Хто дапамагае аграрыям убіраць ураджай

14:03 / 06.08.2019
694
Напрыканцы мінулага тыдня наш карэспандэнт паспрабаваў высветліць, чаму працаўнікі лясной гаспадаркі Астравеччыны летам мяняюць прафесію: з лесанарыхтоўчых машын перасаджваюцца ў камбайны і некалькі тыдняў разам з аграрыямі жывуць у рэжыме «жніво».

01.jpg

Страчанскія нівы

– Васьмёра нашых работнікаў працуюць у КСУП «Міхалішкі», «Гервяты» і РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі», – па дарозе ў КСУП «Гервяты» расказаў намеснік дырэктара ДЛГУ «Астравецкі лясгас» па ідэалагічнай рабоце Пётр Крупеньчык. – Дапамагаць аграрыям убіраць уражай ужо стала традыцыяй!

Вадзіцель дрэваапрацоўчага цэха Юрый Яромін трэці год запар падчас жніва возіць збожжа з поля да зернесушылак. 

– За дзень раблю каля сямі рэйсаў, але гэта залежыць ад таго, як далёка ад зернесушылкі працуюць камбайны. У кузаў аўтамабіля змяшчаецца каля 12 тон, – расказвае Юрый. – Што самае складанае? Напэўна, тое, што даводзіцца працаваць з раніцы да позняга вечара. Але праз некалькі дзён прывык да  такога рытму. Хто, калі не мы, дапаможам вяскоўцам? 

IMG_3981.jpg

Юрый Яромін возіць збожжа ў КСУП «Гервяты»


Вадзіцель хуценька заскочыў у кабіну МАЗа і па­імчаў да камбайна, праз імгненне ў кузаў аўтамабі­ля паструменілася збожжа новага ўраджаю.

У КСУП «Міхалішкі» ўбіраць новы ўраджай дапамагаюць чатыры работнікі з Міхалішкаўскага, Спон­даўскага, Падольскага лясніцтваў і лесапункта. 

На трактары з прычапным жалезным лістом Аляксандр Шульга з поля да скірты буксіруе салому. За дзень механізатар перавозіць каля 150 «шпулек». 

– Усё вяртаецца на кругі свае, – з усмешкай гаворыць мужчына. – Толькі тры месяцы таму перайшоў з саўгаса ў Падольскае лясніцтва, і, як бачыце, зноў у полі. Прэсаваць і цягаць салому – гэта мая работа. 

IMG_3990.jpg

Трактарыст Аляксандр Шульга дапамагае хлебаробам КСУП «Міхалішкі»


Больш за дзесяць гадоў абмалочваць збожжа міхалішкаўцам дапамагае машыніст трылёвачнай лесанарыхтоўчай машыны Аляксей Жусін, на камбайне якога красуецца надпіс «Ляснік». Сёлета на жніве Аляксею дапамагае лесаруб Спондаўскага лясніцтва Юрый Дрозд.

– З шостага класа на ўборцы, –  расказвае Аляксей Жусін. – Светлай памяці тата штогод працаваў на камбайне і браў мяне з сабой, бо ведаў, калі не возьме, усё адно ўпотайкі на поле прыбягу. Гісторыя паўтараецца! (Усміхаецца). На днях падчас абедзеннага перапынку сына ўзяў з сабой. Хлопцы пытаюцца ў майго Дзімкі, кім будзе, а ён як закрычыць ва ўвесь голас: «Камбайністам, як татачка!»

IMG_3996.jpg

Камбайнер Аляксей Жусін і яго памочнік Юрый Дрозд


Суткамі навылет працаваць у полі, калі дазваляе надвор’е, для Аляксея – справа прывычная. Мужчына прызнаецца, што дзякуючы надзейнаму тылу – жонцы Святлане і дзеткам Паліне, Карыне і Дзіму, – можна і горы звярнуць.

Яшчэ адзін машыніст лесана­рыхтоўчай трылёвачнай машыны Аляксандр Субаткевіч таксама працуе камбайнерам у КСУП «Міхалішкі».

– Адзінаццаты год убіраю збожжа на гэтым камбайне, – расказвае мужчына. – На страчанскіх землях цяжка яго малаціць: участкі маленькія, горыстыя, дробнаконтурныя – не развярнуцца. Але нічога – рады даём.

IMG_4003.jpg

Камбайнер Аляксандр Субаткевіч з памочнікам Мікітам Ярмаком


Завуць з калгаса дапамагчы. Ну як тут адмовіш? Ды і капейчыну можна падзарабіць.

Гэтага меркавання прытрымліваецца і Генадзь Мілаш, які таксама працуе на лесанарыхтоўчай машыне.

– Найбольш намалаціў у 2015 годзе. Калі не памыляюся, 1 800 тон, – расказвае камбайнер. – Але не гэта галоўнае. Бачыце, як ячмень галовы схіліў? Кроў з носу, а ўбраць яго як мага хутчэй трэба.

IMG_4008.jpg

Для Генадзя Мілаша сёлетняе жніво – дзясятае


IMG_4011.jpg

Памочнік камбайнера Тадэвуш Грэйць

Кажуць, былых камбайнераў не бывае… Пра гэта добра сведчыць прыклад машыніста леса­нарыхтоўчай трылёвачнай машыны Віталя Тумінскага, які на камбайне КЗС-1218 убірае збожжа ў РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі». Прозвішча мужчыны добра вядомае на Астравеччыне: варнянскі механізатар не раз перамагаў у працоўных спаборніцтвах, а ў 2011 годзе сярод маладзёжных камбайнерскіх экіпажаў заняў трэцяе месца ў Гродзенскай вобласці. 

– Быў і на абласных, і на рэспубліканскіх «Дажынках». На жніве працую 19-ты сезон, – расказвае Віталь. – Па ўсім бачна, што ад сябе не ўцячэш. Хоць ужо і не працую ў сельскай гаспадарцы, а да зямлі ўсё адно цягне. Відаць, вясковая натура такая.  

IMG_4059.jpg

Віталь Тумінскі, камбайнер


Яшчэ аднаго камбайнера на саўгасных нівах мы не заспелі – ён рамантаваў камбайн у майстэрнях.

…Працаўнікі лясной гаспадар­кі – людзі прыроды, людзі ад зямлі, якая кожны год вабіць іх да сябе водарам саспелай збажыны.

Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений