Рыбаки на Островетчине – всерьез и надолго

13:18 / 26.07.2019
Гэтыя Рыбакі з’явіліся ў нашым горадзе не так даўно – крыху больш за год таму. Але ўжо адзначыліся многімі добрымі справамі. І напярэдадні прафесійнага свята галавы сям’і Віталія Канстанцінавіча – Дня пажарнай службы – мы вырашылі пазнаёміцца бліжэй з гэтымі «новымі астраўчанамі» і пазнаёміць з імі нашых чытачоў.

IMG_8788.jpg

 Ад лёсу не ўцячэш
– Калі я скажу, што ўсё жыццё марыў жыць і працаваць у Астраўцы, то, мякка кажучы, пакрыўлю душой, – прызнаецца начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Віталій Рыбак. – Але жыццёвыя пуцявіны ўпарта вялі мяне сюды. Першы раз я паспрабаваў збочыць – ды, мусіць, ад лёсу не ўцячэш…
Калі Віталій заканчваў Каманд­на-інжынерны інстытут, яго пакі­далі на рабоце ў сталічным вучэбна-трэніровачным цэнтры – але хлопцу хацелася займац­ца тым, дзеля чаго ішоў у выра­тавальнікі: тушыць пажары, ратаваць людзей. Спадзяваўся, што на работу накіруюць у Гродна – добрыя адзнакі і ха­рактарыстыкі давалі падставы так думаць. 
На размеркаванне ён ішоў трэ­цім – і, выслухаўшы ад камі­сіі мноства кампліментаў, пачуў урэшце прапанову трох «пер­спектыў­ных» райцэнтраў, дзе можна хутка зрабіць кар’­еру: Астравец, Воранава і Бераставіца.
– Я быў у шоку – марыў пра ін­шае. Папрасіўся ў роднае Дзят­лава – адмовілі. Урэшце «сыш­ліся» на Навагрудку…
Там Віталій Канстанцінавіч пра­цаваў тры гады, затым па­ступіў на камандны факультэт роднага інстытута. Падчас вучобы нарэшце даведаўся, дзе зна­ходзіцца «свету канец»: жыў у адным пакоі з астравецкім калегам Вадзімам Салаўём і некалькі разоў прыязджаў у госці да сяб­ра. Шкадавання, што адмовіўся ў свой час ад «перспектыўнага» размеркавання, пасля першага знаёмства з Астраўцом не ўзнікла.
Пасля заканчэння вучобы яго накіравалі ў Карэліцкі раён на­меснікам начальніка РАНС па аператыўна-тактычнай рабоце, затым Віталій Канстанцінавіч узначаліў аддзел. Ажаніўся, адзін за другім нарадзіліся сыны – Саша і Яраслаў, а праз нейкі час – і Ваня. Усё наладзілася, будаваліся планы… 
І раптам  Віталія Канстанціна­віча выклікалі ў вобласць.
– Патэлефанавала – а ён нічога не расказвае, толькі жартуе, – успамінае Наталля, жонка і сябар. – Гэта верная прыкмета, што здарылася нешта неардынарнае. Прыехаў – і не можа размову пачаць… Урэшце «ўзрадаваў»: пакуй чамаданы – прызначылі на­чаль­нікам аддзела ў Астравец.
– Выходзіць, ад лёсу не ўцячэш, – разводзіць рукамі Віталій Кан­станцінавіч.

Дзе фуражку паклаў – там і дом
– У Астравец я прыехаў крыху больш за год таму, 8 мая быў падпісаны загад міністра аб маім прызначэнні начальнікам Астравецкага РАНС, – расказвае Віталій Канстанцінавіч. 
– Не буду маніць – спачатку было няпроста. Па-першае, таму што змяніў я на гэтай пасадзе былога калегу Максіма Шыхалёва,  з якім у нас былі – на шчасце, і цяпер застаюцца – цудоўныя адносіны. І хоць маёй не тое што віны, а нават падспуднага жадання ў гэтай ракіроўцы не было, прызнаюся, адчуваў сябе ніякавата. Ды і адносіліся да мяне на першым часе, мякка кажучы, насцярожана. Неаднойчы, знаёмячыся, нібы між іншым гаварылі: «А што, мясцовага не знайшлося?», «Зноў панаехалі…». Калі чуеш гэта ад людзей, з якімі трэба разам працаваць, адчуваеш сябе не вельмі камфортна…
Ці варта здзіўляцца, што яшчэ доўга ў даведках і зводках начальнік Астравецкага РАНС шукаў вачыма перш Карэліцкі раён, а ўжо потым – Астравецкі? І часта прыкусваў язык, калі, забываючыся, гаварыў: «У нас у Карэлічах…»
– Пераломны момант наступіў гэтай вясной, недзе ў сакавіку: я злавіў сябе на думцы, што ў абласной інфармацыі шукаю радок «Астравец» і мне больш цікава, што адбываецца тут, чым там, – прызнаецца Рыбак. – Хоць увогуле мы – людзі ў форме: дзе фуражку паклаў – там і дом…
Таму, што словазлучэнне «ў нас» стала атаясамляцца з Аст­­ра­­веч­чынай, паспрыяў пера­езд сям’і: пасля таго, як Саша закончыў першы клас, а Яра­слаў – дзіцячы садок, Наталля з дзецьмі таксама сталі астраўчанамі. Не хачу нікога пакрыўдзіць, але, па маіх назіраннях, людзі, якія ездзяць у Астравец на работу, а жывуць у іншых гарадах, так і застаюцца, за рэдкім выключэннем, па думках і адчуваннях чужымі. 
Хоць жонцы і дзецям адаптавацца да новага месца жыхарства было яшчэ цяжэй, чым іх мужу і бацьку.
– Я – карэліцкая, – гаворыць Наталля Іванаўна. – Там родныя, сяб­ры, знаёмыя, а тут – адна, – успамінае жанчына. – Таму з першых дзён на сямейным савеце мы вырашылі, што трэба выходзіць на работу, хоць бы на палову стаўкі. Цэлы дзень шматдзетнай маці працаваць даволі складана: хлопчыкаў трэба адвясці-прывясці ў школу і са школы, на секцыі і ўвогуле пракантраляваць, дзе яны і чым займаюцца. Але і дома сядзець не магла – чалавек я па натуры актыўны. Таму пайшла ў новы ФАК інструктарам у трэнажорную залу. Адукацыя ў мяне адпаведная – скончыла ўніверсітэт фізкультуры.
Дзецям таксама было нялёгка адаптавацца, асабліва Сашу: ён прыйшоў у гімназію ў другі клас, ва ўжо сфарміраваны калектыў – а як цяжка новенькім  у школе, памятаюць, напэўна, усе, каму даводзілася быць у гэтай ролі. Але таварыскія камунікабельныя хлапчукі даволі хутка знайшлі новых сяброў і заняткі па душы. Абодва ходзяць на плаванне. Саша – яшчэ і на бокс,  Яраслаў выбраў каратэ. Ваня пакуль займаецца плаваннем у дзіцячым садку.
Каб хутчэй стаць «сваімі сярод чужых», Рыбакі ледзь не з першага дня жыцця на Астравеччыне выпісалі раённую газету. Хоць некаторыя лічаць, што чытаць пра незнаёмых людзей і мясціны нецікава – у іх іншая кропка гледжання.
– А што, як не мясцовая газета, дапаможа хутка і дакладна даведацца інфармацыю пра раён? Часта, чытаючы «Астравецкую праўду», прашу Віталія расказаць мне пра людзей, што трапляюць на яе старонкі, пра падзеі, тутэйшыя мясціны, – гаворыць Наталля.
У Рыбакоў ужо з’явіліся ў нашым горадзе добрыя знаёмыя – словам «сябры» яны не раскідваюцца. І любімыя мясціны: пры кожным зручным выпадку і спрыяльным надвор’і яны імкнуцца выбрацца з дзецьмі, родзічамі ці сябрамі, якія часта прыязджаюць у госці на Астравеччыну, на Янаўскае вадасховішча, каб адпачыць, «праветрыць мазгі».
Рыбакі сталі астраўчанамі найперш таму, што самі гэтага хацелі! Не ў тым сэнсе, што марылі тут жыць, – але калі ўжо так сталася, то вырашылі зрабіць з гэтага «лімона» ліманад. Адаптаваўшы да  іх сям’і вядомае выказванне пра работу, можна сказаць: неабавязкова жыць там, дзе хочацца, – галоўнае любіць мясціны, дзе жывеш.

семья.jpg

 Мы разам – і ўсё цудоўна!
Назіраючы за Віталіем і Наталляй Рыбакамі, з першага погляду можна зрабіць выснову: яны – сапраўдная сям’я, дзве палавінкі, якія разам у горы і ў радасці. Няма ў іх адносінах чагосьці напаказ, для людскога вока – і, разам з тым,  адразу відаць, што яны разумеюць і адчуваюць адзін аднаго з паўслова.
– Мы простыя людзі, ад зямлі, – гаворыць Наталля Іванаўна. – Трэба бульбу капаць – значыць, едзем на бульбу. Шашлыкі пасмажыць – з задавальненнем! Га­лоўнае – каб разам! І калі чую шэпты: «Гэта ж жонка начальніка пажарнай службы», – то нічога, акрамя скептычнай усмешкі, гэта не выклікае.
…Пазнаёміліся Віталій і На­талля ў Карэлічах, куды хлопец прыехаў працаваць пасля заканчэння Камандна-інжынернага ін­сты­тута, а дзяўчына – пасля ўні­версітэта фізічнай культуры.
– Мы кожную раніцу сустра­каліся па дарозе на работу – тры месяцы віталіся поглядамі. І калі каторы дзень яго не сустракала, то пачынала непакоіцца: куды гэты хлопец падзеўся? Тады нечага не хапала – пакуль наступным ранкам мы зноў не сустракаліся, – узгадвае Наталля.
– А 8 лістапада – як сёння памятаю той дзень! – было такое жудаснае надвор’е: холадна, дождж са снегам… Я ехаў на машыне і ўбачыў дзяўчыну, з якой кожную раніцу сустракаўся на алеі, ідучы на работу. Шкада яе стала: змокне ж, змерзне! Вырашыў падвезці, – працягвае гісторыю іх знаёмства Віталій. 
– Я спачатку спалохалася: што гэта за машына з дарогі збочыла і прытарможвае? Я да незнаёмых мужчын у машыну не сядаю! Потым ужо пазнала, што за рулём той самы знаёмы незнаёмец…
Віталій яшчэ на вяселлі папярэдзіў жонку, што ў іх будзе як мінімум трое дзяцей – тады яна ўспрыняла гэта як жарт. Калі ж пасля нараджэння Сашы і Яраслава муж нагадаў пра гэта, працівіцца не стала. Праўда, бацька вельмі ж хацеў дачушку, ды атрымаўся Ванечка. Але гэта не стала расчараваннем: галоўнае, што яны разам, і значыць – усё цудоўна! 
...Якім бы цяжкім ні выдаўся пра­цоўны дзень, у колькі б гадзін ні вярнуўся дахаты муж, вечар у сям’і заканчваецца  абмеркаваннем падзей і настрою адыхо­дзячага дня. І калі ўсё дзеліцца напал, радасць прымнажаецца, а праблемы палавіняцца – тады муж з жонкай спакойна ідуць адпачываць. Заўтра будзе новы дзень!

Справы і планы
Віталію Канстанцінавічу хочацца, каб Астравецкі РАНС стаў сапраўднай сям’ёй, дзе не проста ўсе ведаюць адзін аднаго, але гатовы прыйсці на дапамогу, раздзяліць радасць і праблемы. 
Пакуль што гэта для калектыву, у якім больш за 200 чалавек, і ўсе пераважна – «новыя астраўчане», што прыехалі сюды з розных мясцін, складана. Але начальнік аддзела ўпэўнены: пачне працаваць Беларуская АЭС, дзейнасць пажарнай службы ўвойдзе ў штатны рэжым – стабілізуецца і калектыў. 
Ужо сёння кіраўнік імкнецца зрабіць ўсё магчымае для яго згуртаванасці. Выратавальнікі – актыўныя ўдзельнікі ўсіх раённых мерапрыемстваў. Аддзел па надзвычайных сітуацыях з’яўляецца ініцыятарам многіх добрых спраў – да прыкладу, спартыўнай эстафеты, прысвечанай 75-годдзю вызвалення Беларусі. На жаль, іншыя сілавыя ведамствы не падтрымалі доб­рую справу – прыгожая і карысная магла б атрымацца акцыя.
А лаўка бяспекі ад РАНС, што з’явілася летась ля вострава кахання напярэдадні юбілею горада, – чым не прыклад для пераймання?
– Мы спадзяваліся, што нашу іні­цыятыву падхопяць іншыя прад­прыемствы і арганізацыі горада, – гаворыць Віталій Рыбак. – Ёсць жа ў Навагрудку алея ліх­та­роў, якія зрабілі розныя прад­прыемст­вы, – цудоўны арт-аб’ект атрымаўся, сапраўдная «ізю­мінка» горада. Чаму б у Астраўцы кожнай установе і арганізацыі па нашаму прыкладу не зрабіць такія вось  лаўкі? Яны таксама маглі б стаць алеяй лавак.
Сапраўды – чаму? Добрая ж ідэя!
Думаю, калі Рыбакі затрыма­юцца ў нашым горадзе надоўга і стануць астраўчанамі без пры­стаўкі «новыя», яны прыдумаюць і зробяць тут яшчэ шмат добрых спраў. 
Але ці звязваюць яны свае планы з Астраўцом?
– У бліжэйшай будучыні – так, – гаворыць Віталій Канстанцінавіч. – А далей… Раней я стараўся ўсё спланаваць і, здавалася б, планы былі рэальныя і канкрэтныя – а лёс усё перайначваў. Нездарма ж кажуць: хочаш рассмяшыць Бога – раскажы яму пра свае планы. Цяпер далёка наперад загадваць не бяруся.
– А я – як іголка за ніткай, – паціскае плячыма Наталля Іва­наўна. – Яго планы – мае планы.
І ўсё ж хочацца пажадаць – ім і нам – каб Рыбакі на ўзбярэжжы Лошы не перавяліся, а, наадварот, множыліся!

Текст: Нина Рыбик