Чым унікальная Варнянская амбулаторыя
08:17 / 16.06.2019
Адна дарога на дваіх
Яна…
Муж і жонка Валянцін і Ядвіга Твёрдыя працуюць у варнянскай амбулаторыі ўжо трыццаць пяць гадоў: Ядвіга Леанідаўна – загадчыцай амбулаторыі і па сумяшчальніцтву педыятрам, Валянцін Сцяпанавіч – урачом агульнай практыкі. Дарэчы, іх малодшая дачка Галіна таксама стала ўрачом.
– Здаецца, толькі ўчора з Валянцінам і гадавалай Марынкай на руках прыехалі ў Варняны. А ўжо ўнукаў дапамагаем гадаваць, – гаворыць Ядвіга Леанідаўна. – Складана паверыць, што ў жніўні будзе 35 гадоў, як гэты край і людзі сталі для нас роднымі.
Гісторыя іх кахання пачалася ў Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім інстытуце.
– Першага снежня нас залічылі на падрыхтоўчае аддзяленне, сфарміравалі групы, мяне абралі старастам, – успамінае Ядвіга Леанідаўна.
Валянцін служыў у ваенна-марскім флоце ў Сяміпалацінску. Пакуль ён дэмабілізаваўся, набор на падрыхтоўчае аддзяленне медыцынскага інстытута скончыўся. У дэканаце пайшлі насустрач юнаку – і прынялі на курсы.
– Помню, былі заняткі па біялогіі. У нашу групу зайшоў статны малады чалавек, апрануты ў ваенна-марскую форму, – успамінае жанчына. – Усе пачалі перашэптвацца: што за студэнт такі ў ваеннай форме? Мы даведаліся, што гэта наш аднакурснік. З падрыхтоўчага аддзялення мы з Валянцінам разам.
Напрыканцы 80-х гадоў амбулаторыя абслугоўвала 4 800 дарослых і 900 дзяцей, цяпер – амаль 3 000 дарослых і крыху больш за 600 дзяцей.
Ядвіга Леанідаўна прызнаецца, што хоць і няпроста сумяшчаць абавязкі загадчыцы амбулаторыі і педыятра, без маленькіх пацыентаў яна не ўяўляе свайго жыцця.
– Я заўсёды хацела быць педыятрам. Пасля пятага курса мы выбіралі спецыяльнасць – я, не раздумваючы, спынілася на педыятрыі, – гаворыць загадчыца амбулаторыі. – І не пашкадавала.
На прыём да Ядвігі Леанідаўны ўжо прыводзяць сваіх дзетак тыя, каго яна ў дзяцінстве лячыла.
– Час не стаіць на месцы: мяняюцца тэхналогіі, метады лячэння. Цяпер мы працуем у праграме «Е-доктар»: анлайн можам пракансультавацца з калегамі з Астраўца, паглядзець вынікі аналізаў пацыента, даведацца, якое лячэнне прайшоў хворы ў цэнтральнай раённай бальніцы і якія рэкамендацыі атрымаў, – гэта ўсё спрашчае работу, – працягвае доктар. – Першы паверх варнянскай амбулаторыі адведзены для работы з дзецьмі: тут размяшчаецца працэдурна-прышчэпачны кабінет і пакой прыёму. На другім паверсе працуюць два ўрачы агульнай практыкі Валянцін Твёрды і Валерыя Хілько, стаматолаг Вольга Келіна, памочнік урача Галіна Бартасевіч, акушэрка Ніна Мацкела, лабарант Галіна Фурс, фізіяпрацэдурная медсястра Лілія Савіч, медсястра агульнай практыкі Алеся Недалтоўская.
…І ён
Урача агульнай практыкі Валянціна Твёрдага бабулі называюць не інакш, як «мой доктарчык». Заўсёды ў добрым настроі, спакойны і ветлівы, нават да падлеткаў ён звяртаецца не інакш, як на «вы». Цікаўлюся ў доктара, ці шмат пацыентаў прыходзіць на прыём.
– Дзень на дзень не даводзіцца. Учора, напрыклад, было 19. А здараецца, што за ўвесь дзень у кабінет зазірне 1-2 чалавекі, тады сам еду па дамах, – расказвае Валянцін Сцяпанавіч. – Да кожнага пацыента стараюся адносіцца, як да роднага. Да нас, медыкаў, людзі звяртаюцца, калі нешта баліць, – таму заўсёды імкнуся быць у тонусе і добрым настроі. Дапамагаюць выздаравець не толькі лекі, але і добрыя словы.
Валянцін Сцяпанавіч упэўнены, што ў медыцыне самае галоўнае – камандная работа: калі кожны дакладна выконвае свае абавязкі – тады і вынік атрымліваецца станоўчы.
– У нас працуюць людзі, для якіх медыцына – не столькі прафесія, колькі стыль жыцця. Калі тэлефануе позна вечарам нехта з пацыентаў, я абавязкова здымаю трубку і еду на выклік, – гаворыць Валянцін Сцяпанавіч. – У нас цудоўны калектыў – кожны чалавек на сваім месцы.
Чуллівае сэрца Валерыі
Два гады ў варнянскай амбулаторыі працуе ўрач Валерыя Хілько, якую за гэты кароткі час ужо паспелі палюбіць вясковыя жыхары.
– Валянцін Сцяпанавіч прымае варнянцаў, я – людзей, якія замацаваны за Быстрыцкім, Трокеніцкім і Варонскім фельчарска-акушэрскімі пунктамі, – расказвае Валерыя. – Часцей за ўсё на прыём прыходзяць пажылыя людзі са скаргамі на ціск ці болі ў сэрцы. Самае галоўнае ў нашай рабоце – увага. Хоць на першасны прыём і адводзіцца 20 хвілін, я заўсёды стараюся разабрацца ў сутнасці праблемы. Урач павінен не толькі слухаць, але і чуць і быць спачувалым. Думаю, што гэта ў мяне атрымліваецца!
Анёл-ахоўнік у белым халаце
У старшай медыцынскай сястры Наталлі Кірпы залатыя рукі – гэта добра ведаюць многія варнянцы: і ўкол яна ставіць безбалюча, і ў вену з першага разу пападзе. Пра Яўстаф’еўну многія кажуць, што яна – медсястра ад Бога…
– Пасля вучобы ў Мінскім медвучылішчы некаторы час я працавала ў дзіцячым аддзяленні гарадской бальніцы № 2, – расказвае жанчына. – Усё вяртаецца на кругі свае: пачынала з дзетак і цяпер працую з дзеткамі – дапамагаю педыятру. Раней на вуліцы толькі дарослыя віталіся, а цяпер і малышы наперабой крычаць «Добры дзень, цёця Наташа!» (Усміхаецца) Я марыла стаць урачом: пасля вучылішча збіралася падступаць у медінстытут, але сустрэла будучага мужа. Маю мару ажыццявіла дачка Даша – яна вучыцца ў Віцебскім медуніверсітэце.
За тры дзесяцігоддзі работы ў медыцыне Наталля Яўстаф’еўна зведала столькі, колькі хапіла б на некалькі ўрачоў-мужчын: рэаніміравала тапельцаў, выязджала на месцы аварый, вырывала ў смерці сардэчнікаў…
– У такіх сітуацыях думала, што запанікую, аднак, наадварот, канцэнтравалася і спакойна выконвала сваю работу, – расказвае жанчына. – Я ўдзячна людзям, з якімі працавала і працую: Раісе Аляксееўне Уласевіч, Ядвізе Леанідаўне і Валянціну Сцяпанавічу Твёрдым за дапамогу і парады.
Кожны дзень Наталля Яўстаф’еўна прыходзіць на работу ў добрым настроі – і ад усмешкі жанчыны тым, хто з ёй працуе або прыходзіць за дапамогай, становіцца лягчэй.
– Галоўны абавязак медсястры – падрыхтаваць пацыента да прыёму ўрача. Людзі звяртаюцца да нас за дапамогай з хваробамі, болем, праблемамі – і не варта крыўдзіцца, калі хтосьці з іх павышае голас ці ў чалавека пачынаецца істэрыка, – разважае жанчына. – Я да гэтага часу памятаю словы прафесара: у медыцыне выпадковых людзей не бывае. У мяне ў жыцці ўсё склалася найлепшым чынам: я рэалізавалася ў прафесіі і асабістым жыцці. Я – шчаслівая!
Спрытнасць рук – і ніякага ашуканства
Толькі глянуўшы на кроў, нават не зазіраючы ў мікраскоп, яна можа сказаць, што ў чалавека нізкі гемаглабін. Кожны дзень ёй даводзіцца рабіць балюча людзям дзеля іх здароўя – браць аналізы крыві. І з гэтым лабарант Галіна Фурс спраўляецца на выдатна ўжо трыццаць гадоў.
– Я скончыла Гомельскае медвучылішча. Некалькі гадоў адпрацавала ў аддзяленні хуткай дапамогі ў Буда-Кашалёве, а потым лёс прывёў мяне на Астравеччыну. З таго часу і працую ў варнянскай амбулаторыі, – заўсёды сур’ёзны і напружаны твар Галіны Мікалаеўны асвятляецца ўсмешкай. – У нашай амбулаторыі можна зрабіць агульны аналіз крыві і мачы, біяхімічны – вызначыць узровень цукру і халестырыну. Два разы на тыдзень – у аўторак і чацвер – бяру кроў з вены, якую цэнтралізавана адвозяць у Астравец.
…Кажуць, што каля 80 % інфармацыі пра стан здароўя чалавека можна атрымаць па выніках лабараторных аналізаў, у Варнянах такія звесткі здабывае, пачараваўшы над колбамі і мікраскопам, Галіна Фурс.