Знаете, каким он парнем был?! 25 лет назад трагически погиб Янка Замара

15:01 / 30.08.2019
…Я часам думаю: кім бы сёння быў Янка Замара, калі б смерць не забрала яго чвэрць веку назад па містычнаму збегу абставін менавіта ў Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, пра якую ён, 22-гадовы юнак, так рупіўся ў той час, калі яго аднагодкі пілі піва ці шукалі магчымасць «нарубіць бабла»?

фото009.jpg

Янка Замара – акцёр народнага тэатра



Сёння яму было б ужо 47 гадоў: мужчына ў росквіце сіл, са сталымі поглядамі на жыццё, якія, магчыма, захавалі б яго смелыя юнацкія памкненні – ці, як і ў большасці з нас, сталі б больш цвярозымі і памяркоўнымі. У яго, напэўна, была б сям’я і дарослыя ці амаль дарослыя дзеці. Якія – я ўпэўнена! – гэтак жа шчыра любілі б сваю Айчыну, шанавалі б яе гісторыю, адмыслова валодалі б беларускай мовай. Бацька, шчыры патрыёт, абавязкова гэтаму іх навучыў бы!

І яшчэ адно не выклікае ў мяне сумнення: не ведаю, працаваў бы Янка Замара ў «Астравецкай праўдзе» ці ў якой іншай газеце – але быў бы цудоўным журналістам! Бо ўжо тады, не маючы ні адпаведнай адукацыі, ні вопыту, ён знаходзіў такія тэмы, герояў, так прафесійна выбудоўваў сюжэт сваіх артыкулаў, падбіраў пытанні для інтэрв’ю, даваў трапныя загалоўкі публікацыям, пісаў такой смачнай, сакавітай народнай мовай, што і сённяшнім дыпламаваным, пагартаўшы падшыўку «Астравецкай праўды» за 1993-1994 гады, можна ў яго павучыцца. Здаецца, ён нарадзіўся журналістам! І хоць працаваў у рэдакцыі крыху больш года, паспеў напісаць вельмі шмат. А напісанае, як вядома, застаецца.

Янка Замара нарадзіўся 15 чэрвеня 1973 года ў вёсцы Загазь. Вучыўся ў Варнянскай школе. Аб тым, якім ён быў вучнем, узгадвае ветэран педагагічнай працы Людміла Кухарэвіч, якая была для Івана больш, чым настаўнікам роднай мовы і літаратуры. 

Людміла Іванаўна ўзгадвае, як аднойчы яны спаткаліся з Янкам, тады ўжо супрацоўнікам «Астравецкай праўды», на вуліцы Варнян – і вучні, што былі побач, назіраючы за іх цёплай сустрэчай, з дзі­цячай непасрэднасцю спыта­лі: «Людміла Іванаўна, гэта ваш сын?» «О, я была б удзячна Богу, калі б у мяне быў такі сын!» – адказала настаўніца – і міжволі адзначыла, якой радасцю загарэліся вочы яе былога вучня ад гэтых слоў.

У пэўным сэнсе ён і сапраўды быў сынам Варнянскай школы і яе педагогаў: яны яго расцілі, вучылі, выхоўвалі – і Янка, нават калі пайшоў на свой хлеб, гэта памятаў і цаніў. І заўсёды туліўся да сваёй школы і настаўнікаў, якія былі для яго другім домам і бацькамі.  

З успамінаў Людмілы Кухарэвіч:

– Родную мову ў Янкі я выкладала ў старэйшых класах. Хлопец ён быў асаблівы: вельмі ўдумлівы, шчыры, у нас пра такіх кажуць: утрапёны. Іх клас увогуле быў асаблівы – з гэтымі дзецьмі мы ў 90-я гады стварылі клуб «Спадчына», які стаў правобразам «Варнянскай хаткі». На пасяджэнні «Спадчыны» мы запрашалі вядомых людзей, пісьменнікаў, гісторыкаў. Памятаю, як прыязджалі Адам Мальдзіс, Сяргей Панізнік і Юрка Голуб. Янка тады чытаў гасцям свае вершы – яго вельмі ўпадабаў Адам Восіпавіч.

Вучыўся Янка добра. Пасля школы спрабаваў паступіць на філалагічны факультэт, але не атрымалася. Я параіла яму звярнуцца ў рэдакцыю: магчыма, там ёсць вакансіі. Ён быў шчаслівы, калі яго ўзялі працаваць у газету.

А неўзабаве прыйшоў у школу – ён часта заходзіў да нас проста так, пагаварыць – нейкі збянтэжаны. «Людміла Іванаўна, – кажа, – мяне забіраюць служыць на флот. А я так вады баюся!» Нібы прадчуваў, што ад вады памрэ… Мы з дзецьмі – якраз і вучні мае сядзелі ў класе – паабяцалі, што будзем пісаць яму лісты. І яго папрасілі таксама расказваць пра ўсё, што адбываецца ў войску. Янка і сапраўды пісаў нам вельмі часта, хоць адказвала яму ў асноўным я: у дзяцей імпэту хапіла ненадоўга. А я бачыла, што яму гэтыя пісьмы вельмі патрэбны: ён прызнаваўся, што чакае іх нават больш, чым з дому. Калі Янкі не стала, прыязджаў нейкі чалавек з Мінска, прасіў паказаць яго архівы, казаў, што будзе рыхтаваць артыкул – і я аддала яму і тыя пісьмы, і сшытак з вершамі. Вельмі пра гэта шкадую: ні Янкавых архіваў, ні артыкула, ні таго чалавека я больш не бачыла.

У «Астравецкую праўду» Іван Замара ўладкоўваўся двойчы. Першы раз – у снежні 1990 года, пасля няўдалай спробы стаць студэнтам – тады яго прымаў на работу светлай памяці Аляксандр Сыч. Але затрымаўся ён нядоўга, крыху больш чым тры месяцы: неўзаба­ве хлопца забралі ў армію. Шчыра кажучы, хоць мы і працавалі ў той час побач: я загадвала аддзелам сельскай гаспадаркі, Янка быў карэспандэнтам аддзела пісьмаў – памятаю яго мала. І, гарта­ючы падшыўкі 1990-1991 года, адзначаю, што пісаў Янка ў першы свой прыход няшмат і нясмела, у асноўным інфармацыйныя матэрыялы пра школы, установы культуры. З найбольш прыкметных публікацый таго часу – рэпартаж са святкавання 600-годдзя Варнян і матэрыял пра дзейнасць клуба «Спадчына»: тое, што яму было бліжэй.

фото008.jpg

Падчас сустрэчы, прысвечанай братам Стэповічам: Янка сядзіць крайні злева, стаіць крайні справа – Адам Мальдзіс


У другі раз Янка Замара прый­шоў у рэдакцыю пасля дэмабілізацыі, у 1993 годзе. Прымала яго на работу ўжо я, «новаспечаны» кіраўнік.


Трэба разумець, што гэта быў за час – 90-ыя гады. Разваліў­ся Са­вецкі Саюз, прайшоў «парад суверэнітэтаў» былых саюзных рэспублік. Беларусь пад дзяржаўным бел-чырвона-белым сцягам рыхтавалася да выбараў першага прэзідэнта – на гэтую пасаду было шэсць прэтэндэнтаў – усе яркія, выбітныя асобы. Як грыбы пасля дажджу, з’яўляліся пар­тыі – і кожная імкнулася знайсці сваіх пры­хільнікаў у глыбінцы. І на гэ­тым фоне актыўнай палітычнай барацьбы – пустыя паліцы ў магазінах, мізэрныя зарплаты, якія да таго ж не выдавалі ў тэрмін, цэны, што раслі ледзь не штодня… 

З-за дэфіцыту газетнай паперы трохразовы выпуск газеты перавялі на двухразовы, рэзка зменшыўся тыраж – тады ён складаў крыху больш за 3 тысячы экземпляраў. У рэдакцыі пра­ца­валі хутчэй за ідэю, чым за грошы: да прыкладу, зарплата рэдактара была меншай, чым у тэхнічкі ў банку, а ў іншых супрацоўнікаў – і таго не было. Акрамя рэдакта­ра (та­ды яшчэ гэтая пасада была без прыстаўкі «галоўны»), матэрыялы для газеты рыхтавалі загадчыца аддзела грамадска-палітычнага жыц­ця Таіса Сямёнава, загадчыца аддзела сельскай гаспадаркі Га­ліна Францкевіч, загадчык аддзе­ла пісь­маў ветэран Вялікай Айчыннай вайны Леанід Ламека, адказным сакратаром быў Яўген Кулакоў. Марыла пра журналістыку і актыў­на супрацоўнічала з газетай нас­таў­ніца Інэ­са Багдзевіч, якую не спы­нялі і нашы капеечныя нават у параўнанні з настаўніцкімі заробкі.

І тут просіцца на работу хлопец, якога я памятаю па сумеснай рабоце двухгадовай даўнасці: без адукацыі – але ж ці гэта перашкода? – і з добрымі журналісцкімі здольнасцямі. Вядома ж, я прыняла на работу Івана Замару! 

 …У тых «ліхіх 90-ых», акрамя мноства недахопаў, была адна неаспрэчная перавага – тады мы былі па-сапраўднаму свабоднымі: можна было гаварыць і пісаць, што бачыш і думаеш. І Янка, не абцяжараны, як яго старэйшыя калегі, вопытам работы ў савецкай прэсе і выпрацаванай на падсвядомым узроўні самацэнзурай, пісаў шмат і цікава – востра, сакавіта, шчыра. 

…Гартаю газеты таго часу – і з цяжкасцю веру, што ўсё гэта толькі за год працы ў рэдакцыі напісаў ён, Іван Замара, Ян Барадач, Янка Саколік. Нарысы пра простых вяскоўцаў, лёс кожнага з якіх варты пяра знакамітага раманіста – «Крыж Ефрасінні», «Баба Вера», «Жыццё, нібы складзены верш»...

