Юные олимпийцы Островетчины побывали на II Европейских играх

14:58 / 25.06.2019
653

За два тыдні змены наведвальнікі спартыўна-аздараўленчанага лагера з дзённым знаходжаннем “Юны алімпіец” не толькі паўдзельнічалі ў малых алімпійскіх гульнях у Астраўцы, але і пабылі на Ⅱ Еўрапейскіх гульнях у Мінску.

IMG_5718.jpg

Для дзяцей, якія выбралі для летняга адпачынку лагер дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы алімпійскага рэзерву, выхавацелі падрыхтавалі цікавую і насычаную праграму.

Лёгкаатлетычныя трэніроўкі кожны дзень – нездарма ж лагер профільны! – у незвычайнай гульнявой форме, спартыўныя нарматывы, спаборніцтвы па боксе, валейбол, баскетбол, шашкі і нават маляванне і віктарыны кшталту “варушы звілінай”, удзел у акцыях па захаванні здаровага ладу жыцця і правілах бяспечных паводзін у лесе і на вадзе – як паказала практыка, фізічныя і не толькі нагрузкі можна ўспрымаць з лёгкасцю і задавальненнем.

– Хоць лагер наш знаходзіцца на базе спартыўнай школы, дзеці займаюцца таксама на гарадскім стадыёне, трэніруюцца на спартыўнай пляцоўцы СШ №2, гімнастычнай дарожцы гімназіі і наведваюць басейн у фізкультурна-аздараўленчым комплексе ў другім мікрараёне, – удакладняе начальнік лагера “Юны алімпіец” Святлана Раманоўская. – Ужо не першы год дзеці з задавальненем удзельнічаюць у малых алімпійскіх гульнях, на якіх мы вызначаем самых спрытных, спартыўных і актыўных. Акрамя вынікаў, дзеці чакаюць і прызоў.

У гэтым годзе юных алімпійцаў чакалі яшчэ два сюрпрызы. Па-першае, было вырашана вызначыць пераможцаў не толькі ў алімпійскіх гульнях, але і ў чатырохбор’і – а значыць, падарункаў на апошняй лінейцы выхаванцы спартыўнага лагера атрымаюць яшчэ больш.

А па-другое, юныя астравецкія спартсмены змаглі пабываць на лёгкаатлетычным дні Ⅱ Еўрапейскіх гульняў у Мінску. І ўражанні ад гэтай значнай у іх жыцці падзеі засталіся вельмі моцнымі.

–Выпускнікі спартыўнай школы пабывалі на спаборніцтвах па боксе, адкуль прысылалі здымкі і відэа, дзяліліся з намі ўражаннямі – расказвае Святлана Раманоўская. – Нашы “алімпійцы” наведалі спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы. Ім, лічу, вельмі пашанцавала: спартыўныя мерапрыемствы такога маштабу і ўзроўню яны бачылі ўпершыню. Паехалі на гульні дзеці, якія праявілі сябе на лёгкаатлетычных спаборніцтвах. Для сябе, як для трэнера, на Еўрапейскіх гульнях адзначыла незвычайную форму эстафеты, калі на мужчынскі старт выстаўлялі жанчыну – і наадварот. Такога яшчэ нідзе не было.

УРАЖАННІ

Назар Субель:

Назар Субель.jpg
– Шмат якіх відаў спорту дэманстравала лёгкая атлетыка. Мы ўбачылі, якіх вынікаў можна дасягнуць, калі старанна трэніравацца. Больш за ўсё ўразілі скачкі праз планку ў вышыню! Я так не змагу. Пакуль… І бачна было добра – лепш, чым па тэлевізары.


Максім Сантоцкі:

Максім Сантоцкі.jpg

– Мне спадабалася ўжо тое, што ў сваім узросце я трапіў на гульні такога ўзроўню. Там было так прыгожа і займальна! Дасягненні беларускіх спартсменаў для мяне прыклад – я таксама хачу дасягнуць высокіх вынікаў у лёгкай атлетыцы. Найбольш мне спадабалася кіданне кап’я і скачкі. Беларусы занялі другое месца – гэта добра, але яшчэ ёсць да чаго імкнуцца. Мы, думаю, можам і першае заняць.

Дзяніс Чарапко:

Дзяніс Чарапко.jpg

– Больш за ўсё мне запомніўся агонь Еўрапейскіх гульняў, які гарэў на высокай платформе. Уразіла эстафета 4х400 – спартсмены так хутка беглі! Спадабаліся скачкі ў даўжыню і вышыню. Было крута!

ЛІЧБА

43 дзіцяці аздаравіліся ў спартыўным лагеры “Юны алімпіец”, 18 з іх наведалі Ⅱ Еўрапейскія гульні.

Текст: Ольга Хотянович
Фото: Ольга Хотянович
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений