7 красавіка адзначаецца Сусветны дзень здароўя

13:54 / 07.04.2011

Штогод 7 красавіка ва ўсім свеце адзначаецца Дзень здароўя. Сусветная арганізацыя здароўя кожны год выбірае ключавую праблему аховы здароўя і заклікае ўсіх людзей, незалежна ад узросту і сацыяльнай прыналежнасці, да правядзення мерапрыемстваў, якія падкрэсліваюць важнасць гэтай праблемы для добрага здароўя і адчування.


Сёння жыццё стала больш доўгім і здаровым дзякуючы таму, што для лячэння інфекцыйных хвароб, якія выклікаюцца мікраарганізмамі, бактэрыямі, грыбкамі, паразітамі і вірусамі, цяпер ёсць моцнадзеючыя і эфектыўныя лекі, вядомыя як супрацьмікробныя прэпараты. Іх адкрыццё – адно з самых важных дасягненняў у галіне аховы здароўя, дзякуючы якому зменшыліся пакуты ад хвароб і выратаваны мільярды чалавечых жыццяў за апошнія 70 гадоў. Супрацьмікробныя прэпараты ўключаюць антыбіётыкі, хіміятэрапеўтычныя прэпараты, супрацьгрыбковыя сродкі, антыпаразітарныя і антывірусныя лякарствы.
Аднак празмернае і часта няправільнае прымяненне супрацьмікробных прэпаратаў выклікае рост і з’яўленне мікраарганізмаў, якія ўстойлівы да гэтых лекаў, што вядзе да пакут, інваліднасці і нават смерці, а таксама да павышэння выдаткаў на ахову здароўя.
Інфекцыі, якія выклікаюцца ўстойлівымі мікраарганізмамі, часта не паддаюцца лячэнню па стандартных схемах, што вядзе да зацягвання хваробы і павышае рызыку лятальных зыходаў.
Кожны год вызначаецца каля 440 тысяч новых выпадкаў туберкулёзу з множнай лекавай устойлівасцю (МЛУ-ТБ) і 150 тысяч з іх заканчваюцца смерцю.
Неналежнае і нерацыянальнае выкарыстанне супрацьмікробных прэпаратаў вядзе да фарміравання спрыяльных умоў для з’яўлення, распаўсюджвання і захавання ўстойлівых мікраарганізмаў.
Гэта праблема патрабуе неадкладнага вырашэння. Менавіта таму устойлівасць узбуджальнікаў захворванняў да супрацьмікробных прэпаратаў стала цэнтральнай тэмай Сусветнага дня здароўя 2011 года.
Гэта не новая праблема, але з кожным днём яна становіцца ўсё больш актуальнай. У Сусветны дзень здароўя сусветная арганізацыя аховы здароўя заклікае кіраўніцтва краін увесці ў дзеянне комплекс мер па барацьбе з устойлівасцю да супрацьмікробных прэпаратаў.
Мы жывём у эпоху залежнасці ад антыбіётыкаў і іншых супрацьмікробных прэпаратаў для лячэння станаў, якія некалькі дзесяцігоддзяў назад ці нават некалькі гадоў, як у выпадку са СНІДам, былі б смяротнымі. Калі ж з’яўляецца ўстойлівасць да супрацьмікробных прэпаратаў, лекі становяцца неэфектыўнымі.
Устойлівасць да супрацьмікробных прэпаратаў і яе глабальнае распаўсюджванне ўяўляе пагрозу для таго, каб многія лекі, якія выкарыстоўваюцца сёння для лячэння інфекцыйных хвароб, заставаліся эфектыўнымі.
Лекавая ўстойлівасць узнікае ў тых выпадках, калі бактэрыі, вірусы, грыбкі і паразіты змяняюцца такім чынам, што лекі, якія выкарыстоўваюцца для лячэння выкліканых імі інфекцый, становяцца неэфектыўнымі.
Устойлівасць да супрацьмікробных прэпаратаў – гэта ўстойлівасць мікраарганізма да супрацьмікробнага прэпарату, да якога раней гэты мікраарганізм быў адчувальным. Устойлівыя мікраарганізмы здольны супрацьстаяць уздзеянню супрацьмікробных, супрацьвірусных і супрацьмалярыйных прэпаратаў. У выніку стандартныя схемы лячэння становяцца неэфектыўнымі, а інфекцыі не паддаюцца лячэнню і могуць перадавацца іншым людзям.
Калі інфекцыі становяцца ўстойлівымі да прымяняемых лекаў, неабходна выкарыстоўваць больш дарагія віды лячэння. Зацягнутая хвароба і доўгае лячэнне таксама прыводзяць да павышэння расходаў на медыцынскую дапамогу.
Дасягненні сучаснай медыцыны падвяргаюцца рызыцы у сувязі з устойлівасцю супрацьмікробных прэпаратаў. Без эфектыўных супрацьмікробных прэпаратаў для лячэння і прафілактыкі інфекцый такіх відаў лячэння, як трансплантацыя органаў, хіміятэрапія пры анкалагічных захворваннях і асноўныя хірургічныя аперацыі акажацца пад пагрозай.
Неналежнае і нерацыянальнае выкарыстанне лекаў вядзе да фарміравання спрыяльных умоў для з’яўлення і распаўсюджвання ўстройлівых мікраарганізмаў. Так, напрыклад, устойлівыя мікраарганізмы могуць узнікаць і распаўсюджвацца ў выпадках, калі пацыенты не да канца праходзяць курс лячэння, выкарыстоўваюць назначаныя прэпараты ў няправільных дозах ці займаюцца самалячэннем.
У Сусветны дзень здароўя сусветная арганізацыя аховы здароўя заклікала ўсіх перайсці да актыўных дзеянняў і забяспечыць адказныя адносіны да выкарыстання супрацьмікробных прэпаратаў, і ў першую чаргу пачаць адказна ставіцца да свайго здароўя.


Валянцін ТАЧОНЫ, галоўны ўрач Астравецкай ЦРБ.