Пра захапленне боксам і прыём у губернатара расказаў Алег Сільвановіч

09:44 / 28.06.2019

Усмешлівага, пацалаванага сонейкам, сямнаццацігадовага хлопца з Гудагая Алега Сільвановіча ў асяроддзі баксёраў ведаюць як стараннага і перспектыўнага спартсмена, а яго сапернікі, выходзячы на рынг, загадзя рыхтуюцца да сур’ёзнага бою. За два з паловай гады, што юнак займаецца боксам у Астравецкай спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школе алімпійскага рэзерву, ён заваяваў аўтарытэт сярод таварышаў, пахвалу трэнера, а таксама медалі розных проб з абласных, рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтваў. Поспехі юнага баксёра не засталіся незаўважанымі – сёлета яго запрасілі на ўрачысты прыём да старшыні аблвыканкама Уладзіміра Краўцова па ўшанаванню адоранай і таленавітай моладзі Гродзенскай вобласці.

0W1A7824.JPG

Уражаннямі ад сустрэчы з губернатарам, пра захапленне боксам і планамі на будучыню Алег Сільвановіч падзяліўся з чытачамі “Астравецкай праўды”.

– Алег, як ты ўспрыняў навіну, што паедзеш на ўрачысты прыём у аблвыканкам?

– Моцна здзівіўся і спачатку не паверыў – падумаў, што мяне з кімсьці пераблыталі. Шчыра кажучы, не лічу сябе асаблівым: проста люблю бокс – і ўсё. Калі на прыёме пачалі прадстаўляць прысутных, спачатку адчуваў сябе няёмка – там сабраліся пераможцы рэспубліканскіх алімпіяд па розных прадметах, вядомыя маладыя музыканты, мастакі. Калі пералічвалі мае дасягненні ў спорце, усе ўважліва слухалі, глядзелі на мяне з цікавасцю і павагай – і стала спакайней.

60863b83b98b414424989a203d4d6627.jpg

– Чым запомнілася сустрэча?

– Незвычайна ўзнёслай атмасферай – гэта было крута. Спадабалася, як губернатар сказаў, што кіраўніцтва вобласці і рэспублікі падтрымлівае і будзе падтрымліваць здольных хлопцаў і дзяўчат.

– Ты прыйшоў у бокс у 8 класе. Што паўплывала на гэтае рашэнне?

– Калі вучыўся ў пачатковых класах, тата, які ў маладосці таксама займаўся адзінаборствамі, неаднойчы заводзіў размову, каб запісаць мяне на бокс. Але тады мне больш падабаўся футбол. А калі гульня ў мяч надакучыла, я пачаў цікавіцца боксам. Затым на старонцы Яўгенія Красоўскага УКантакце ўбачыў відэа трэніроўкі старэйшай групы баксёраў – ролік зачапіў. Жэня, з якім неаднойчы сустракаўся на футболе, заўсёды быў падцягнутым і стройным. Я ж на той час быў пухленькім. (Усміхаецца) Так-так, гэта зараз я выступаю ў вагавой катэгорыі 52 кілаграмы, а пачынаў з 60-ці. Да таго ж я вучыўся ў адной школе і пасябраваў з Арцёмам і Максімам Каспяровічамі, якія таксама займаліся боксам. Ад іх падрабязна даведаўся пра трэніроўкі.

Пасля, параіўшыся з бацькамі, якія поўнасцю мяне падтрымалі, з двума таварышамі паехаў запісвацца на секцыю. Памятаю, боязна крыху было: прыйшлі ў залу – а там трэніроўка ў самым разгары. Першым трэнерам у мяне быў Дзмітрый Юцкевіч, калі яго забралі ў армію, пачаў займацца ў Аляксея Маргужа. Бокс адразу спадабаўся. Як і большасці хлопцаў, мне хацелася быць моцным, умець пастаяць за сябе, за бацькоў, за будучую дзяўчыну. А зараз я проста не ўяўляю сябе без гэтага віду спорту. Галоўнае, зразумець, што ты трэніруешся не для кагосьці, а для сябе – і ад гэтага залежыць вынік. А яшчэ мне падабаецца наша згуртаванасць – кожны баксёр стаіць за таварыша гарой, цёплыя сяброўскія адносіны, узаемадапамога. У футболе такога не было.

– Заняткі боксам не перашкаджаюць вучобе?

– Не. Наадварот, калі пачаў трэніравацца, адзнакі сталі лепшымі. Гэта заслуга Аляксея Зянонавіча – ён заўсёды пытае ў нас пра поспехі ў школе і калі трэба падцягнуць нейкі прадмет, дазваляе прапусціць трэніроўкі. Трэнер любіць паўтараць, што дурны баксёр – гэта не баксёр. Махаць кулакамі любы зможа, а ў боксе, як і ў шахматах, трэба думаць, прадугледжваць і прадухіляць ход саперніка. Усе вядомыя спартсмены – адукаваныя разумныя людзі.

-B6_SQyCBzI.jpg

– А ў цябе ёсць кумір сярод баксёраў?

– Калі выбіраць з усіх, то гэта ўкраінец Васіль Ламачэнка. Калі з беларусаў – безумоўна, Віталь Бандарэнка. Гэта яскравы прыклад таго, чаго можна дасягнуць у спорце, калі моцна захацець і старанна трэніравацца. Пры гэтым ён – прыветлівы і просты чалавек, заўсёды гатовы дапамагчы.

– У гэтым годзе ты стаў бронзавым прызёрам рэспубліканскага спаборніцтва, перамог на міжнародным турніры памяці Героя СССР Віктара Усава. Чаго хочаш дасягнуць цяпер?

– Хачу перамагчы на рэспубліцы, выканаць нарматыў кандыдата ў майстры спорту і далей развівацца ў боксе. А пасля – жыццё пакажа.

ESsktnWjlxQ.jpg

Текст: