Як змагацца з баршчэўнікам Сасноўскага
Баршчэўнік Сасноўскага сустракаецца на тэрыторыі Астравецкага раёна і ўяўляе сабой неверагодную небяспеку, як для прыродных комплексаў, так і для насельніцтва.
Расліна выдзяляе празрысты фітатаксічны сок, які рэзка павышае адчувальнасць арганізма да ўльтрафіялетавага выпраменьвання. Калі кроплі соку трапяць на скуру, то дастаткова непрацяглага ўздзеяння сонца, каб атрымаць апёк 1-й, 2-й і нават 3-й ступені. Сімптомы могуць праявіцца праз некалькі гадзін і, нават, сутак.
У спякотны сонечны дзень эфірнае масла баршчэўніка асабліва ядавітае і можа выклікаць галаўныя болі, млоснасць, галавакружэнне.
Гэтая расліна на адным месцы расце 15 гадоў і пакідае пасля сябе больш за тысячу зярнят насення.
Як змагацца?
* Выкошваць. Сістэматычна выкошваць на працягу некалькіх гадоў і шмат разоў – з вясны да восені.
* Апырскваць ядамі да цвіцення. Адна працэдура не дапаможа!
Карысна ведаць
Для апрацоўкі могуць выкарыстоўвацца прэпараты, уключаныя ў Дзяржаўны рэестр сродкаў аховы раслін (пестыцыдаў), дазволеных для прымянення на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.
* Выкопваць карэнне ранняй вясной, пры ўмове што калонія баршчэўніка невялікая.
* Пасвіць жывёлу толькі ў тым выпадку, пакуль лісты баршчэўніка маладыя і не паспелі “набрыняць” атрутай.
* Збіраць суквецці. Абавязкова пры гэтым выкарыстоўваць сродкі аховы – воданепрапушчальнае адзенне, пальчаткі – і памятаць пра ахову органаў дыхання. Галоўнае – каб насенне расліны не паспела выспець і распаўсюдзіцца!
Анатоль ЦЭЙКА,
начальнік Астравецкай райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя