Дзе жыве лепшы вальшчык лесу

13:09 / 19.07.2019
1049

Хто хутчэй «пераапранае» пілу і валіць дрэва? Колькі секунд патрэбна лесарубу, каб яго «пагаліць»? Адказы на гэтыя пытанні былі знойдзены на раённым конкурсе вальшчыкаў лесу.

Прадэманстраваць майстэрства распілоўкі рознымі спосабамі і ўменне працаваць у тандэме з бензапілой прадэманстравалі лепшыя вальшчыкі Астравеччыны і госці са Смаргоншчыны.

10.jpg

Конкурс вальшчыкаў лесу ў нашым раёне праходзіць штогод на базе розных лясніцтваў. Да прыкладу, у мінулым годзе на сваіх землях лесарубаў гасцінна сустракалі лесаводы Кямелішкаўскага лясніцтва. Сёлета гонар прымаць спаборніцтва выпаў варнянскім лесаводам.

4.jpg

Усе дзевяць лясніцтваў і лесапункт накіравалі на конкурс па два ўдзельнікі. Ну і, канешне ж, групу падтрымкі – як без гэтага! Каманда Смаргонскага вопытнага лясгаса выступала па-за конкурсам.

Спаборніцтва складалася з пяці этапаў: валка лесу, мантаж ланцуга бензапілы, дакладнае пілаванне, абрэзка галін і камбініраваны рэз драўніны.

9.jpg

Распачаўся конкурс з валкі лесу, праўда, на гадзіну пазней – арганізатары чакалі, калі распагодзіцца, – з самай раніцы ў Варнянах дождж ліў як з вядра. На гэтым этапе, які ўскладніўся дрэнным надвор’ем, вальшчыкам патрэбна было спілаваць дрэва так, каб яно ўпала ў патрэбным накірунку ў вызначанае месца.

5.jpg

Найлепш гэта атрымалася ў вальшчыка лесу Міхалішкаўскага лясніцтва Юрыя Часнойця. Яму крыху саступіў ляснік Варнянскага лясніцтва Алег Байкоўскі. Тройку лідараў замкнуў вальшчык лесу лесапункта Міхаіл Масевіч.

Да слова сказаць, і на наступных этапах конкурсу за лідарства змагалася гэтае трыа.

Іншыя выпрабаванні праходзілі на спецыяльна абсталяванай пляцоўцы ў варнянскім парку. Праўда, дэманстраваць сваё майстэрства вальшчыкам лесу і тут даводзілася пад акампанемент дажджу – іспыты ў розных катэгорыях праходзілі паралельна на розных пляцоўках.

Хутчэй за ўсіх – за 14,91 секунды – з мантажом бензапілы справіўся Алег Байкоўскі. З другім вынікам гэты этап прайшоў Юрый Часнойць. Трэцім стаў Міхаіл Масевіч.

На этапе «абрэзка сучча» – калі спецыяльна падрыхтаваныя сукі трэба абрэзаць не толькі хутка, але і якасна – не пакінуўшы іх даўжэйшымі за 5 міліметраў і пры гэтым не паглыбіцца ў свол пілой больш чым на 5 міліметраў – лепшым стаў Юрый Часнойць. Другі вынік паказаў Алег Байкоўскі, трэці – Міхаіл Масевіч.

6.jpg


У «дакладным пілаванні» ў тройку лідараў удалося трапіць вальшчыку леса лесапункта Андрэю Мазуру – ён заняў 3 месца. Першую і другую прыступкі адпаведна занялі Юрыю Часнойцю і Міхаілу Масевічу.

Самы няпросты від спаборніцтва – распілоўванне бервяна камбінаваным рэзам. Сутнасць гэтага выпрабавання заключаецца ў тым, што ствол дрэва трэба пілаваць з двух бакоў – спачатку надпілаваць зверху, а потым – знізу, гэтыя два надрэзы павінны «сустрэцца». Пры гэтым удзельнік павінен так адпілаваць дыск таўшчынёй ад 3 да 8 сантыметраў, каб не зачапіць падкладзеную пад бервяно аснову.

7.jpg

8.jpg


Бліскуча з гэтай задачай справіўся Алег Байкоўскі. Крыху да першага месца не хапіла вальшчыку леса Міхалішкаўскага лясніцтва Міхаілу Вайцяховічу. Трэці вынік паказаў яго калега Юрый Часнойць.

Пакуль журы падводзіла вынікі, у Варнянскім доме культуры для ўдзельнікаў спаборніцтваў зладзілі невялікі канцэрт, пасля якога ўзнагародзілі пераможцаў конкурсу. Праўда, з-за тэхнічнай памылкі аднаго з суддзяў на наступны дзень вынікі спаборніцтва былі перагледжаны.

11.jpg

Пераможцам раённага конкурсу стаў вальшчык лесу Міхалішкаўскага лясніцтва Юрый Часнойць, на другім месцы апынуўся ляснік Варнянскага лясніцтва Алег Байкоўскі, вальшчык лесу лесапункта Міхаіл Масевіч стаў трэцім.

1.jpg

Юрый Часнойць


У агульнакамандным заліку перамогу святкавалі гаспадары – каманда Варнянскага лясніцтва. Другімі сталі вальшчыкі лесу лесапункта. А тройку прызёраў замкнула каманда Міхалішкаўскага лясніцтва.

2.jpg

Пераможцы і прызёры атрымалі дыпломы і грашовыя прэміі, а каманда Кямелішкаўскага лясніцтва, якая заняла апошняе месца, – пераходны прыз: іржавую двухручную пілу.

3.jpg

Кампетэнтна

Галоўны ляснічы ДЛГУ «Астравецкі лясгас» Віктар Лях:

– Спаборніцтвы сярод вальшчыкаў лесу ў Астравецкім лясгасе праходзяць штогод. Лепшыя лесарубы потым абараняюць гонар Астравеччыны на вобласці.

Некаму гэтыя спаборніцтвы могуць падацца нецікавымі, маўляў, адны і тыя ж іспыты праходзяць, адны і тыя ж людзі – але насамрэч гэта не так. У пэўнай ступені вынікі спаборніцтваў адлюстроўваюць прафесіяналізм і майстэрства вальшчыкаў лесу. Пераможцы і прызёры гэтага конкурсу – добрасумленныя і адказныя работнікі, якія могуць паслужыць прыкладам для сваіх калег.

З першых вуснаў

Пераможца конкурсу – вальшчык лесу Міхалішкаўскага лясніцтва Юрый ЧАСНОЙЦЬ:

– Мне прыемна, што трэці год запар я стаў лепшым вальшчыкам лесу ў раёне. Ці ёсць у гэтым нейкі сакрэт? Напэўна, не. Трэба любіць тое, што робіш. З шасці этапаў мне найбольш падабаецца абрэзка галін – гэта хуткі дынамічны іспыт. Не вельмі люблю распілоўванне бервяна камбінаваным рэзам – тут патрэбна філіграннасць, адхопіш бензапілой з аднаго боку на некалькі міліметраў больш і ўсё – пра роўны распіл і марыць не варта.


Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич и Виталий Филипчик
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений