«Астравецкая праўда» ў пятніцу прыйшла з сюрпрызам
Свежы выпуск «Астравецкай праўды» за пятніцу, 30 жніўня, для падпісчыкаў, чытачоў і журналістаў стаў нечаканасцю.
Так сталася, што 14 і 15 старонкі раённай газеты сталі братамі-блізнятамі – з тым толькі адрозненнем, што адна з іх выйшла каляровая, а другая – чорна-белая. А старонка з віншаваннямі і фотаздымкамі маладажонаў не была надрукавана ўвогуле.
Прычынай такой недарэчнасці стала паломка друкарскага абсталявання, якая здарылася ў Гродзенскай тыпаграфіі. З-за гэтага тэрмінова давялося перарабляць каляровыя старонкі і мяняць месцамі палосы. Пасля іх замены паліграфісты не звярнулі ўвагі на тое, што на розных старонках надрукавалі аднолькавы матэрыял, – а вось жыхары раёна гэта ўбачылі адразу.
Просім прабачэння ў нашых чытачоў за чужую памылку – і абяцаем, што віншаванні і вясельныя фотаздымкі, хоць і са спазненнем, абавязкова знойдуць сваіх адрасатаў.
Паліграфісты абяцалі надрукаваць дадатковы тыраж газеты на суботу, 31 жніўня.
Спадзяюся, што гэта недарэчнасць не паўплывае на нашы сяброўскія адносіны, а вы, нашы шаноўныя чытачы і падпісчыкі, і далей будзеце выпісваць і чытаць «Астравецкую праўду».