Персанальная рубрыка «Гасцёў­ня ў Яські», у якую ён запрашаў ціка­вых людзей: бібліятэкара Спондаўскай бібліятэкі Іаланту Валуевіч («Чароўная Іаланта»), стваральніка адзінага ў раёне ды, падобна, і ў рэспубліцы прыватнага музея беларускай фаўны Вячаслава Змітровіча («Салавей»), дырэктара Міхалішкаўскай СШ Івана Свірыда («Неўгамонны дырэктар»), сваю настаўніцу Людмілу Кухарэвіч («Чалавек Адраджэння»); толькі што адкрытую астравецкую зорачку сямікласніцу Насцю Кузьміцкую («Спяваць – дык спяваць!») – дарэчы, гэтае інтэрв’ю было апошнім, яно выйшла ўжо пасля смерці Янкі. Крытычныя матэрыялы: «Ешце, дзеці, коржык з чаем» – пра праблемы з харчаваннем школьнікаў; «Салака са «смакам» – пра сапсаваныя селядцы на прылаўках магазінаў; «Няўлоўны аўтобус» – пра рух рэйсавых аўтобусаў; «За 175 – і вельмі маленькі» – пра раптам узросшыя цэны на батоны… «Байкі дзеда Ясюка» выходзілі ледзь не ў кожным выпуску «Суботняга калейдаскопа» – у іх гучаў стары добры народны гумар…

Журналісцкія развагі пра розныя аспекты тагачаснага жыцця... Рэд­кі ну­мар «Астравецкай праўды» выходзіў без аднаго, а то і двух-трох матэрыялаў Янкі Замары.

фото011.jpg



А яшчэ ён пісаў вершы. Яны, праўда, не друкаваліся на старонках газеты – мы ўвогуле даве­даліся пра тое, што Янка спрабуе свае сілы ў паэзіі, толькі калі яго не стала: знайшлі ў яго стале тры малюсенькія блакноцікі з паэтычнымі радкамі на рускай і беларускай мовах. Яны розныя па ўзроўню майстэрства, але валодаюць тым галоўным, што вызначае сапраўдную паэзію, – шчырасцю.

Дарэчы, на апошнім у сваім жыцці свяце Дня Незалежнасці Янка Замара таксама чытаў свае вершы са сцэны.

– Мы сустрэліся ў той дзень у Астраўцы, – успамінае Людміла Кухарэвіч. – Янка ўжо выступіў, а мы з варнянскім «Світанкам», у складзе якога я тады спявала, толькі рыхтаваліся выйсці на сцэну. Янка мне падаўся нейкім сумным. Расказаў, што трэба ехаць у Міхалішкі – там павінен быў адбыцца футбольны матч. «А мне так не хочацца…» – падзяліўся са мною настроем. «Ну дык што за праблема? Не едзь!» – параіла я. Але ён быў не толькі таленавітым, але і адказным: калі паабяцаў, то зробіць. Хоць, магчыма, і прадчуваў нешта нядобрае, але ж паехаў…

Цяжка сказаць дакладна, што ж менавіта здарылася 3 ліпеня 1994 года ў Міхалішках: мне давялося чуць як мінімум тры версіі. Бясспрэчны толькі той факт, што ў той дзень Янка прапаў, а знайшлі яго праз два дні ў рэчцы. Многія паспяшаліся назваць яго смерць «палітычным забойствам», хоць у гэта не вераць, мне здаецца, нават тыя, хто такія чуткі распаўсюджвае. Замара, хоць і не хаваў свайго членства ў шэрагах Беларускага народнага фронту – у гэтай палітычнай арганізацыі яму імпанавала безумоўная адданасць беларускай мове і ідэі нацыянальнага адраджэння –  ні ў артыкулах, ні ў паўсядзённых размовах не выказваў сваіх палітычных поглядаў. І ўжо тым больш ён не ўяўляў для некага небяспекі. Ну не было яго за што забіваць! Пазбаўляць жыцця за родную мову – забойцаў не хопіць. Відаць, у той дзень і час так трагічна сышліся зоркі і склаліся абставіны. А потым некаму ў пэўны момант стала выгадна разыграць Янкаву карту ў сваіх палітычных гульнях, бяздоказна выставіць яго «ахвярай рэжыму» дзеля сваіх асабістых інтарэсаў. Каб потым зноў забыць і пра яго самога, і пра яго магілу. Але гэта, як кажуць, тэма зусім іншай размовы.

…Кожны год у Дзень друку, наведваючы з сённяшнімі калегамі месца пахавання Янкі Замары, я заўсёды думаю: як бы склалася жыццё гэтага таленавітага хлопца, калі б яно не абарвалася так недаравальна рана? І хоць гісторыя не ведае ўмоўнага ладу, мне здаецца, што Янка, калі б жыў, зрабіў бы шмат – для сваёй Бацькаўшчыны, сям’і, школы, сяброў. І ўвогуле для людзей. 

Хоць бы таму, што напісанае – застаецца. А памяць пра тых, хто пісаў не аўтаручкай, а душой і сэрцам, – жыве.

Текст: Нина Рыбик