Лепшыя корманарыхтоўшчыкі раёна атрымалі падарункі

09:21 / 15.07.2019

На Астравеччыне блізіцца да завяршэння першы ўкос траў. Райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу падвёў вынікі спаборніцтва на корманарыхтоўцы. Заслужаныя ўзнагароды атрымалі лепшыя механізатары раёна.

Да прафсаюзнага лідара аргарыяў Юрыя Адулы далучыліся старшыні прафсаюзных пярвічак КСУП “Гудагай” Ганна Налівайка і КСУП “Гервяты” Марына Івашка.

Другі год запар лепшым касьбяром у раёне стаў гервяцкі механізатар Рымантас Трапшыс – сёлета мужчына скасіў 1 455 гектараў.

3.jpg

– Тры гады таму наша гаспадарка набыла модульную ратацыйную касілку, якая захоплівае травы з дзевяці метраў у адзін пракос. Тэхніку даверылі мне, – расказвае Рымантас Трапшыс. – Працаваць на ёй – адно задавальненне.

Яшчэ адзін гервяцкі механізатар – Алег Яблонскі перамог у намінацыі “Падбор і здрабненне зялёнай масы”. Сёлета камбайнер на “Кляйне” падабраў і здрабніў траву на плошчы 7 071 гектар.

4.jpg

Алега Яблонскага віншуе з перамогай старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Юрый Адула


Сярод занятых на адвозцы “зялёнкі” вадзіцеляў лепшым прызнаны Уладзімір Грынцэвіч з КСУП “Варняны”, які, нагадаю, атрымаў падарунак падчас прафсаюзнай справаздачна-выбарчай канферэнцыі.

Найбольшы спрыт у адвозцы травы сярод трактарыстаў прадэманстраваў механізатар з КСУП “Гудагай” Пётр Сяргей, які перавёз 2 585 тон зялёнай масы.

IMG_6259.jpg

Пятра Іванавіча мы заспелі на механічных майстэрнях у Малях – рыхтаваў да ворыва плуг.

– Нездарма кажуць: рыхтуй сані летам, а воз – зімой, – усміхаючыся, гаворыць трактарыст-машыніст. – Гэта толькі здаецца, што пасяўная азімых далёка. Не паспеем азірнуцца, як адшуміць жніво. У апошнія гады тэрміны ўборкі збожжавых і травы супадаюць, таму трэба быць гатовым да ўсяго.

Яшчэ адзін гудагайскі механізатар Генадзь Змітровіч забраў перамогу ў намінацыі “Абмотка травы ў стрэйч-плёнку” – мужчына нарыхтаваў 779 тон сенажу.

IMG_6265.jpg

Віншуем корманарыхтоўшчыкаў з добрым вынікам!

Текст:
Фото: Алёна Ганулич