Рэдакцыйны конкурс «Як гэта было»: напішам гісторыю разам!

16:28 / 12.07.2019

Пытанне на засыпку: што за машына на здымку і чым займаецца яе аператар?

1.jpg

Думаю, нямногія з тых, хто не мае непасрэднага дачынення да рэдакцыі і друкарні і нават маладзейшыя журналісты, які не ўяўляюць сваю працу без камп’ютара, ведаюць, што гэта – лінатып. За ім працуе ветэран друку, на той час – маладзенькая лінатыпістка Людміла Сцяфанчык. На клавіятуры, падобнай да пішучых машынак, яна набірала артыкулы журналістаў – а кожная літарка, слова, радок адліваліся на тарцавой грані расплаўленай свінцовай пласціны. Пласціны астывалі – і затым іх трэба было ў правільным парадку скласці ў газетную паласу, уручную набраць да кожнага артыкула загаловак, размясціць фотаздымкі, «пераведзеныя» іншай спецыяльнай машынай на цынкавую пласціну, зрабіць адбітак газетнай старонкі на паперы, вычытаць, выправіць памылкі, надрукаваць тыраж… Усё амаль як у казцы пра лёгкі хлеб!

Упэўнены: ветэраны працы з любой іншай галіны могуць расказаць шмат цікавага пра тое, як у розныя гады жылі, працавалі, адпачывалі. І пацвердзіць свае расповеды фотаздымкамі – гэта абавязковая ўмова нашага конкурсу, прымеркаванага да 75-годдзя ўтварэння Гродзенскай вобласці, які мы сёння аб’яўляем.

Мы абавязкова надрукуем лепшыя з іх на старонках газеты. А аўтараў самых цікавых фотааповедаў пра тое, «Як гэта было», вызначыць рэдакцыйнае журы. Пераможцы будуць адзначаны дыпломамі і падарункамі.

Чакаем вашых расповедаў і фотаздымкаў. Іх можна даслаць ці прынесці ў рэдакцыю – пасля таго, як здымкі будуць скапіраваны, а гісторыі – запісаны, арыгіналы мы вернем уладальнікам. Можна запрасіць журналіста, які пераздыме старыя фота і занатуе вашы аповеды. Калі вы сябруеце з камп’ютарам, то можаце размясціць здымкі і подпісы да іх у групах «Астравецкай праўды» ў сацыяльных сетках. Любы варыянт прымальны. Гэта могуць зрабіць і дзеці ці ўнукі ветэранаў.

Калі вы – кожны з вас, нашых чытачоў, у чыім сямейным архіве захоўваюцца старыя фотаздымкі, – станеце актыўнымі ўдзельнікамі нашага конкурсу, то не толькі рэдакцыя – увесь раён атрымае самы галоўны падарунак: дакументальнае сведчанне пра справы і людзей мінулых дзён.

Давайце разам узгадаем і напішам нашу гісторыю!

Текст: Главный администратор