Прыбяры свой горад

08:27 / 06.04.2011

Сышоў снег – і вылезлі на белы свет “падснежнікі” – смецце, што хавалася ўсю зіму пад яго покрывам. Да гонару работнікаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі трэба сказаць, што яны адразу ж выйшлі на ўборку горада, стараючыся, каб ён радаваў вока і жыхароў, і гасцей.
Але не дворнікамі адзінымі – ім пры ўсім жаданні з усім не справіцца… Навесці парадак ля свайго дома, арганізацыі, установы, прадпрыемства – абавязак і справа гонару кожнага жыхара, кіраўніка, супрацоўніка. І зусім неабавязкова для гэтага чакаць традыцыйнага веснавога суботніка ці чыстага чацвярга перад Пасхай: навошта адкладваць на заўтра тое, што можна зрабіць сёння?



Раённым выканаўчым камітэтам з 1 красавіка па 1 мая аб’яўлены месячнік па санітарнай ачыстцы населеных пунктаў раёна. Адпаведнае распараджэнне абавязвае арганізацыі ўсіх форм уласнасці прыняць аператыўныя меры па ўборцы замацаваных за імі тэрыторый.

Але зрабіць гэта трэба не толькі для таго, каб выканаць распараджэнне, а ў першую чаргу каб жыць і працаваць у чысціні і парадку.