Арцём Рагавенка выканаў нарматыў майстра спорта па рукапашнаму бою
Спіс майстроў спорту Астравеччыны дапоўніўся яшчэ адным імем – нарматыў на гэтае званне па рукапашнаму бою выканаў Арцём Рагавенка.
У школьныя гады хлопец займаўся боксам, а пасля таго, як паступіў у Магілёўскі інстытут Міністэрства ўнутраных спраў, захапіўся яшчэ і рукапашным боем. Паступова астраўчанін пачаў выступаць на розных спаборніцтвах, займаць прызавыя і пераможныя месцы. А нядаўна Арцём выканаў нарматыў майстра спорта.
– Я вельмі ўдзячны сваім бацькам за тое, што яны заўсёды падтрымлівалі мяне, а таксама брату, які прывёў у секцыю па боксе ў 2 класе і затым дапамагаў парадамі, – адзначыў Арцём. – І, канешне ж, нізкі паклон першаму трэнеру па боксе Аляксею Зянонавічу Маргужу: ён выхаваў мяне як спартсмена, уклаў шмат сіл і нерваў, навучыў паважаць і любіць бокс. А яшчэ дзякую трэнеру па рукапашнаму бою і таэквандо Раману Уладзіміравічу Ляўкову – ён заўважыў мяне на трэніроўках у Магілёве і дапамог развівацца ў рукапашным адзінаборстве. З дапамогай гэтых людзей я дасягнуў таго, аб чым так марыў у дзяцінстве – стаў майстрам спорту.