; меншым на 10% будзе кошт на кінасеансы і мультфільмы ў кінаканцэртнай зале «Астравец» і дыскатэкі танцавальнай залы «Галактыка» для ўладальнікаў маладзёжнага членскага білета.
– Увогуле гэта толькі невялікая частка тых спраў, якія мы рабілі ў тыдзень святкавання дня ўтварэння нашай арганізацыі. Наперадзе ў нас яшчэ адна, вельмі важная і прыемная місія – узнагароджанне лепшых пярвічак і лідараў, – гаворыць Віялета Алексеявец, першы сакратар Астравецкага РК ГА БРСМ.
Што ж, маладыя, ініцыятыўныя, актыўныя, як бачыце, было б жаданне штосьці рабіць – а справа па душы для вас заўсёды знойдзецца. Толькі разам яе будзе ўвасабляць у жыццё весялей і спарней. Так што далучайцеся да вялікай каманды БРСМ, аб’ядноўвайце свае ідэі і магчымасці – разам вы зробіце шмат карысных спраў – і для сябе, і для сваёй зямлі!